Вы тут

Нацыянальны кінематограф засвойвае новыя жанры


Легенды, паданні і міфалагічныя персанажы нашага краю часта станавіліся натхненнем для беларускіх аўтараў. Адзін толькі «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага чаго варты, улічваючы, што сам твор з'явіўся яшчэ да таго, як у сусветнай літаратуры сфарміраваўся жанр фэнтэзі. Праўда, кінематограф, апроч экранізацыі таго ж «Шляхціца Завальні», у выкарыстанні фантастычных матываў адышоў недалёка. Хіба што згадаць некаторыя работы Андрэя Кудзіненкі («Масакра»; пад яго куратарствам створаны праект «Хранатоп») ды дзіцячыя фільмы.


Цалкам верагодна, што ў найбліжэйшы час гэты прабел можа быць запоўнены. Маладая мінская кампанія Aurіos Studіos сабрала прафесіяналаў кіно, літаратуры і музыкі для стварэння новага праекта — поўнаметражнага фэнтэзійнага фільма «Неруш», заснаванага на беларускіх легендах і міфах. Назву можна патлумачыць як «некранутае, дзікае месца», што адлюстроўвае ўласна ідэю фільма — пазнанне жыцця праз нязведанае і страшнае.

За напісанне арыгінальнага сцэнарыя (хоць спачатку планавалася экранізаваць Уладзіміра Караткевіча) узялася літаратарка і перакладчыца Юлія Шадзько. Для «Неруша» паводле беларускіх паданняў будуць перапрацаваны вобразы, пазычаныя са скандынаўскай балады «Herr Mannelіg», якую аўтарцы раней ужо даводзілася перакладаць і «абеларушваць» для камернага хору — атрымаецца гэтакі працяг балады, але ўжо з беларускім нацыянальным каларытам. Дзяніс Жыгуноў, які здымаў кліп на песню «Салютарыса», сёння выступае рэжысёрам фільма. Прадзюсар і кампазітар Павел Герасімовіч выконвае функцыі кіраўніка, а таксама гукарэжысёра і аўтара саўндтрэка. Камерны хор «Салютарыс» дапаможа стварыць у фільме таямнічую атмасферу.

Паводле сюжэту рыцар уступае ў саюз з чароўнаю істотаю, але невядома, наколькі шчаслівы і доўгі. Пра гэта распавядае трэці герой, што трапляе ў лес Неруш недзе ў беларускай глухамані і пачынае разбірацца ў яго таямніцах. Вакол гэтага месца множацца незразумелыя і страшныя паданні, але, нягледзячы на гэта, яно застаецца надзвычай прывабным. Героя, які адважыўся ўвайсці ў гэты чароўны лес, чакае альбо забыццё, альбо вечная слава ў народных песнях ды легендах. Падзеі фільма будуць адбывацца ў нашым свеце, але ў той асаблівай прасторы, дзе звычайныя падзеі становяцца незвычайнымі, якая перайначвае людзей, паказвае іх з іншага боку.

Стваральнікі фэнтэзійнай стужкі акцэнтуюць увагу на тым, што сюжэт фільма будзе цалкам арыгінальны, а з паданняў возьмуць толькі вобразы. У карціне глядач убачыць папараць-кветку, балотнікаў і русалак, рыцараў і аналаг славутага нясвіжскага прывіду — Чорнай Панны. Здымкі фільма будуць праходзіць на натуры — на руінах старажытных замкаў і будынкаў, закінутых мясцінах, у змрочных лясах.

Скончаны і ўжо прадстаўлены публіцы трэйлер. Яго здымалі ў Друі, што на Віцебшчыне, у лясах блізу Ратамкі. Цяпер ідзе падрыхтоўка да здымак самога фільма — лакацыямі стануць таксама раён Узды, Блакітныя азёры і іншыя прыгожыя беларускія мясціны.

Грошы на фільм кампанія Aurіos Studіos збірае на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by — любы ахвотны можа стаць кінамецэнатам і дапамагчы праекту. На рэалізацыю планаў патрабуецца каля 220 мільёнаў рублёў, гэта прыблізна 10 тысяч долараў, пазней на постпрадакшн трэба будзе сабраць яшчэ блізу 30 тысяч долараў. Пры добрым раскладзе праца над фільмам завершыцца летам 2017 года, тады ж адбудзецца і прэм'ера стужкі.

Алег ГРУШЭЦКІ

Загаловак у газеце: Ад скандынаўскай балады да беларускага фэнтэзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».