Вы тут

У чым сакрэт дэпутацкага поспеху?


Трэба ісці да людзей, гэта заўсёды дае аддачу. На добрую справу яны адгукнуцца і з задавальненнем дапамогуць, калі ўзнікне неабходнасць. Такое крэда ў дэпутата Уладзіслава Цыдзіка, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрнай палітыцы. Што паказальна, людзі да яго таксама ідуць — відаць, сапраўды вераць, што ён можа дапамагчы.

Па прызнанні парламентарыя, за 4 гады дэпутацкай працы да яго звярнуліся больш за 1000 чалавек! А на прыём кожны раз прыходзіць калі 12, калі 15, а калі і 30 наведвальнікаў.

У чым жа сакрэт дэпутацкага поспеху?


За сваё жыццё мой суразмоўца паспеў памяняць шмат заняткаў і прафесій. У юнацтве марыў стаць спартсменам, нават быў бронзавым прызёрам Савецкага Саюза сярод сельгасгаспадарчых ВНУ па скачках у вышыню. З узростам юнацкае захапленне не знікла — сёлета дэпутат едзе на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў спорту ў Італію.

Так ці інакш, прафесію Уладзіслаў Цыдзік выбраў больш практычную. Атрымаўшы сельскагаспадарчую адукацыю, ён працаваў па спецыяльнасці. Але даводзілася быць і педагогам, і будаўніком, і электрыкам. Што і казаць: 1990-я гады былі цяжкім часам, і, каб утрымліваць сям'ю, прыходзілася, што называецца, круціцца. Сёння Уладзіслаў Станіслававіч прызнаецца: такі вопыт вельмі карысны для дэпутацкай працы. Калі людзям патрабуецца нейкая канкрэтная дапамога — пабудаваць нешта або адрамантаваць, ён не стаіць убаку. Так было, напрыклад, калі па дапамогу звярнуліся жыхары вёскі Гарбузы — прасілі прывесці ў парадак могілкі. У адказ дэпутат прапанаваў арганізаваць суботнік і сам прыняў у ім актыўны ўдзел — зразаў старыя дрэвы. «На гэта прыехаў паглядзець нават святар», — згадвае суразмоўца.

Туфлі ўзамен на шкарпэткі

Акругу Уладзіслава Станіслававіча фарміруюць Дзяржынскі і Уздзенскі раёны. Яе асаблівасць не толькі ў тым, што тут працуюць вядомыя на ўсю краіну сельгаспрадпрыемствы. На думку дэпутата, яна вельмі цікавая і ў культурным плане. Магчыма, гэта падштурхнула парламентарыя запусціць праект пад назвай «Рух вёсак», які заключаецца ў тым, каб сельскія населеныя пункты станавіліся больш прыгожымі, больш камфортнымі для жыцця.

З задавальненнем суразмоўца ўзгадвае вёску Навасады, якая стала часткай гэтага праекта. Яе ўпрыгожылі малымі архітэктурнымі формамі, кветнікамі. А самае галоўнае, у Навасадах цяпер ёсць свая, што называецца, адметнасць. Там ужо каля трохсот гадоў расце дуб-волат. Падчас падрыхтоўкі да свята вёскі яго ўпрыгожылі: павесілі залаты ланцужок, па якім ходзіць «вучоны кот» — атрымалася, як у Пушкіна. Цяпер мясцовыя жыхары з гонарам водзяць туды гасцей, ды і самі фатаграфуюцца.

«Калі ідзеш людзям насустрач, яны таксама з табой будуць адкрытымі», — кажа Уладзіслаў Станіслававіч. Неяк на сходзе ў вёсцы Чаркасы артысткі мясцовага народнага калектыву папрасілі... туфлі для выступленняў. Дэпутат знайшоў спонсара, і жанчыны атрымалі сцэнічны абутак. А пасля адна з артыстак перадала парламентарыю ў падзяку цёплыя шкарпэткі, якія звязала сама.

Прывесці ў парадак... памяць

Падчас прыёмаў людзі ўзнімаюць розныя пытанні. Напрыклад, просяць, каб дэпутат дапамог працаўладкавацца, вырашыць нейкія жыллёвыя праблемы. Бываюць звароты па рамонце дарог, а часам нехта прыходзіць проста паскардзіцца на суседа...

Дэпутат упэўнены, што аднолькава важна дбаць і пра будучыню, і пра мінулае, не забываць нашых славутых землякоў.

У вёсцы Дзягільна, што ўваходзіць у яго акругу, былі старыя запушчаныя могілкі. Парламентарый палічыў, што гэта месца проста неабходна прывесці ў парадак — тым больш што там пахаваны прадстаўнікі шляхецкага роду Янушкевічаў. Самы вядомы з іх, Адольф Янушкевіч, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў, прызнаны нацыянальным героем Казахстана. Сасланы туды за ўдзел у паўстанні, ён заняўся вывучэннем мясцовага побыту. Яго работа не страціла актуальнасці і па сённяшні дзень.

Могілкі добраўпарадкавалі, пабудавалі капліцу. На цырымонію адкрыцця памятнага знака Адольфу Янушкевічу прыехаў пасол Казахстана ў нашай краіне Ергалі Булегенаў, а таксама цэлая дэлегацыя з гэтай краіны.

Як выплыў «Тытанік»

Адным са сваіх самых значных дэпутацкіх дасягненняў Уладзіслаў Цыдзік называе давядзенне да ладу даўгабуда, які каля 20 гадоў псаваў від галоўнай плошчы Дзяржынска.

За гэты час будынак нават атрымаў уласную мянушку — мясцовыя жыхары празвалі яго «Тытанікам». Парламентарый па просьбе грамадзян узяўся за гэту праблему. У выніку даўгабуд змяніў уласніка і ў хуткім часе будзе ўведзены ў эксплуатацыю — у горадзе з'явіцца новы гандлёвы цэнтр.

«Дэпутацтва вельмі наблізіла мяне да людзей», — прызнаецца Уладзіслаў Цыдзік. Ён імкнецца зрабіць як мага больш для грамадзян, нават не чакаючы зваротаў. Так, аднойчы пабываўшы на абароне дыпломнага праекта студэнткі Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, ён вырашыў дапамагчы дзяўчыне зрабіць яе мару рэальнасцю. Цяпер будаўніцтва дэндрапарку ідзе менавіта па праекце таленавітай выпускніцы.

Дэпутацкія захапленні

Энтузіязм і актыўнасць Уладзіслава Цыдзіка мала каго пакідаюць абыякавымі. Вось як апісаў яго памкненні колішні калега з Міністэрства сельскай гаспадаркі Генрых Тарасевіч:

Заўжды — у радасці і ў скрусе —

Айчыны множыць дабрабыт,

Краіне роднай, Беларусі,

Дарыць любоў, імпэт і спрыт.

Вядома, дэпутацтва патрабуе, акрамя вялікага аб'ёму працы ў акрузе, значных намаганняў у заканатворчай сферы — вольнага часу амаль не застаецца. Але, нягледзячы на загружанасць, Уладзіслаў Цыдзік знаходзіць час і сілы для ўласных захапленняў. Акрамя спорту, гэта фатаграфія, якою ён пачаў займацца з юнацкіх гадоў, калі атрымаў першы фотаапарат. На фотаздымках Уладзіслава Станіслававіча — прырода роднага краю, маляўнічыя мясціны Дзяржыншчыны і Уздзеншчыны.

У дэпутата ўжо было некалькі ўласных фотавыставак, наведвальнікі якіх пакінулі вельмі цёплыя водгукі. Цяпер ён рыхтуе да выхаду зборнік фотаэцюдаў — кожны фотаздымак суправаджаецца вершаванымі радкамі на рускай і беларускай мовах...

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Апераджаючы звароты

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.