Вы тут

Як даход атрымаць і з падатковай інспекцыяй не «пасварыцца»?


Выгадныя грошы

Некаторыя людзі цвёрда ўпэўнены ў тым, што толькі грошы робяць грошы. Але гэта зусім не так. Лепш за ўсё вашым грашовым сродкам дапаможа «размножыцца» патрэбная інфармацыя, дакладныя прынцыпы іх магчымага пераўтварэння, што ў рэшце рэшт і прыносіць пэўны даход. Менавіта такі своеасаблівы зарад жадання быць фінансава адукаваным можа пераўтварыцца ў рублёвы (валютны) эквівалент. Мне здаецца, старажытныя «фінансісты» не памыляліся, калі казалі, што грошы самі па сабе — усяго толькі косная матэрыя. Што «яны не думаюць, не рухаюцца і ўвесь час маўчаць, але ў іх выдатны «слых»: іх трэба правільна паклікаць, і яны абавязкова з'явяцца перад тымі, хто вырашыў з імі супрацоўнічаць».

І гэта праўда. Банкноты не мусяць хавацца ў панчохі ці слоікі. Грошы павінны працаваць у любым выпадку, нават тады (менавіта тады), калі поспехі ў эканоміцы часам не такія відавочныя... Зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць — тут кожны выбірае свой алгарытм. Мы ж, са свайго боку, паспрабуем вам у гэтым крышачку дапамагчы. Карэспандэнт «Звязды» прапануе цыкл матэрыялаў на гэту тэму. Першы матэрыял тычыцца будучых новаўвядзенняў у фінансавай сферы, якія звязаны з абкладаннем падаходным падаткам даходаў ад банкаўскіх укладаў.


Сёлета з першых дзён красавіка ў краіне пачынаюць дзейнічаць асобныя падпункты Дэкрэта кіраўніка дзяржавы №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)», якія рэгулююць парадак падаткаабкладання падаходным падаткам даходаў у выглядзе працэнтаў, атрыманых па банкаўскіх укладах (дэпазітах), а таксама грашовых сродках, якія знаходзяцца на бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку.

Для большай зразумеласці і практычнага прымянення палажэнняў гэтага Дэкрэта Міністэрствам па падатках і зборах (МПЗ) разам з Нацыянальным банкам краіны было падрыхтавана сумеснае тлумачэнне аб парадку аплаты падаходнага падатку кліентамі банкаўскай сістэмы ў самых розных выпадках. Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў адаптаваць гэтую фінансавую інструкцыю для неспецыялістаў.


Даход па ўкладах — крыху меншы

Яшчэ летась, пасля аб'яўлення аб гэтым новаўвядзенні, некаторыя мае знаёмыя адразу спужаліся і хацелі нават тэрмінова здымаць грошы з рахункаў. А чаго спужаліся? Ды проста нехта пусціў пагалоску, што грошы ў банках абкладуць падаткам, пасля чаго на выхадзе ўласнік грошай ніякага прыбытку і не атрымае, і нават нешта і страціць.

Але гэта не так. Нават зусім не так!

У красавіку падаткам будуць абкладацца не грошы насельніцтва ва ўкладах, а толькі налічаныя працэнты па дэпазітах. Дакладней, падаткам абкладаецца даход, які чалавек атрымлівае ад банка за карыстанне яго грашыма. Больш за тое, падаткам такі даход абкладаецца ў канкрэтных выпадках.

Аб гэтым мы і пагаворым.

Толькі новыя дагаворы, і то не ўсе

Увогуле, Дэкрэт №7 распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на дагаворы па адкрыцці банкаўскіх укладаў, якія будуць заключаны сёлета з 1 красавіка. У каго ўжо ёсць дэпазіт з банкам на 1, 2 ці нават 5 гадоў, то далей можна нават і не чытаць...

А красавік ужо на парозе. Пасля гэтай даты па новых дагаворах падаходным падатакам будзе абкладацца даход па ўкладах, калі тэрмін фактычнага размяшчэння грашовых сродкаў на рахунках складае менш за адзін год у беларускіх рублях або менш за два гады ў замежнай валюце. Тут адразу адзначу, што на мінімальныя даходы па ўкладах (у памеры стаўкі па дэпазіце да запатрабавання і меншай (звычайна — да 3% гадавых у нацвалюце) падаткі ўвагу ўвогуле не звяртаюць. Гэта была тэорыя. Далей будзе практыка.

Напрыклад, чалавек 5 красавіка 2016 года заключыў дагавор дэпазіту тэрмінам на 3 месяцы пад 20% гадавых. Паклаў у банк 10 млн рублёў. Праз тры месяцы дагавор быў скасаваны і кліент забраў свае грошы і налічаныя працэнты. Калі падлічыць, то кліент за 3 месяцы заробіць у банку са свайго ўкладу 500 тысяч рублёў. Аднак тэрмін фактычнага размяшчэння гэтых грашовых сродкаў на рахунку склаў менш за адзін год і памер працэнтнай стаўкі быў большы за мінімальную стаўку (да запатрабавання). Таму гэтыя працэнты з «кароткіх» грошай цяпер абкладаюцца падаходным падаткам у памеры 13%. Памер падатку складзе 65 тысяч рублёў. Атрымалася, што даход з дэпазіту стаў не 500 тысяч, а 435 тысяч рублёў. Мне здаецца, што розніца не крытычная. Так, крышку сумна (бо менш), але справядліва, бо грошы ад вас банк атрымлівае на кароткі тэрмін.

Улічваецца тэрмін знаходжання па кожнай суме

У распрацаванай спецыялістамі інструкцыі тлумачыцца, што пад фактычным тэрмінам размяшчэння грашовых сродкаў на рахунку банкаўскага ўкладу (дэпазіту), на бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку маецца на ўвазе тэрмін знаходжання грашовых сродкаў на названых рахунках з даты ўнясення грашовых сродкаў на рахунак да даты іх зняцця (вяртання).

Асобна аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што пачаткам тэрміну размяшчэння грашовых сродкаў лічыцца дата ўнясення кожнай канкрэтнай грашовай сумы на рахунак (першапачатковага ці дадатковага ўзносу). А заканчэннем тэрміну размяшчэння — дата зняцця грашовай сумы з рахунку (частковае зняцце або поўнае вяртанне). Менавіта тут існуе адзін прынцыповы нюанс. Так, калі кліент часткова здымае грошы з рахунку, то лічыцца, што ён здымае іх з той часткі, якая мае найменшы тэрмін фактычнага размяшчэння на такім рахунку. І тут прапануем «разбор палётаў».

Напрыклад, чалавек 10 красавіка паклаў у банк на дэпазіт 10 млн рублёў на два гады. Потым 1 мая сёлета ён папоўніў рахунак (зрабіў дадатковы ўзнос) яшчэ на 2 млн рублёў. 15 ліпеня гэтага ж года кліент зняў з рахунку частку грошай — 500 тысяч рублёў. Што мы маем далей?

Па нашым алгарытме атрымліваецца, што частковае зняцце 500 тысяч было з той часткі грошай, якія прыпадаюць на дадатковы ўзнос, г. зн. з тых сродкаў, якія маюць найменшы тэрмін фактычнага размяшчэння ва ўкладзе (дэпазіце). А вось па астатняй суме ўзносу адлік фактычнага тэрміну размяшчэння працягваецца. Як бачым, і тут ў кліента ёсць поле для манеўру.

Зусім без іх

Інструкцыя канкрэтна тлумачыць сітуацыю аб тым, каго з банкаўскіх кліентаў гэтыя падаткі ўвогуле не павінны турбаваць. Усё проста. Заключыў чалавек з банкам дагавор па ўкладзе (дэпазіце) у беларускіх рублях тэрмінам на адзін год і больш або ў замежнай валюце — на два гады і больш, тады атрыманыя кліентам даходы (працэнты і капіталізацыя працэнтаў) падаткам не абкладаюцца незалежна ад памеру працэнтнай стаўкі. Праўда, ёсць выключэнні.

Гэта будуць два выпадкі. Па-першае, калі чалавек датэрмінова закрыў уклад або часткова зняў з яго грошы (тады фактычны тэрмін размяшчэння грашовых сродкаў на рахунку банкаўскага ўкладу (дэпазіту) складае менш за адзін год па ўкладах у беларускіх рублях і менш за два гады па ўкладах у валюце).

Другі выпадак тычыцца папаўнення ўкладу, калі атрымліваецца, што дадатковы ўзнос грошай на дэпазіт будзе ляжаць у банку менш за год у рублях, або менш за два гады ў валюце. Менавіта ў гэтых выпадках і на гэтыя «кароткія» грошы распаўсюджваецца правіла абкладання падаходным падаткам.

Хто спаганяе, як і калі?

Спагнанне ў фізічнай асобы падаходнага падатку ажыццяўляецца падатковым агентам (банкам) за кошт любых грашовых сродкаў, якія выплачваюцца кліенту банкам, у тым ліку ўласных грашовых сродкаў фізасобы, якія былі размешчаны ў банкаўскі ўклад (дэпазіт) або ляжалі на бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках.

Пералічэнне ў бюджэт утрыманага падаходнага падатку з даходаў у выглядзе працэнтаў па банкаўскіх укладах (дэпазітах), а таксама па грашовых сродках, якія знаходзяцца на бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках, ажыццяўляецца не пазней за дзень пасля фактычнага атрымання чалавекам такіх даходаў.

На практыцы гэта будзе так. Калі чалавек 1 мая паклаў у банк 20 млн рублёў на год (заключыў дагавор) пад 25% гадавых, тады фінансавая ўстанова будзе выплачваць яму працэнты, якія падаходным падаткам не абкладаюцца. Ускладнім сітуацыю. Напрыклад, потым кліент 20 жніўня робіць частковае зняцце грошай з укладу (дэпазіту) у памеры 5 млн рублёў.

Што атрымаем далей? Гэтыя 5 млн рублёў ляжалі на ўкладзе менш за год, таму даходы з гэтакой сумы абкладаюцца падаходным падаткам.

Калі астатнія грошы, якія засталіся ва ўкладзе (дэпазіце) пасля частковага зняцця (15 млн рублёў), будуць фактычна ляжаць на ўкладзе на працягу года, то налічаныя на іх банкам працэнты падаходным падаткам не абкладаюцца.

Пра дэпазіты ў спадчыну

У афіцыйным дакуменце гаворыцца, што факт атрымання банкаўскага ўкладу (дэпазіту) у спадчыну не з'яўляецца падставай для датэрміновага вяртання ўкладу па дагаворы тэрміновага безадзыўнага або ўмоўнага безадзыўнага ўкладу спадчыннікам ўкладчыка, а даходы ў выглядзе працэнтаў, атрыманыя па ўказаных укладах (дэпазітах), падлягаюць падаткаабкладанню ў парадку, які вызначаны заканадаўствам.

Такія ўклады дэкрэт не «зачэпіць»

Асобна ў нашай інструкцыі гаворыцца і аб тым, што дзеянне Дэкрэта №7 не распаўсюджваецца на:

• банкаўскія ўклады (дэпазіты) каштоўных металаў і (або) каштоўных камянёў;

• банкаўскія ўклады, аформленыя ў якасці ашчадных сертыфікатаў;

• на грашовыя сродкі, перададзеныя крэдытадавальніку для забеспячэння выканання абавязацельстваў па дагаворы ў выглядзе гарантыйнага дэпазіту грошай.

Вяртанне залішне ўтрыманага

Вяртанне залішне ўтрыманага падаходнага падатку ажыццяўляецца падатковым агентам (банкам) у адпаведнасці з палажэннямі Падатковага кодэкса Беларусі.

Так, у выпадку спынення падатковым агентам (банкам) выплат даходаў фізічнай асобе, гэтая фінансавая ўстанова ажыццяўляе кліенту вяртанне залішне ўтрыманага падаходнага падатку. Такое вяртанне робіцца ў межах сум падатку, фактычна ўтрыманага і пералічанага ў бюджэт нашай краіны.

Для расіян — 10%

У прэс-службе МПЗ нам паведамілі, што наша краіна прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім нацыянальнага падатковага заканадаўства.

Такім чынам, калі нормамі міжнародных дагавораў прадугледжаны іншы памер стаўкі падаходнага падатку ў параўнанні са стаўкай падаходнага падатку ў памеры 13%, то прымяняецца стаўка падатку, прадугледжаная міжнародным дагаворам. Калі ж Падатковым кодэксам Беларусі і (або) іншымі заканадаўчымі актамі дзяржавы прадугледжаны больш ільготныя ўмовы падаткаабкладання, чым тыя, якія вызначаны міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь, то прымяняюцца палажэнні Падатковага кодэкса і (або) іншых заканадаўчых актаў нашай краіны.

Разам з тым спецыялістамі ўдакладняецца, што ў гэтым выпадку кліенты фінансавых устаноў павінны прад'явіць падатковаму агенту (банку) пацвярджэнне таго, што яны з'яўляюцца рэзідэнтамі замежнай дзяржавы, з якой маецца міжнародны дагавор Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання. Гэты дакумент-пацвярджэнне можна прынесці ў банк як да, так і пасля аплаты падаходнага падатку. Зразумела, што лепш зрабіць гэта загадзя, бо...

Калі такая папера будзе прынесена ў банк адразу, то падаткаабкладанне даходаў (працэнты па ўкладах) будзе ажыццяўляцца згодна з міжнародным дагаворам, а падаходны падатак утрымаюць і пералічаць у бюджэт па паніжаных падатковых стаўках. Пры непадачы падатковаму агенту (банку) такога пацвярджэння, падаходны падатак утрымліваецца па стаўцы 13% і пералічваецца ў бюджэт ва ўстаноўленым парадку.

Напрыклад, згодна з нормамі адпаведнага пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расіі аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, працэнты, якія выплачваюцца беларускімі банкамі грамадзянам РФ, калі апошнія прад'явілі агучанае пацвярджэнне, абкладаюцца падаходным падаткам у нашай краіне па стаўцы 10 працэнтаў.

Вяртанне раней аплачанага (утрыманага) падаходнага падатку, у дачыненні да якога міжнароднымі дагаворамі Беларусі па пытаннях падаткаабкладання прадугледжаны іншыя палажэнні, чым тыя, якія дзейнічаюць у краіне, ажыццяўляецца падатковым агентам (банкам) у беларускіх рублях пасля падачы фізічнай асобай пацвярджэння і заявы аб вяртанні падатку.

kurkасh@zvіаzdа.bу

У наступнай публікацыі на гэту тэму мы раскажам аб тым, які прыбытак могуць атрымаць пакупнікі нацыянальных каштоўных папер. Прынамсі, карыснай будзе інфармацыя наконт таго, што беларускія валютныя аблігацыі падаходным падаткам у найбліжэйшыя гады абкладацца ўвогуле не будуць.

Загаловак у газеце: Падатак на працэнты з «кароткіх» грошай

Выбар рэдакцыі

Культура

Пошук вечнага жыцця

Пошук вечнага жыцця

Шмат разоў, збочыўшы з брэсцкай трасы, праязджаючы ад Міра да Карэліч, царкву на могілках каля вёскі Загор'е выхопліваеш літаральна за лічаныя секунды.

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаментаваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаментаваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах.