Вы тут

Як Мінадукацыі з прафсаюзам шукае адказы на няпростыя пытанні?


«Мне б хацелася, каб наш прафсаюз быў больш прынцыповы ў адстойванні агульных пазіцый, паколькі праблем у галіне адукацыі пакуль хапае. Нельга дапускаць, каб СМІ нападалі на педагогаў. А прафсаюз — гэта рэальны памочнік настаўнікаў. Дык давайце разам адстойваць гонар і годнасць сістэмы адукацыі і ўзнімаць у грамадстве прэстыж прафесіі педагога!» — такую думку выказаў на калегіі, прысвечанай падпісанню пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады, міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.


Педагогіка ці армія?

Кіраўнік галіны ўпэўнены, што вельмі да месца была б дапамога прафсаюзнай арганізацыі маладым спецыялістам — паколькі заробкі ў пачаткоўцаў даволі сціплыя, да таго ж ім часта даводзіцца здымаць па месцы свайго размеркавання жыллё.

У 2013—2015 гадах ва ўстановы адукацыі было накіравана па размеркаванні больш як 15 тысяч выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю: у 2013 годзе — 4730 чалавек, у 2014 годзе — 5071 чалавек і летась — 5536.

— Пытанні па замацаванні маладых спецыялістаў і іх сацыяльнай падтрымцы знаходзяцца на пастаянным кантролі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, — запэўнівае намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА. — Прычым у кожным рэгіёне свой досвед...

Да такіх мер сацыяльнай падтрымкі адносяцца частковая аплата за арэнду жылля, арганізацыя бясплатнага праезду або частковая аплата праезду, прадастаўленне дадатковага водпуску, павышэнне тарыфных ставак (акладаў) на 10%, штомесячныя даплаты ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, садзейнічанне ў атрыманні льготных крэдытаў на набыццё хатняй маёмасці, тавараў першай неабходнасці выпускнікамі, што працуюць па размеркаванні не па месцы жыхарства бацькоў,і гэтак далей.

Як вынік — цякучасць кадраў сярод маладых спецыялістаў пасля двухгадовай адпрацоўкі не перавышае цяпер 6—8%. «Але, на наш погляд, і 8 працэнтаў — гэта ўсё ж такі зашмат», — канстатавала Раіса Сідарэнка.

Прадстаўнікі прафтэхшколы засяродзілі ўвагу яшчэ на адной праблеме — сыходзе з сістэмы прафтэхадукацыі маладых спецыялістаў пасля службы ў арміі. У сярэднім сталічныя ўстановы прафтэхадукацыі прымаюць кожны год на працу па размеркаванні тры-чатыры маладыя спецыялісты. Але хтосьці з хлопцаў трапляе ўжо пад восеньскі прызыў у войска, а хтосьці — вясной. Такім чынам, яны паспяваюць адпрацаваць усяго некалькі месяцаў, а вось «заразіцца», прасякнуцца педагогікай не паспяваюць. Падчас службы іх мысленне і бачанне свету моцна змяняюцца, многія застаюцца потым служыць у спецпадраздзяленнях... Цякучасць кадраў сярод маладых майстроў у прафтэхустановах даходзіць да 90% (!). Прагучала прапанова: або даваць маладым майстрам, што працуюць у прафтэхустановах, адтэрміноўку (такую ж адтэрміноўку атрымалі некалі падчас будаўніцтва ў сталіцы сур'ёзных аб'ектаў муляры), або залічваць іх адразу ў запас.

Прынцыповае стаўленне да кадраў

Найважнейшай задачай застаецца павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў. Вышэйшую адукацыю сёння маюць 58,8% педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, 92,8% педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 66,5% работнікаў устаноў спецыяльнай адукацыі, 98,4% выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 99,3% выкладчыкаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 17,1% педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, 38% — агульнай сярэдняй, 21% — спецыяльнай адукацыі, 36,3% выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і 38,2% выкладчыкаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

А кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст», якая прысвойваецца па выніках атэстацыі найлепшым настаўнікам, маюць ужо 120 педагогаў. Для параўнання: у 2013 годзе педагогаў, якія змаглі даказаць атэстацыйнай камісіі свой «вышэйшы пілатаж» у прафесіі, былі 34 чалавекі. У той жа час, як канстатавала Раіса Сідарэнка, ёсць і праблемы.

— Прывяду адзін прыклад. На працягу мінулага года мы разам з прафсаюзам актыўна займаліся прадастаўленнем магчымасці атрымання другой катэгорыі выхавальнікам дашкольных устаноў, якія не маюць профільнай адукацыі. Міністэрствам адукацыі зроблены ўсе неабходныя крокі: падрыхтаваны змены ў Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых, якія прадугледжваюць магчымасць прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі такім выхавальнікам — пры ўмове засваення імі зместу адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі па профілі «Педагогіка» (напрамак «Педагогіка дзяцінства»). Распрацаваны праграмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі па скарочаным тэрміне, — паведаміла Раіса Сідарэнка. — Наколькі мы змаглі прайсці наперад у гэтым пытанні?

Агульная колькасць выхавальнікаў, якія не маюць адукацыі па профілі, складае па краіне 11 185 чалавек. А перападрыхтоўку выказаў жаданне прайсці 1 471 педагагічны работнік. Ці можна лічыць такі вынік аптымальным? 1,5 тысячы з 11 тысяч?

Мяркую, гэта той выпадак, калі без нашай сумеснай з прафсаюзам працы мы наперад наўрад ці зрушымся. А падвяргаць сумненню неабходнасць працы кваліфікаванага, граматнага педагога немагчыма ў прынцыпе. Урэшце, ад іх залежыць жыццё і бяспека нашых дзяцей!

Самы галоўны здабытак сістэмы адукацыі — гэта людзі, якія працуюць у сістэме, падкрэсліла Раіса Сідарэнка. Вынікі іх працы павінны быць заўважаны, і словы ўдзячнасці сказаны своечасова! Толькі за мінулы год за выніковую працу ў сістэме адукацыі і значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне моладзі дзяржаўныя ўзнагароды (ганаровыя званні, ордэны і медалі) былі ўручаны 49 работнікам сістэмы адукацыі. І 2305 работнікаў атрымалі ведамасныя ўзнагароды.

— Абачлівае, уважлівае, але разам з тым і патрабавальнае, прынцыповае стаўленне да кадраў павінна быць асновай нашага ўзаемадзеяння з прафсаюзам, ды і ўсёй нашай дзейнасці. Разам з прафсаюзам мы шукаем адказы часам на няпростыя пытанні і, як правіла, знаходзім шляхі вырашэння праблем, — дадала намеснік міністра адукацыі.

«Жаночы твар» педагогікі

— Мы пастаянна прыцягваем увагу органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутацкага корпуса і грамадства ўвогуле да праблемы павышэння сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, паколькі фінансавы і маральны дабрабыт работнікаў галіны — ключавыя фактары яе якаснага росту, — падкрэслівае старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Нягледзячы на ўсе захады, што прымаліся па павышэнні заработнай платы, на жаль, яна застаецца невысокай у нашай галіне. Акрамя таго, частка работнікаў маюць заработную плату на ўзроўні мінімальнай. Невысокая яна з-за нізкага памеру тарыфных ставак, якія вызначаюцца элементамі тарыфнай сістэмы. Цэнтральны камітэт прафсаюза звярнуўся ў Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі з прапановай ініцыяваць перад Саветам Міністраў перагляд усіх элементаў тарыфнай сістэмы.

Галіновы прафсаюз хвалююць і праблемы аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі, паколькі ўсе апошнія спецыяльныя павышэнні заработнай платы, што адбываліся ў галіне, не закранулі гэту катэгорыю. Таму вострай праблемай застаецца прыцягненне ў вышэйшую школу высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў.

Між іншым, сярод першакурснікаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ў гэтым навучальным годзе хлопцы складаюць 22 працэнты ад агульнай колькасці. І гэта сітуацыя вельмі абнадзейвае...

Пакуль што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі суадносіны мужчын-педагогаў не на іх карысць: на 86% школа застаецца жаночай. І там вельмі востра адчуваецца дэфіцыт мужчынскага складніка ў выхаванні...

Фінансавы эксперымент

— Пастановай урада з 1 верасня 2014 года аплата працы педагагічных работнікаў павысілася за кошт павелічэння памераў надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. Гэта крыху палепшыла сацыяльна-эканамічнае становішча педработнікаў, але значнага павышэння аплаты працы не адбылося, — канстатаваў Аляксандр Бойка. — Летась нарматыўныя прававыя акты на галіновым узроўні па павышэнні заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі не прымаліся. Для выпраўлення сітуацыі, якая склалася, патрабуецца павышэнне заработнай платы работнікам сістэмы адукацыі шляхам увядзення галіновага павышальнага каэфіцыента, каб давесці паказчык сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў адукацыі да рэспубліканскага.

Раіса Сідарэнка паведаміла, што з 2013 па 2015 год у краіне праводзіўся эксперымент па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Сярэдняя заработная плата педработнікаў, якія ўдзельнічалі ў эксперыменце, павысілася ў параўнанні з сярэдняй заработнай платай педагагічных работнікаў у галіне на 20%. Вынікі гэтага эксперымента выкарыстоўваюцца з 1 студзеня 2016 года ў пілотным праекце па нарматыўным фінансаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Кіраўнікам устаноў, што задзейнічаны ў эксперыменце (а гэта 183 установы), дадзена права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў, аптымізаваць штатную колькасць, а сродкі, што вызваляюцца, накіроўваць на стымуляванне працы работнікаў і ўдасканаленне адукацыйнага асяроддзя.

Недасяжная «заслужаная» пенсія

Старшыня Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара ШУКАЛА ўзняла пытанне прафесійнага пенсійнага страхавання педагогаў.

Пэўная частка работнікаў устаноў адукацыі страцілі права выхаду на пенсію па выслузе гадоў, бо не працуюць ва ўмовах, якія адпавядаюць устаноўленым крытэрыям. У іх лік трапілі настаўнікі па прадметах, у навучальных планах якіх не прадугледжаны дадатковы кантроль вучэбнай дзейнасці вучняў. Не ўсе педагогі маюць і гадзіны арганізацыйна-выхаваўчай работы.

Такім чынам, рэальна атрымаць права на пенсію за выслугу гадоў (займець неабходны стаж працы ў асаблівых умовах) змогуць педагогі, якія адпрацавалі ў сістэме адукацыі або 35-37 гадоў (жанчыны), або 43-45 гадоў (мужчыны).

«Мы звяртаемся да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі: прыслухайцеся да просьбаў і прапаноў галіновага прафсаюза па ўнясенні змен у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2008 г. № 1490, — заклікала Тамара Шукала. — Неабходна даць педагогам магчымасць выхаду на пенсію за выслугу гадоў».

І яшчэ на адну праблему звярнула ўвагу прафсаюзны лідар. Усе дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы знаходзяцца цяпер у складзе аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. На жаль, са студзеня 2016 года кіраўнікі ДЮСШ і іх намеснікі пазбаўлены права ажыццяўляць працу ў якасці трэнера-выкладчыка.

— Але ж кіраўнікамі дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ прызначаюцца найбольш вопытныя трэнеры. Без трэнерскай працы кіраўнік проста дыскваліфікуецца, — канстатавала Тамара Шукала. — Таму наша просьба — даць ім магчымасць выводзіць моладзь у людзі, выхоўваць з юных спартсменаў будучых майстроў.

Даведка «Звязды»

За 2015 год сярэднямесячная заработная плата па галіне адукацыі склала 4,8 млн рублёў, або 72% ад сярэдняга заробку па краіне. У настаўнікаў — 5,8 млн рублёў, ці 86,6%, і ў прафесарска-выкладчыцкага складу — 8 млн рублёў, або 118,7%.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Загаловак у газеце: Словы ўдзячнасці настаўнікам трэба казаць своечасова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».