Вы тут

Выратуй прыроду і прыбытак атрымай


На базе Крупскага і Барысаўскага раёнаў будзе апрабавана новая сістэма збору і перапрацоўкі адпрацаванай машыннай алівы.


Пілотная ініцыятыва, арганізатарамі якой з'яўляюцца беларускае грамадскае аб'яднанне «Экалагічная ініцыятыва» і замежнае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю «ДВЧ-Менеджмент», прызвана ўдасканаліць існуючую ў нас сістэму абыходжання з адходамі.

— Галоўная мэта праекта — уцягнуць у гаспадарчы абарот адпрацаваную аліву і шляхам яе перапрацоўкі не толькі зменшыць экалагічную небяспеку гэтых адходаў, але і атрымаць значны эканамічны эфект, — адзначыў старшыня Савета Беларускага грамадскага аб'яднання «Экалагічная ініцыятыва» Юрый САЛАЎЁЎ.

У пілотных рэгіёнах плануецца ўсталяваць не менш за 50 спецыялізаваных кантэйнераў для збору алівы на тэрыторыі прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў, гаражных кааператываў, а таксама стварыць каля чатырох прыёмных пунктаў на базе «Белкаапсаюза», якія дазваляюць насельніцтву і арганізацыям здаць адпрацаваную аліву з выплатай ім кампенсацый. Сабраныя адходы будуць адпраўляцца на ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» для перапрацоўкі.

Штогод у нашай краіне ўтвараецца да 80-85 тысяч тон адпрацаванай алівы. Але перапрацоўваецца толькі каля 8,5 тысячы тон, ці 10% ад усяго аб'ёму (у краінах Еўрасаюза гэты паказчык дасягае 70%). Яшчэ каля 26 тысяч тон адпрацаваных маслаў выкарыстоўваецца ліцэнзаванымі арганізацыямі на спецыялізаваных устаноўках. Пры гэтым астатняя, даволі значная частка масленых адходаў спальваецца з парушэннем экалагічнага заканадаўства або іншымі шляхамі трапляе ў навакольнае асяроддзе, наносячы шкоду прыродзе і здароўю людзей.

— Але адпрацаваная аліва — гэта не толькі небяспечныя адходы, але і каштоўная эканамічная сыравіна, з якой можна атрымаць высокаліквідныя нафтапрадукты, прычым як для ўнутранага рынку, так і для продажу на экспарт, — перакананы Юрый Салаўёў.

Сёння ў Беларусі перапрацоўкай адпрацаваных маслаў займаецца каля дваццаці прадпрыемстваў. Адзін з найбуйнейшых перапрацоўчых комплексаў пачаў дзейнічаць летась у Крупскім раёне. Але пакуль з-за адсутнасці эфектыўнай сістэмы збору адходаў алівы існуючы тэхнічны патэнцыял комплексу не выкарыстоўваецца ў поўнай меры.

Па словах начальніка аддзела па сувязях з грамадскасцю ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» Дзмітрыя МАГІЛЕЎСКАГА, рэалізацыя пілотнай ініцыятывы павінна павялічыць аб'ёмы збору адпрацаванай алівы (за мінулы год было сабрана ўсяго каля 2 тысяч тон пры праектнай магутнасці завода 30 тысяч тон), а таксама пашырыць спектр прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў будаўнічай галіне, машынабудаванні і пры вытворчасці ўгнаенняў. Усяго ж падчас рэгенерацыі можна атрымаць адноўленую аліву, прыдатную для паўторнага выкарыстання, а таксама шэраг іншых нафтапрадуктаў у аб'ёме звыш 90% ад перапрацаваных адходаў.

Сярод іншых чаканых вынікаў праекта — стварэнне не менш як 10 новых працоўных месцаў у сістэме збору і перапрацоўкі адпрацаваных маслаў, павышэнне інфармаванасці насельніцтва па гэтай праблеме, а таксама павелічэнне падатковых адлічэнняў у мясцовы бюджэт ад вытворчасці высокаліквідных нафтахімічных прадуктаў з адпрацаванай алівы, сабранай на праектнай тэрыторыі.

Досвед, атрыманы падчас рэалізацыі пілотнай ініцыятывы, будзе ўжыты для стварэння сістэмы збору адпрацаванай машыннай алівы ад насельніцтва і арганізацый на тэрыторыі ўсёй краіны.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення абыходжання з адходамі Мінпрыроды Руслан МІХАЛЕВІЧ, прыродаахоўнае ведамства цалкам падтрымлівае гэту ініцыятыву і сёлета плануе праводзіць шырокую інфармацыйную работу па пытаннях выкарыстання адпрацаваных маслаў: «Неабходна даводзіць да асноўных спажыўцоў алівы інфармацыю, што куды больш эканамічна выгадна здаць гэтыя адходы на перапрацоўку, чым спальваць іх ці выкарыстоўваць не па прызначэнні».

Цікавыя факты

* 1 літр адпрацаванай маторнай алівы, вылітай у глебу, робіць непрыдатным ад 100 да 1000 тон грунтавых вод.

* Па ацэнках эколагаў, больш за 40% паверхні вады ў свеце пакрыта плёнкай адпрацаваных аўтамабільных і авіяцыйных маслаў.

* Апроч сваіх ядавітых уласцівасцяў, адпрацаваная аліва ўяўляе сабою спрыяльнае асяроддзе для размнажэння бактэрый.

* Прадукты спальвання адпрацаваных маслаў часта змяшчаюць цяжкія металы і канцэрагены. Трапляючы ў арганізм чалавека, яны выклікаюць парушэнні ў дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, эндакрынных залоз, пашкоджваюць цэнтральную нервовую сістэму, выклікаюць вострыя і хранічныя атручванні, часам са смяротным зыходам.

kolasava@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.