Вы тут

Прыйсці на трэніроўку і згуляць з выхаванцамі дамоў-інтэрнатаў


Сацыяльны праект «Каманда мары» для выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў Мінска афіцыйна стартаваў у канцы лютага. Аднак ужо са снежня мінулага года 40 падлеткаў 11-16-гадовага ўзросту займаюцца з трэнерамі «Дынама» і рыхтуюцца да таварыскага матчу па футболе сярод дзіцячых дамоў, што пройдзе ў маі. Прыйсці на трэніроўку і згуляць з хлопцамі можа кожны ахвотны, запісаўшыся на сайце www.dreamteam2016.by.

Арганізатары хочуць знайсці для кожнага са 179 інтэрнатаўскіх хлопчыкаў ад 7 да 17 гадоў дарослага сябра-мужчыну. Гэтыя людзі мусяць стаць для дзяцей настаўнікамі, якія змогуць сустракацца з імі хоць бы раз на тыдзень, гутарыць, даваць парады, падтрымліваць.


Іван ГАР­БАР, трэ­нер фут­боль­на­га клу­ба «Ды­на­ма Мінск»  ву­чыць тон­ка­сцям гуль­ня­во­га май­стэр­ства.

— Лёгка аднойчы прыехаць з падарункамі ў дзіцячы дом. Цяжэй прыязджаць да пэўнага дзіцяці рэгулярна, калі пачынаеш шчыра цікавіцца, як яно жыве, калі глыбей унікаеш у яго праблемы. І ўсё гэта задарма, — расказаў аўтар і натхняльнік ідэі праекта Арцём ГАЛАВІЙ, дырэктар установы па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот «Ніткі сяброўства». — Я сам стаў круглым сіратой у 13 гадоў і на сабе адчуў, што значыць жыць без бацькоў. Зведаў гэтую праблему знутры. Разумею, што такія дзеці адчуваюць непрыняцце і адрынутасць, як ім непрыемна проста чуць, што яны сіроты. Набыць навыкі самастойнасці і адказнасці без прыкладу цяжка, таму важна, калі побач ёсць дарослы, здольны накіраваць, падказаць.

Пяць дзяцей — не лёгка, але і не суперцяжка

Стасункі настаўніка і дзіцяці могуць працягвацца ўсё жыццё, а могуць скончыцца задоўга да паўналецця выхаванца. Галоўнае — своечасова прызнацца сабе, што паміж людзьмі проста не знайшлося пунктаў судакранання. Аднак, як паказвае практыка кіеўскіх настаўнікаў-валанцёраў, калі адносіны добрыя, моцныя і глыбокія, яны захоўваюцца на ўсё жыццё.

— Некаторыя настаўнікі нават становяцца хроснымі бацькамі дзяцей сваіх выхаванцаў, — дадаў Арцём Галавій, успамінаючы пра свае дзіцячыя гады. — Нас з братам выхоўвалі бабуля і дзядуля, аднак праз свой узрост яны не маглі рабіць тое ж, што маладыя бацькі. Літаральна ў дзень пахавання мамы да мяне падышла яе знаёмая і прапанавала звяртацца да яе, калі спатрэбіцца. У падлеткавым узросце паўстае шмат пытанняў, і хутка я пачаў прыходзіць у іх сям'ю па парады. Гэта адыграла адну з ключавых роляў у маім жыцці. Вера (з якой я маю стасункі і дагэтуль) пакарыла маё сэрца тым, што прыняла такім, якім я быў. Яна была заўсёды рада мяне бачыць, цікавілася, што са мной адбываецца. Адчувалася, што ёй было не ўсё роўна, а гэта так важна для сіраты.

Арцём назіраў за стасункамі сваёй нечаканай настаўніцы з мужам і дзецьмі, часам нават заставаўся начаваць. Перад вачыма ён меў той прыклад практычнага вопыту сямейных адносін, якога пазбаўлены дзеці з інтэрната. Тады ж у падлетка з'явілася мара стварыць сям'ю на ўзор той, якую ён бачыў. Яму захацелася мець свой ачаг прыязнасці і любові.

Пасля з'яўлення на свет дзвюх дачок Арцём з жонкай, якую ён называе не іначай як сапраўднай памочніцай і сябрам, усынавілі 10-месячнага хлопчыка. Потым у сям'і нарадзіліся яшчэ адна дачка і сын.

Хлоп­цы ад­да­юц­ца гуль­ні цал­кам. На кож­най трэ­ні­роў­цы гу­ля­юць, быц­цам на мат­чы.

— З нашымі першымі кроўнымі дочкамі мы дамовіліся, што тата прывязе ім з дзіцячага дома браціка. І ад Цімафея таксама не будзем утойваць, адкуль ён з'явіўся, каб малы помніў сваю гісторыю, — расказаў Арцём. — Нашы дзеці ведаюць, што я часта езджу да іншых дзетак, ведаюць, хто такі сірата. І мы з жонкай нагадваем ім пра каштоўнасць таго, што ў іх ёсць бацькі. У сям'і яны ўсе браты і сёстры, ніхто не спаборнічае паміж сабой — яны ў адной камандзе.

З пяццю дзецьмі не лёгка, але і не суперцяжка. Увесь вольны час, якога катастрафічна не хапае, бацькі аддаюць дзецям. Часам малыя ездзяць разам з імі ў інтэрнаты.

Асаблівасць і нават існасць сям'і Галавій у тым, што дзецям бацькі прывіваюць хрысціянскую веру. Пры гэтым малыя нехрышчоныя — яны самі вызначацца з выбарам, калі падрастуць. Штовечар у сям'і чытаюць Біблію, моляцца ўсе разам. Праз малітвы дзеці вучацца дзякаваць Богу за тое, што яны жывыя, вучацца прасіць, каб у людзей, у чыім жыцці ёсць бяда, яе не было. Часам малыя нават самі прапануюць памаліцца за некага, у каго маюцца праблемы.

Спорт — мова, зразумелая ўсёй «моцнай палове»

Падлеткі трэніруюцца два разы на тыдзень ужо тры месяцы і паказваюць першыя вынікі. Спартыўныя здольнасці хлопцаў мы змаглі ацаніць на полі Футбольнага манежа падчас трэніроўкі. Іншымі зменамі стала лепшая вучоба і адмова ад курэння тых, хто пакаштаваў на смак дрэнную звычку. «Дыхалкі не хапала», — па сакрэце дзяліліся хлопцы. Хоць нагрузкі тут і не надта вялікія (бо першасная задача ўсё ж такі не стварэнне спартыўных зорак), аднак кожны з хлопчыкаў адчуў, што на полі больш паспяховыя тыя, хто сябруе са здаровым ладам жыцця.

— Спорт — міжнародная мова, зразумелая любому мужчыну. Мы спадзяёмся, што праз футбол яны зразумеюць сутнасць настаўніцтва і стануць валанцёрамі, якія будуць займацца з хлопцамі, знаходзіць для іх правільныя словы, паказваць свой станоўчы прыклад, — распавяла Марыя ГВАРДЗЕЙЦАВА, дырэктар агенцтва PRCІ.Storytellers, аднаго з арганізатараў праекта. — Калі мы зможам знайсці гэтым дзецям настаўніка, які здолее выправіць іх лёс, то гэта і сапраўды будзе «Каманда мары».

Ма­ра Ар­цё­ма пра ства­рэн­не ся­мей­на­га ача­га пры­яз­нас­ці і лю­бо­ві здзейс­ні­ла­ся.

Дадатковай пляцоўкай для пошуку мужчын-валанцёраў «Дынама» гатовае зрабіць усе свае сезонныя хатнія матчы на працягу 2016-га.

— Нашы футбольныя балельшчыкі — гэта ў асноўным дарослыя мужчыны, якія могуць стаць настаўнікамі, — адзначыў Сяргей ВАРКАЛАЎ, камерцыйны дырэктар футбольнага клуба «Дынама Мінск». — Мы будзем вазіць дзяцей на трэніроўкі ў Стайкі. Гэтыя мерапрыемствы адкрытыя для ўсіх, хто гатовы ўдзельнічаць у праекце. Калі будзе такая магчымасць, прымем і дзяцей з інтэрнатаў іншых абласцей.

У асноўным падлеткі будуць гуляць з дубліруючым складам клуба, але і з асноўнымі гульцамі таксама будуць сустракацца. Плануецца, што за два з паловай месяцы хлопцы згуляюць з рознымі дарослымі камандамі: пажарнымі, ваеннымі... Арганізатары спадзяюцца таксама, што знойдуцца людзі, гатовыя запрасіць юных футбалістаў на экскурсію да сябе на працу, каб яны змаглі на практыцы ўбачыць, што ўяўляе тая ці іншая прафесія.

Дарэчы, калі знойдуцца сродкі, каманда пераможцаў прыме ўдзел ва ўсерасійскіх спаборніцтвах па футболе сярод каманд дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў «Будучыня залежыць ад цябе», што адбудзецца ў Сочы.

У Беларусі больш за 28 700 сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскага клопату. З іх 15,2% выхоўваюцца ў інтэрнатных установах. Хлопчыкаў-падлеткаў, якіх усынаўляюць пасля 10 гадоў, на жаль, не так шмат.

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Адшукваюцца... мужчыны, здольныя навучыць адказнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».