Вы тут

З якімі праблемамі сутыкаецца айчынная ліфтавая гаспадарка?


Шматпавярховую забудову гарадоў нельга ўявіць без гэтых механізмаў. Але, як і любой тэхніцы, ліфтам уласцівы паступовы знос, старэнне і, як вынік, паломкі. А часам пад'ёмнік нават даводзіцца спыняць на пэўны тэрмін з-за неналежнага абслугоўвання. Пра сітуацыю, якая склалася ў ліфтавай гаспадарцы Беларусі, карэспандэнт «Звязды» даведаўся ў начальніка ўпраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дзяржпрамнагляду Пятра Клімко.


Ці магчымыя дэфекты?

— Хутчэй за ўсё зношваюцца ў пад'ёмніку лябёдка і шкіў — адным словам, дэталі, якія пастаянна труцца. Мы ведаем, што некаторыя людзі неахвотна ездзяць у ліфце з-за боязі таго, што кабіна можа ўпасці ў шахту. Але думка гэтая памылковая. Той жа канат мае дванаццаціразовы запас трываласці. А канатаў такіх у ліфце звычайна тры... Ды і каб кабіна насамрэч упала, павінна адначасова супасці вельмі шмат фактараў — катастрафічны знос канатаў, адмова адразу ўсіх лоўнікаў, магутная карозія і дэфармацыя канструкцый. Такое магчыма толькі ў адным выпадку — калі ліфт доўгі час не абслугоўваўся, не рамантаваўся. Інакш кажучы, яго абыходзілі бокам. Ці прыглядалі за ім чыста фармальна. Менавіта таму за ўвесь час, пакуль Дзяржпрамнагляд вядзе статыстыку, пра падзенні кабін ліфтаў у Беларусі звесткі адсутнічаюць. Любая арганізацыя, якая абслугоўвае машыны, абавязкова падкантрольная нам. І дзякуючы такой цэнтралізацыі мы не паўтарылі памылкі Расіі і Украіны, дзе ў ліфтах штогод гіне некалькі дзясяткаў чалавек.

Кожны ліфт праходзіць праз тэхабслугоўванне штомесяц. Раз на год у ім прызначаецца неабходны рамонт і тэхнічны агляд супрацоўнікамі Дзяржпрамнагляду ці арганізацый, якія маюць дазвол Дзяржпрамнагляду на яго правядзенне. Летась яны прыпынілі работу 118 ліфтаў з прычыны няспраўнасцяў, якія маглі паўплываць на бяспеку пасажыраў.

На жаль, прысутнічаюць тут і арганізацыйныя моманты — чамусьці за ліфтам не замацоўваюць адпаведны абслуговы персанал. Калі гэта выяўляецца пры праверцы, то пад'ёмная машына работу часова спыняе.

— Здараецца так, што новы ліфт наладзілі, выпрабавалі, здалі, а пасля запуску ён пачынае перыядычна спыняцца, — працягвае Пётр Клімко. — Тут нічога дзіўнага няма — часцяком проста трэба пачакаць, пакуль усе дэталі пад'ёмніка «прытруцца» адна да адной. Але і якасць абслугоўвання адыгрывае тут далёка не апошнюю ролю. Чамусьці не бярэцца пад увагу і тое, што любы дом пачынае даваць усадку. З гэтай прычыны накіравальныя, па якіх едзе кабіна і якія спачатку былі роўныя, пасля крыху перакрывіліся, і ліфт пачынае шумець падчас язды і прастойваць. Не так даўно да нас звярталіся прадстаўнікі аднаго таварыства ўласнікаў. Прайшло пяць гадоў пасля здачы дома, і за апошнія паўмесяца пад'ёмнік стапарыўся некалькі разоў запар. Аказалася, што справа якраз-такі ў накіравальных. У тым доме 22 паверхі. А чым большы гмах, тым даўжэй ідзе працэс усадкі. Плюс побач з домам пачалі капаць катлаван, каб узвесці новую высотку. І гэта таксама можа ўплываць на стабільную работу ліфта.

Самадзейнасць правакуе пажары

Кабіну тыповага савецкага ліфта памятаюць усе. Чамусьці для яе ўнутранага аздаблення выкарыстоўваліся матэрыялы згаральныя, напрыклад, ДСП ці ДВП. А на падлозе, як правіла, ляжаў лінолеум. Цяжка сказаць, якую мэту пераследавалі тагачасныя праекціроўшчыкі — выгадаць на грашах або зрабіць пад'ёмнік крыху эстэтычным. Вось толькі не ўлічылі яны адно вельмі важнае «але». Ліфт — прыбор электрычны, і пры няякасным абслугоўванні ён можа і загарэцца з прычыны кароткага замыкання. Ды і некаторыя жыхары любяць пакурыць у ім.

У 1990-я гады па краіне пракацілася хваля пажараў у пад'ёмніках. І таму кабіны ўсіх машын, выпушчаных у новым тысячагоддзі, зроблены з незгаральных матэрыялаў. Хоць ад «самадзейнасці» жыхароў не заўжды страхавала і гэта.

— Як вы думаеце, якая сувязь існавала раней паміж пажарамі ў ліфтах новабудоўляў і тэрмінам іх запуску? — пытаецца Пётр Клімко. — Здавалася б, узаемасувязі тут не павінна быць. Разгадка насамрэч вельмі простая. Пасля засялення дома на ліфт кладзецца каласальная нагрузка. Народ пачынае перавозіць літаральна ўсё: мэблю, будаўнічыя матэрыялы, буйнагабарытную тэхніку... А каб не сапсаваць новы пад'ёмнік, яго саматужна абшывалі якім-небудзь падручным матэрыялам, напрыклад, кардонам. Іншае пытанне, чаму гэта праходзіла міма абслуговых арганізацый. Нейкі курэц у ліфце зацягваўся цыгарэткай, іскра ляцела не туды — і ўсё...

Рэгламент Мытнага саюза зробіць ліфты зручнымі...

Кабіна, зробленая з проціпажарных матэрыялаў, — гэта толькі адзін з пунктаў адпаведнага рэгламенту Мытнага саюза, у адпаведнасць з патрабаваннямі якога павінны быць прыведзены ўсе беларускія пасажырскія ліфты да 2020 года. Натуральна, што машыны, зробленыя яшчэ за савецкім часам, сучасным жорсткім стандартам бяспекі не адпавядаюць, бо рабіліся па тагачасных правілах. І нават калі б рэгламент ставіў больш працяглыя тэрміны рэалізацыі, ад масавай замены ўсё роўна нікуды не падзецца — нарматыўны тэрмін службы ў чвэрць стагоддзя адпрацавалі ўжо ўсе савецкія ліфты. На гэта накладваецца яшчэ і тое, што ў 1970-я і 1980-я гады ў Беларусі разгарнулася будаўніцтва цэлых вышынных мікрараёнаў. Да таго ж акцэнты пасля змясціліся ў бок 12-павярховых і нават вышэйшых гмахаў. А ў пад'ездах такіх дамоў стаіць ужо мінімум па два ліфты. Адпаведна, і выдаткі на іх замену таксама істотна ўзрастаюць.

Чаго ж чакаць жыхарам старых дамоў? Па-першае, зручнасці. Існуе жартоўная лагічная загадка пра карліка, які жыў на апошнім паверсе дома і на працу ехаў на ліфце, а калі падымаўся дадому, то некалькі паверхаў быў змушаны ісці пешшу, бо не дацягваўся да патрэбнай кнопкі.

Смех смехам, але вось інвалідам на калясках, якія жывуць у пад'ездах з такімі ліфтамі, не да яго. Асабліва, калі патрэбна, напрыклад, на 11-ы паверх, а кнопкі ў кабіне дружна выстраены ў адзін слупок. Таму панэль кіравання ў кабінах новых ліфтаў будзе размешчана ніжэй.

— Сталі больш жорсткімі патрабаванні да канструкцый лябёдкі, кабіны, дзвярэй, абмежавальнікаў хуткасці... — пералічвае новаўвядзенні Пётр Клімко. — Пад парогамі будуць устаноўлены спецыяльныя шчыты, якія абароняць ад магчымага падзення ў шахту.

Былі выпадкі ў Расіі, калі дзверы на паверсе адчыняліся, а кабіна не прыязджала. Чалавек увагі не звяртаў, ішоў на аўтамаце — і правальваўся ў бездань...

Можна згадаць яшчэ адну асаблівасць старых ліфтаў — пры адключэнні электрычнасці пасажыры ў кабіне раптам аказваюцца ў замкнутай цёмнай прасторы. І як сябе адчуваюць тыя, хто пакутуе на клаўстрафобію? Да таго ж пры адключэнні электрычнасці ў старых ліфтах можа парвацца сувязь з дыспетчарскім пунктам. І як паведаміць пра непаладку? На мабільны тэлефон спадзявацца не варта — яго можа з вамі проста не быць, ды і наўрад ці ў вялікай колькасці людзей туды забіты патрэбны нумар. Таму асвятленне кабін мусіць абавязкова заставацца на такі выпадак.

Сучасныя ліфты спажываюць на 20-30% менш электраэнергіі за сваіх папярэднікаў. Сёння гэта становіцца яшчэ больш актуальным, бо з новага года кампенсацыя выдаткаў на энергію, якую расходаваў ліфт, кладзецца на плечы жыхароў. Ды і выдаткі на пастаянныя рамонты агрэгата таксама зменшацца. Усё-такі ў старым пад'ёмніку запчастак трэба мяняць даволі шмат. А гэта дадатковыя рахункі і за матэрыялы, і за працу. Неўзабаве мы накіруем кіраўнікам аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама лісты з прапановамі наконт замены і мадэрнізацыі ліфтаў.

...Але каб замяніць старыя механізмы, спатрэбіцца 30-40 гадоў?

Менш за чатыры гады засталося да ўступлення ў сілу патрабавання рэгламенту Мытнага саюза аб мадэрнізацыі і замене старых ліфтаў. Але ці паспеюць камунальнікі зрабіць гэта ўсё за час, які застаўся? Прагноз складваецца несуцяшальны. З 41 тысячы пасажырскіх ліфтаў, зарэгістраваных у Дзяржпрамнаглядзе, нарматыўны тэрмін адпрацавалі крыху больш за 14 тысяч машын. А летась было запланавана спісаць «на пенсію» ўсяго 431 ліфт. Гэта толькі тры працэнты ад агульнага ліку састарэлых машын! Прычым і ён на месцы не стаіць, а пастаянна папаўняецца пад'ёмнікамі, якія запрацавалі ўжо на пачатку 1990-х гадоў. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Нават такія сціплыя планы замены былі выкананы не да канца з-за недахопу сродкаў. Толькі 347 ліфтаў былі заменены на новыя. І калі сітуацыя ў найбліжэйшы час кардынальна не пераменіцца, то з такімі тэмпамі замяніць усе старыя машыны па Беларусі можна будзе толькі за 30-40 гадоў. Пры гэтым трэба ўлічыць, што кожны такі ліфт ужо адпрацаваў чвэрць стагоддзя.

І як будуць выходзіць з гэтай сітуацыі?

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Правілы пад'ёму

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.