Вы тут

Аліна Длатоўская. Арнаменты. Урывак


Аліса ляжала на траве і, выставіўшы пад промні худзенькія ногі, разглядала праз сонечныя акуляры яркія летнія нябёсы. Яна ўжо некалькі разоў бралася чытаць кнігу, але штораз адкладала яе. Паглыбіцца ў містычны сусвет прыгод не дазваляў неспакой за малодшую сястру. Цяпер Агеньчык цэлымі днямі недзе бадзяецца з новым сябрам — шэрым дваровым катом. Тут, у вёсцы, надта шмат свабоды для малой. З кожным днём яна робіцца больш гарэзлівай і свавольнай. На пытанне «Чаму ў ката мужчынскае імя?» малая адказвала: «Таму што яго так завуць». На пытанне: «Ты дзе была?» адказвае: «Там». Аліса павінна была даглядаць малодшую сястру, таму паводзіны малой яе вельмі непакоілі.

Ката да Алісы малая чамусьці не падпускала, а як толькі ён набліжаўся, сурова заўважала: «Не заляцайся!» Спаць у хату яго таксама не запрашала. Аліса, вядома, была рада, але здзіўлена. У горадзе Агеньчык увесь час цягала дадому розных брудных коцікаў ды блыхастых шчанюкоў. А старэйшая сястра, ясная справа, была вымушана шукаць ім новых гаспадароў сярод сваіх сяброў, бо мама была катэгарычна супраць любых свойскіх жывёлін. Нават рыбак.

Дзяўчына пастукала пазногцікамі па вокладцы кнігі, цяжка ўздыхнула і ўзнялася. Трэба знайсці малую ды пачынаць гатаваць абед.

Агнія сядзела на галіне яблыні, даволі высока, і целяпала ножкамі ў жоўтых кедах, чухаючы адной рукой кату за вухам. Алісу здіўляла, што ў звычайнага вясковага ката адно вуха чорнае. Яна бачыла катоў розных колераў, але ў гэтым было нешта асаблівае. Хоць яго расфарбоўка турбавала яе менш, чым адлегласць Агніі да зямлі.

— О, Аліса, прывітанне!

— Ты як туды патрапіла?

— Юрась мяне падсадзіў.

— Тады хай ён цябе адтуль і здымае! Што вы там увогуле робіце?

Аліса злавалася ўсё больш. Няўжо яна дзесяць гадоў таму таксама так мала думала галавой і так шмат рызыкавала здароўем? А калі малая саслізне? Ці галіна зламаецца? Яе будзе Юрась лавіць?

— Юрась распавядае мне розныя цікавінкі.

— На зямлі яны б гучалі недастаткова цікава?

Малая не пачула іроніі ў яе словах і сур'ёзна згадзілася:

— Ну, але... Ведаеш, акрамя Хатніка, аказваецца, ёсць яшчэ Хлеўнік. Ён жыве ў хляве.

— Угу. Дай-ка здагадаюся: ён даглядае свойскую жывёлу?

— Не толькі! Калі яго не паважаць, дык ён, наадварот, крыўдзіць жывёлу, кудлаціць, заблытвае поўсць, крадзе сена. І яшчэ малако ў кароў!

— Неверагоднае паскудства. Ты збіраешся злазіць?

Цікава, ці хопіць ёй моцы зняць або злавіць сястру? Мо ўскараскацца за ёй на дрэва?

— А ведаеш, як пазбавіцца ад яго?

— І як жа? Папырскаць свянцонай вадой?

— Не. Трэба павесіць над дзвярыма хлява забітую сароку, — пагрозлівым і жудасным тонам вымавіла малая.

— Фу, Агеньчык, што за вар'яцтва? Дзе ты гэтага набралася?

— Юрась расказаў. Ён ведае, як пазбавіцца ад любога нячысціка.

Ну вядома, зноў гэты кацяра! Чаго яна да яго так прычапілася? І чаго ён за ёй цягаецца, замест таго, каб мышэй лавіць?

— Можа, ён тады паведаміць, як пазбавіцца ад яго самога?

Кот фыркнуў амаль пакрыўджана, нібы зразумеў яе словы.

— Я не хачу ад яго пазбаўляцца! Ён забаўны, і ён мне падабаецца. І табе спадабаўся б, калі ты перастала б быць такой упартай. Ён, між іншым, сапраўдны прыгажун.

Кот вадзіў лапкай па пысцы, нібы бянтэжыўся. Ды не, ён проста ўмываўся.

— Я не настолькі старая, каб ты прапаноўвала мне ў пару ката.

— Ён не кот.

— Ну канешне.

— Чаму ты мне не верыш?

— А ў што я павінна верыць? У тое, што гэты шэры блыхасцік — насамрэч прыгажун-юнак, які ўмее змагацца з нячысцікамі? Хочаш так лічыць — на здароўе, але мяне ў свае гульні не ўблытвай. А яшчэ, каб ты ведала, каты ўмеюць толькі залазіць на дрэвы, але не злазіць, — з гэтымі словамі Аліса пайшла дадому, так і не зняўшы сястру.

— Зусім гэта не гульня, — пачулася ўслед. — А Юрась — не кот!

Няўжо яна ў дзяцінстве таксама так дрэнна размяжоўвала рэальнасць і фантазіі? Няўжо яна таксама знаходзіла сяброў сярод жывёл, цацак і раслін? І наколькі гэта ўвогуле нармальна? Можа, за малую ўжо варта пачынаць хвалявацца? З іншага боку, яна і сама дагэтуль уцякае ў свет фантазій, калі чытае кнігі. Ці моцна гэта адрозніваецца ад Агеньчыкавых прыдумак? Дык калі яна дапускае існаванне фантастычных сусветаў на старонках, чаму не можа існаваць такі ж сусвет у галаве яе малодшай сястры?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.