Я з таго пакалення, якое заспела часы дэфіцыту. Памятаю, як людзі хадзілі ў крамы са слоікам, каб купіць смятану на вагу, як стаялі ў чэргах па каўбасу, цукар ці нават малако і хлеб; як радаваліся, калі на прадпрыемствах выдавалі наборы дэфіцытных прадуктаў, і як штурмаваліся крамы, дзе на прылаўках з'яўляліся зялёныя бананы. А сёння мы маем настолькі насычаны рынак, што даводзіцца шмат часу змарнаваць, каб навучыцца ў ім арыентавацца. Ці ўмеем мы прадумваць свой рацыён, выбіраць якасныя прадукты? Ці ведаем, як выкарыстоўваць ці падаваць на стол нетрадыцыйныя для нашай краіны прадукты? Ці чытаем этыкеткі і ўмеем расшыфроўваць на іх надпісы?
Танныя — значыць менш карысныя?
Сёння ў якасці эксперта, які можа даць нам карысныя парады па выбары прадуктаў, без якіх наўрад ці абыходзіцца якая сям'я беларусаў, мы запрасілі дырэктара Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Аляксея Меляшчэню. У час гутаркі высветлілася, што нашых спажыўцоў сапраўды трэба выхоўваць, бо ад іх выбару залежыць, што будзе трапляць у гандлёвую сетку.
Беларусы спажываюць за год 80 кг на чалавека мясных вырабаў і ў межах 260-280 кг малака і малочных прадуктаў. І айчынныя вытворцы гатовы выпускаць для іх любую прадукцыю. Можа, пакуль на нашым рынку і нельга знайсці, напрыклад, хамон, папулярны ў Іспаніі. Але нашы заводы маглі б і яго вырабляць, калі б на такі прадукт — даволі дарагі і нязвыклы для беларусаў — знайшоўся спажывец.
На жаль, даволі часта людзі выбіраюць не самыя карысныя прадукты. Напрыклад, мясныя прадпрыемствы прапануюць шэраг разнастайных паўфабрыкатаў і гатовы далей развіваць гэту нішу, але зрух у бок спажывання падобнай прадукцыі невялікі. У нас больш, чым у Еўропе, гаспадыні набываюць каўбасных вырабаў. Можа, гэта сведчыць пра ляноту і нежаданне шмат часу чараваць ля пліты з мясам? Ці мы проста набываем тое, што танней і да чаго прызвычаіліся? Але нават тую ж вараную каўбасу трэба ўмець выбіраць.
— Тры гады назад мы ўвялі ў стандарт гатунак варанай каўбасы «экстра» — па сутнасці, гэта тыя каўбасныя вырабы, якія вядомы старэйшаму пакаленню і ствараюцца на аснове савецкага дзяржаўнага стандарту 1979 года. Тут выкарыстоўваецца добрая сыравіна, не прымяняецца вялікай колькасці дабавак. Вядома, каўбасы гатунку «экстра» даражэйшыя, але таму, што працэнтная колькасць мяса тут вышэйшая, і сыравіна (ялавічына ці свініна) лепшая, чым у іншых вырабах, — заўважае Аляксей Меляшчэня. — Я парэкамендаваў бы спажыўцам пры выбары сасісак ці сардэлек звяртаць увагу на прадукцыю, на якой пазначана, што яна вырабляецца для дзіцячага харчавання. Патрабаванні да яе больш жорсткія і па якасці сыравіны, і па наяўнасці розных рэчываў. Праўда, каштуе яна крыху даражэй, але гэта апраўдана — тут выкарыстоўваецца лепшая сыравіна. Аб'ёмы такой прадукцыі невялікія толькі таму, што пакупнік часта выбірае тое, што танней. Акрамя таго, на дзіцячай прадукцыі меншыя тэрміны прыдатнасці, што не зусім прымальна для гандлю.
— Ці азначае гэта, што больш танныя прадукты менш карысныя?
— Не зусім так. Згадаем вырабы з выкарыстаннем субпрадуктаў — напрыклад зельцы, сальцісоны. Яны параўнальна недарагія, але праз колькасць калагену вельмі карысныя для людзей старэйшага пакалення, асабліва тых, што маюць праблемы з суставамі. Але што да каўбас, сапраўды, пры вытворчасці больш дарагіх мясных прадуктаў выкарыстоўваецца сыравіна, больш каштоўная з пункту гледжання хутчэй смакавых пераваг (па колькасці бялку розніца не істотная), якая лепш засвойваецца.
Эксклюзіўнае мяса бабра
— Чаму беларускія мясныя і малочныя прадукты так падабаюцца суседзям?
— Нашы прадукты папулярныя ў Расіі, Украіне таму, што прадпрыемствы стараюцца мінімізаваць, наколькі магчыма, прымяненне харчовых дабавак, замяняльнікаў тлушчаў і г.д. І прамысловасць з вялікім задавальненнем будзе прапаноўваць прадукты натуральныя, нават зусім без дабавак, калі спажывец будзе выбіраць такую прадукцыю.
— Атрымліваецца, спажывец сам стымулюе вытворчасць ненатуральнай прадукцыі?
— Праблемай становіцца ўсё большае прымяненне ўзмацняльнікаў смаку. Мы актыўна гэтаму супраціўляемся, але, тым не менш, не можам спыніць. На жаль, штодзень спажыўцы (асабліва гэта бяда маладога пакалення) атрымліваюць узмацняльнік смаку з розных прадуктаў. Ён збівае смакавыя ўспрыманні і выклікае прывыканне. Людзі спецыяльна пачынаюць шукаць такія прадукты. Безумоўна, ніякай карысці арганізму няма і ад фарбавальніку, але многія спажыўцы выбіраюць мясную прадукцыю, на іх погляд, больш прывабную. Чым яна ярчэйшая, прыгажэйшая — тым больш дабаўлена фарбавальнікаў, кансервантаў і г.д. У натуральным выглядзе зваранае мяса шэрае, і з нашага пункту гледжання менш прыгожае. Праўда, існуюць і пэўныя прыёмы, як зрабіць яго прыгажэйшым. Напрыклад, замест нітрыту натрыю выкарыстоўваецца аскарбінавая кіслата.
Трэцяя некарысная група — кансерванты. Зразумела, тое, што забівае маленькую бактэрыю, у вялікіх дозах шкодзіць і здароўю чалавека. Гандлёвыя прадпрыемствы ўносяць сваю лепту ў развіццё гэтых нядобрых тэндэнцый, ім патрэбны прадукты, якія будуць доўга захоўвацца. Чым большы тэрмін прыдатнасці, тым карыснасць прадукцыі ніжэйшая альбо тым больш прыменена стабілізатараў, кансервантаў, загушчальнікаў, якія перашкаджаюць яе псаванню. За кошт прымянення тэхнічных прыёмаў, правільнай арганізацыі вытворчасці можна дасягнуць пэўных тэрмінаў прыдатнасці. Для мясных прадуктаў, паўфабрыкатаў і вараных каўбас тэрмін прыдатнасці — да 30 сутак, для вэнджаных і сыравяленых каўбас 3-5 месяцаў. Безумоўна, выкарыстанне дабавак рэгламентуецца. Але праблема ў тым, што мы можам спажываць іх кожны дзень і з розных прадуктаў. Мы і нашы калегі медыкі заўсёды рэкамендуем звяртаць увагу на ўпакоўку, у нашай краіне жорсткія патрабаванні да яе. Там усё распісана: чым карацейшы спіс складнікаў, тым прадукт больш натуральны.
— Ці праўда, што ў найбліжэйшы час беларусы змогуць пакаштаваць мяса бабра?
— Так, мы распрацоўвалі дакументацыю па гэтай прадукцыі, праводзілі комплексныя ацэнкі. Але такая прадукцыя не можа быць масавай, хутчэй — эксклюзівам. Магчыма, мяса бабра будзе выкарыстоўвацца пры вырабе асобных відаў паляўнічых каўбасак. Калі ў пэўных мясцінах гэты звер наносіць шкоду і адстрэльваецца, паляўнічым даводзіцца думаць, што з ім рабіць. Гэтак жа мы стваралі дакументацыю на мяса лася, казулі, дзіка.
Чытайце этыкеткі!
— Чаму такія дарагія нашы сыры?
— Для вытворчасці кілаграма сыру патрэбна прыкладна 10 літраў малака. Калі падлічыць, атрымаецца, што цэны адэкватныя. І сыроў беларусы сталі больш спажываць. У часы Савецкага Саюза ў нашай краіне іх выраблялася да 40 тысяч тон, цяпер амаль 170 тысяч, і, думаю, лічба давядзецца да 200 тысяч тон. Але калі вытворчасць вырасла ў 4-5 разоў, спажыванне на ўнутраным рынку — толькі на 30 працэнтаў. Між іншым, гэта вельмі карысны прадукт — засваенне кальцыю з сыру амаль 97 працэнтаў, з тварагу — 95.
— Як беларускія вытворцы выхоўваюць густы спажыўца?
— Сёння прадпрыемствы па сваім узроўні тэхнічнага развіцця, кадравым патэнцыяле гатовыя, па сутнасці, выпускаць любую прадукцыю, якая ёсць у малочным свеце. Многае ўпіраецца ў попыт. Так, мы развіваем лінейку сыроў з цвіллю. Сёння ў нас амаль няма сваіх мяккіх сыроў, але мы вырабляем падобны па спосабу вытворчасці і смакавых характарыстыках прадукт — тварог (дарэчы, нехарактэрны для Еўропы, як і смятана, ражанка, прастакваша). Былі спробы запусціць на нашым рынку безлактозныя ці малалактозныя прадукты (у Еўропе яны папулярныя). Мяркую, падобная карысная і неабходная людзям з праблемамі, якія тычацца засваення малочнага цукру, прадукцыя на нашым рынку яшчэ зойме годнае месца. Складана сказаць, што ў нас няма нейкай прадукцыі, як, напрыклад, у Еўропе, на якую ёсць попыт. Апошнія 5-7 гадоў доля спажывання імпартных малочных прадуктаў у Беларусі складае ўсяго 2-3%, пераважна гэта тычыцца сухіх сумесяў для дзіцячага харчавання, асобных відаў сыроў і ёгуртаў.
— Якую прадукцыю выбіраць для дзяцей?
— Прадукт для дзяцей павінен змяшчаць на сваёй маркіроўцы выраз «для дзіцячага харчавання». На ёгуртах могуць быць яркія малюнкі, памяншальныя назвы, якія прывабліваюць малых, але калі на ім не пазначана, што гэта прадукцыя для дзяцей, лепш пашукаць іншы тавар. Гэта можа быць у цэлым і нядрэнны прадукт, але тыя вельмі жорсткія патрабаванні, што тычацца дзіцячай прадукцыі, на яго не распаўсюджваюцца. Там можа быць празмерная колькасць кальцыю, які не будзе засвойвацца. Трэба звяртаць увагу на тэрміны прыдатнасці. Для прадуктаў ёгуртнай групы дзіцячага харчавання — у межах да двух тыдняў, для дзяцей з года да трох — не больш за 10 дзён. Звяртайце увагу на айчынную прадукцыю — вы не сустрэнеце падобных беларускіх малочных прадуктаў, у якіх тэрмін прыдатнасці 40 дзён. А ў імпартных ёгуртах з тэрмінам прыдатнасці 60 сутак і болей нічога карыснага вы не знойдзеце.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.