Вы тут

2 неверагодныя картачкі "Звязда" атрымала ад жыхаркі вёскі Кляннік


Гэтыя дзве неверагодныя картачкі мы атрымалі ад Таісы Несцяровіч з вёскі Кляннік Смалявіцкага раёна. «Убачыла ў газеце «Звязда», якую выпісваю ўжо даўно, фотаздымкі, прысланыя на конкурс, і вырашыла таксама паўдзельнічаць, — піша шаноўная Таіса Антонаўна. — Мая радзіма — вёсачка Лоўцавічы Вілейскага раёна. Там я нарадзілася, там жылі мае бацькі, родзічы, суседзі. Але, на жаль, цяпер у Лоўцавічах засталося ўсяго толькі некалькі чалавек. Праўда, летам вёска «люднее»: з'язджаюцца дачнікі.


Фотаздымкі, якія я вам дасылаю, адлюстроўваюць жыццё вёскі недзе ў 1960-я гады. У нашым саўгасе «Карпавічы» (а ў час, калі рабіліся здымкі, яшчэ быў калгас «Лукавец») сеялі вельмі многа лёну. Я добра не памятаю (а папытацца ўжо няма ў каго), як яго абабівалі ўручную, а потым прасейвалі, а па-вясковаму — «пафавалі». Звазілі на падводах, трактарах. Працавалі ўсе дружна, з запалам.

Наогул, наша вёска мае цікавую гісторыю. Да 1939 года гэта была Заходняя Беларусь. А побач, недзе праз чатыры кіламетры, — Савецкі Саюз. Мая мама, Бекіш Тамара Кірылаўна (на фотаздымку ў цэнтры), скончыла пяць класаў польскай школы і была даволі адукаваным чалавекам. Яна вельмі шмат мне расказвала пра той час. Было няпроста, але людзі сябравалі паміж сабой, стараліся бачыцца, хадзіць адзін да аднаго ў госці. Польскія салдаты дапамагалі ім у гэтым.

А потым вайна. Вёску, якая была партызанскім краем, бамбілі, было дзве блакады...

Пасля вайны жылі цяжка. Хоць я і нарадзілася ў 1954 годзе, але таксама адчула многія цяжкасці. Жылі бедна, але дружна. Памятаю, як збіраліся чамусьці ў нашай хаце. У цэнтры вісела газавая лямпа, а вакол вялікага стала сядзелі жанчыны: хто вышываў, хто праў, хто цыраваў адзежу. Абмяркоўвалі мясцовыя навіны, спявалі беларускія песні, расказвалі розныя гісторыі. Дапамагалі адна адной, былі разам у горы і радасці.

Ужо амаль нікога няма з гэтых людзей. Але я памятаю іх запал, шчырасць, прагу да працы. Любіць жыццё, паважаць адзін аднаго, працаваць так, каб было радасна на душы — вось тое, што іх усіх аб'ядноўвала.

Мой бацька, Бекіш Антон Лявонавіч, пабываў у Германіі (яго забралі ў першы год вайны) і ваяваў на фронце. Быў цяжка паранены, атрымліваў пенсію па інваліднасці (у яго не было левага вока і не падымалася левая рука), але таксама працаваў. Ён у цэнтры на другім фотаздымку.

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvyazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Загаловак у газеце: Шчыравалі дружна, з запалам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».