Вы тут

Спакой сталіцы і ў жаночых руках


Сняжана Барычэўская — гонар 5-га ўзвода палка ППСМ ГУУС Мінгарвыканкама. Яна — першая і адзіная дзяўчына ў Партызанскім раёне сталіцы, якая працуе на аўтапатрулі. Сяржант міліцыі расказвае, як яе прынялі калегі-мужчыны, тлумачыць, чаму на службе асноўная прычоска — хвост, узгадвае самыя «яркія» дзяжурствы і дзеліцца задумкамі наконт свайго вяселля.


Свая сярод мужчын

— Добра, што не спазніліся, — звяртаючыся да нас з фотакарэспандэнтам, кажа Сняжана. — У панядзелак раніцай працы няшмат, але быць напагатове трэба заўсёды.

Дзяўчына спрытна заскоквае ў добра ўсім знаёмы «УАЗік» і поглядам прыспешвае нас. Мы ж, у сваю чаргу, яшчэ толькі намагаемся адкрыць дзверы службовай машыны.

— Наконт маёй кандыдатуры ў кіраўніцтва было шмат пытанняў, а вашы, напэўна, і ўвогуле не разглядалі б, — усміхаецца Сняжана.

Пра тое, як яна сама патрапіла ў міліцыю, дзяўчына расказвае з задавальненнем. Усё пачалося з дзіцячай мары ў пятым класе. Маўляў, буду слабых абараняць. Целасклад і фізічныя даныя дазвалялі.

— Мой бацька і дзед таксама пагоны насілі. Яны ніколі не казалі, што служба — гэта лёгка, але добра ведалі і рабілі сваю справу. На маё жаданне вучыцца ў Акадэміі МУС мужчынская частка сям'і адрэагавала станоўча, жаночая была супраць. Бабуля бачыла ўнучку толькі ўрачом, мама — настаўніцай, — згадвае дзяўчына.

Сняжана паступіла ў жаданую навучальную ўстанову на завочнае аддзяленне. Два гады яна шукала працу па спецыяльнасці, але ў родным Пінску вакансій для дзяўчыны не было. Каб не сядзець без справы і, зразумела, без грошай, яна паралельна скончыла курсы бармэна-афіцыянта і нейкі час падзарабляла ў кавярні.

— Прыязджаючы на сесію ў Мінск, я і тут аббівала парогі аддзяленняў міліцыі. Зразумела, мне не хапала прафесійнай адукацыі, плюс — я дзяўчына, але так хацелася працаваць. Нарэшце маё неўтаймоўнае жаданне заўважылі, — дзеліцца сяржант міліцыі.

Заўважылі таксама здольнасць і байцоўскі характар дзяўчыны. Праз паўгода Сняжану пачалі ставіць старшай на дзяжурствах аўтапатруля. Гэта, трэба сказаць, быў нонсэнс.

— Мы спачатку былі шакаваныя тым, што прыйдзецца працаваць з жанчынай, — уступае ў размову Максім Ганчароў, міліцыянер-кіроўца 5-га ўзвода палка ППСМ. — Што яна можа? І так спраў безліч, а тут яшчэ нянькай зрабіць хочуць! Няхай лепей паперы ў цёплым пакоі перабірае! — расказвае напарнік Сняжаны. — Кіраўніцтва тут, вядома, рызыкнула, але ўпэўнены, сёння не шкадуе.

«Сёлета Сняжана асабіста раскрыла два рабаванні і затрымала злачынцу, які знаходзіўся ў вышуку. Такія вынікі не кожны старажыл паказвае. Сняжана вельмі працавітая і дысцыплінаваная», — характарызуе нашу гераіню намеснік камандзіра палка ППСМ ГУУС Мінгарвыканкама, маёр міліцыі Дзмітрый Міхалевіч.

Раніца панядзелка сапраўды выдалася ціхай. Тэлефон у дзяжурнай часці маўчыць. Значыць, на вуліцах горада спакойна. Дарэчы, аўтапатруль, да якога мы з фотакарэспандэнтам далучыліся, заўсёды ў дарозе. За змену службовая машына можа праехаць каля 150 кіламетраў.

— Вось тут, — паказваючы на стары пакінуты дом, гаворыць Сняжана — амаль кожны вечар можна знайсці нашых пастаянных кліентаў — людзей без пэўнага места жыхарства, наркаманаў. Кантынгент, як вы разумееце, не самы прыемны, але спраўляемся. Мне напарнікі не патураюць, прыйшла працаваць — працуй. Я сама, калі трэба, плячо таварышу падстаўлю.

Размовы для дамовы

Першы і апошні за нашу нядоўгую з фотакарэспандэнтам «змену» парушальнік грамадскага парадку чакаў нас на аўтобусным прыпынку. Мужчына гадоў пяцідзесяці так расслабіўся пасля начной змены, што ледзьве трымаўся на нагах. Пакідаць яго тут — небяспечна. Людзі ў нецвярозым стане — патэнцыйныя ахвяры зладзеяў і хуліганаў.

— Колькі вы выпілі, — пытаецца Сняжана ў нашага новага «спадарожніка». — І калі толькі паспелі?

У адказ чулася нешта кшталту «ды я першы раз», «гэта выйшла выпадкова», «больш такога не паўторыцца».

Дзяўчына кажа, што за год службы перастала верыць у гэтыя кракадзілавыя слёзы. Так, ёсць людзі, якія сапраўды спрабуюць жыць па-новаму, але іх няшмат. Часцей за ўсё, калі папаўся адзін раз, будзе і другі. У арганізме нашага «кліента», дарэчы, аказалася 3,5 праміле алкаголю.

— Я заўсёды спрабую зразумець чалавека, пагутарыць з ім. Добра памятаю восеньскую ноч, калі мы з Максімам бабулю гадоў 80 ад суіцыду выратавалі.

Жанчына сама з Бабруйска. З інтэрната для састарэлых яна збегла ў адных тапках і паліто. Чаму Мінск? Са сталіцай ва ўраджэнкі Літвы звязаныя добрыя ўспаміны. Калісьці разам з нябожчыкам-мужам яны прыязджалі сюды і гулялі па парку імя Горкага. Вось менавіта там бабуля і збіралася звесці рахункі з жыццём, — расказвае Сняжана — Якія я толькі словы ні падбірала, якім тонам ні гаварыла, пакуль напарнік ціхенька падкрадваўся да жанчыны ззаду! І ведаеце, яна пачала не проста слухаць, а нават размаўляць са мною. У той момант я разумела, што, калі спатрэбіцца, скокну за ёй у ваду. На шчасце, не прыйшлося.

— Яе адвазе і вытрымцы і мужчыны могуць пазайздросціць. Але пры гэтым Сняжана не губляе сваёй жаноцкасці! Ведаеце, як яна добра гатуе? Мне часта смачныя піражкі перападаюць! А якое цудоўнае пачуццё гумару ў маёй напарніцы! — гаворыць Максім.

Было прыкметна, як пры словах калегі сяржант міліцыі Барычэўская пачала бянтэжыцца.

Сняжана расказала выпадак, які абурыў яе не столькі як супрацоўніка міліцыі, колькі як жанчыну. Летась, дзесьці ў ліпені, прыйшлося ратаваць дзіця. Маці пакінула хлопчыка ў машыне, а сама на дзве гадзіны сышла ў банк. Малога перадалі ўрачам — абышлося. Але твар маці, якая не адчувала сябе вінаватай, дзяўчына запомніць надоўга.

Без лішніх акцэнтаў

— На абцасах не вельмі зручна ў нашай «карэце»? — гледзячы на мой абутак, кажа Сняжана. — Пра яркі манікюр, чырвоную памаду і распушчаныя валасы тут таксама лепей забыць. Часта чую ад «кліентаў»: «Жанчына не будзе мной камандаваць! Зусім з глузду з'ехалі: дзяўчыну на разборкі са здаровым мужыком пасылаюць! Гэта проста знявага!» і гэтак далей. Таму лішняя акцэнты на касметыцы тут непатрэбныя. А валасы не павінны закрываць пагоны. Таму ідэальная прычоска — хвост.

У жніўні Сняжана выходзіць замуж. Тут будзе ўсё па-дзявочаму: туфлі, фата, сукенка. Да свята амаль усё ўжо гатова. З будучым мужам Сняжана пазнаёмілася ў Пінску.

— Ён доўга не рашаўся да мяне падысці. Казаў, я вельмі сур'ёзная. Таму першы крок зрабіла я. Дапамагла яму, — жартуе дзяўчына.

Мінулым летам Сняжана заняла першае месца ў чэмпіянаце ГУУС Мінгарвыканкама па стральбе з табельнай зброі ў практыкаванні ЗМ-5.

Дзяўчына сама не чакала такога выніку, але пасля ашаламляльнай перамогі вырашыла да спаборніцтваў у гэтым годзе падрыхтавацца яшчэ лепш. Захапляецца Сняжана таксама і паляваннем. На Палессі дачка і бацька не раз ладзілі сапраўдныя ўнутрысямейныя паядынкі.

Сняжана вельмі многа кажа пра чалавечнасць, адказнасць і падзяку. На працы, як і ў жыцці, без гэтага нікуды.

— Вельмі важна, каб у твае сілы паверыў настаўнік. Мне з Мікалаем Міхайлавічам Трапянюком пашчасціла. Ён спакойна адказваў на ўсе мае, часам нават і недарэчныя, пытанні, — дзеліцца Сняжана. — Вопытныя супрацоўнікі кажуць, што мой агонь у вачах згасне прыкладна праз гадоў дзесяць інтэнсіўнай працы. Маўляў, пакуль маладая, зялёная — працуй. Або мяне проста «з'есць» дэкрэт. І з першым, і з другім я паспрачалася б. Мы самі выбіраем тое, што нам сапраўды патрэбна. Зараз, напрыклад, я вельмі хачу стаць афіцэрам, — дзеліцца марамі дзяўчына.

На маё пытанне, ці цяжка жанчыне ў мужчынскай прафесіі, Сняжана адказала, што не бачыць той мяжы, якую ўсе малююць. Мабыць, у мастака фарбы дрэнныя? Або гавораць пра гэта толькі тыя, хто не працаваў з дзяўчынай-міліцыянерам, якая лічыць сваю справу прызваннем.

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Калі справа — прызванне, або Спакой сталіцы і ў жаночых руках

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.