Вы тут

«Старое рэчышча»


Паважаная рэдакцыя! Просім патлумачыць гісторыю паходжання назваў вёсак Закур'е і Калмакі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.

Чырвонараніцкая сельская бібліятэка.

Бібліятэкары Алена Медзюк, Таццяна Гурко.


На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

Вёска Закур'е ў мінулым мела іншую форму сваёй назвы. У дакументах канца XVІІІ стагоддзя яна ўпамінаецца як вёска Закуры. У той час яна была ва ўладанні езуітаў, адносілася да маёнтка Пачаевічы Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У «Слоўніку геаграфічным Каралеўства польскага і іншых краёў славянскіх», апублікаваным у канцы XІX стагоддзя, на тэрыторыі Сеньскага (Сенненскага) павета, гміны Лукомль, значыцца вёска Zakurze (Закужэ). Адзначаецца, што ў той час у ёй было 39 дамоў, у якіх жыло 156 чалавек. Навукоўцы, у прыватнасці прафесар В.А. Жучкевіч, схіляюцца да думкі, што назва Закур'е — гэта тапонім-арыенцір. Яна ўказвае на паселішча, што знаходзіцца за кур'яй. Кур'я, на думку прафесара, — гэта геаграфічны тэрмін, які абазначае пакінутае ракой рэчышча, пачатковая стадыя ўтварэння старыцы. Сапраўды, у рускіх народных гаворках, у асноўным на поўначы і ў Сібіры, слова кур'я прадстаўлена даволі шырока ў значэнні «доўгі вузкі заліў ракі, а таксама «неглыбокі рукаў ракі», «старое рэчышча». Паказальна, што і ў старажытнарускай мове засведчана слова кур'я ў значэнні «заліў, завадзь». Вядомы этымолаг М. Фасмер выводзіць паходжанне гэтага слова з фіна-ўгорскіх моў: комі kurja «заліў», фінская kuru «баразна». Улічваючы, што ў тапаніміі Беларусі, асабліва на Віцебшчыне, фіна-угры пакінулі значны след, гэту версію паходжання назвы вёскі можна разглядаць як цалкам верагодную. Праўда, выклікае пытанне адносна позняе згадванне паселішча ў пісьмовых крыніцах, што дае падставы шукаць іншыя версіі. Калі браць пад увагу пачатковую форму назвы Закуры, то гіпатэтычна можна дапусціць два шляхі. Паводле першага, назва магла быць родавай, утварыцца ад заснавальніка роду з імем-мянушкай Закур, а пасля трансфармавацца ў Закур'е. Паводле другога шляху, у мінулым мог існаваць геаграфічны аб'ект з назвай Куры, які і паслужыў арыенцірам для назвы паселішча. Аднак абедзве гэтыя версіі малаверагодныя з той прычыны, што ў іменаслоўнай сістэме беларусаў не засведчана прозвішча Закур, як і няма ніводнага тапоніма з асновай Куры.

Вёска Калмакі ўпамінаецца ў канцы XVІІІ стагоддзя як езуіцкае паселішча, адносілася да маёнтка Пачаевічы Аршанскага павета. У пачатку XX стагоддзя паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Расійскай імперыі паселішча належала да Лукомльскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Энцыклапедычныя крыніцы змяшчаюць скупыя звесткі пра вёску. Дагэтуль не высветлена паходжанне назвы. Можна дапусціць дзве версіі. Паводле адной з іх, множналікавая форма наймення ўказвае на тое, што паселішча заснавалі сыны, нашчадкі чалавека з мянушкай Калмак. Верагодна, мянушка звязана са словам калматы, якое ў гаворках мае значэнне «ўскудлачаны, непрычасаны». Нельга выключыць версію, што калмаком маглі называць калманогага (кульгавага) чалавека. Паводле другой версіі, утварыцца назва магла на падставе геаграфічных тэрмінаў. У гаворках паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча, да якіх адносяцца і гаворкі Чашніцкага раёна, сустракаецца слова халмак у значэнні «ўзгорак», а таксама халмачок — «невялікі ўчастак лесу». Магчыма, гэта асаблівасць рэльефу мясцовасці або наяўнасць лесу паблізу месца пасялення паслужылі асновай наймення вёскі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.