Вы тут

Плюсы і мінусы варыянтаў павышэння пенсійнага ўзросту


Павышэнне пенсійнага ўзросту — адна з самых рэзанансных тэм апошнім часам. І нядзіўна — яна ж тычыцца кожнага з нас. Ва ўрадзе сцвярджаюць, што пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягвае працаваць кожны чацвёрты беларускі пенсіянер. Вядома, ва ўмовах, калі ў нас не такія высокія зарплаты і пенсіі, атрымліваць і першую, і другую адначасова чалавеку матэрыяльна выгадна. Але, калі адкінуць эмоцыі, трэба прызнаць: у нас сапраўды самы нізкі ўзрост выхаду на пенсію. У большасці краін свету ён складае ў сярэднім 65 гадоў.


Па статыстыцы, цяпер на аднаго беларуса ва ўзросце 55-60 гадоў і старэйшым прыходзіцца 2,3 чалавека ў працаздольным узросце. Але па прагнозах, ужо да 2030 года на аднаго чалавека ў пенсійным узросце будзе прыходзіцца 1,7 работніка. Між тым, як кажуць спецыялісты, у ідэале на аднаго пенсіянера павінна прыходзіцца 3-4 работнікі.

Пенсійная сістэма ў нас не назапашвальная, а размеркавальная, таму ўтрымліваюць пенсіянераў тыя, хто зараз працуе. А сённяшнія пенсіянеры ў свой час утрымлівалі папярэдніх. Але тыя папярэднія пакаленні пенсіянераў былі адносна малалікімі. А ў наш час усё больш людзей дажывае да старэчых гадоў.

Нядаўна міністр аховы здароўя Васіль Жарко заявіў, што за апошнія 10 гадоў чаканая працягласць жыцця беларусаў вырасла з 69 да 73,2 года. І гэта вельмі добра, да гэтага імкнёмся ўсе мы — жыць як мага даўжэй. Але ёсць у гэтай з'явы і невялікі «пабочны эфект»: рост нагрузкі на пенсійную сістэму.

На жаль, тут дэмаграфічная сітуацыя працуе супраць нас: нараджаць сучасныя беларускі не вельмі імкнуцца, таму і атрымліваецца, што пенсіянераў усё больш, а работнікаў — усё менш. Вось чаму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны яшчэ ў студзені заявіла, што павышэнне пенсійнай планкі ў краіне непазбежна — у адваротным выпадку памеры пенсій значна знізяцца. Але памер пенсіі па ўзросце не павінен апускацца ніжэй за 40% ад сярэдняй зарплаты па краіне, інакш пажылым людзям прыйдзецца цяжка. З прычыны дэмаграфічных змяненняў гэты паказчык па краіне і так ужо пачаў зніжацца: у 2001 годзе ён быў роўны амаль 45%, у 2008-м — 44%, а ў 2015-м — 41,7%.

* * *

Такім чынам, вось сітуацыя, у якой мы апынуліся. А зараз разгледзім варыянты выхаду з яе.

Спецыялісты сцвярджаюць, што акрамя павышэння пенсійнага ўзросту, можна яшчэ, напрыклад, пайсці на змяншэнне ўзроўню пенсій альбо павялічыць памер пералічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якога выплачваюцца пенсіі. Яшчэ адзін шлях — кардынальна памяняць усю пенсійную сістэму. Усе гэтыя варыянты разглядаліся і вывучаліся Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Вердыкт экспертаў: мы да іх не гатовыя.

Для таго каб знізіць нагрузку на пенсійную сістэму, наша дзяржава ўжо прыняла некаторыя меры. Напрыклад, мінімальны працоўны стаж для налічэння пенсіі ўжо павялічаны да 15,5 года. Таксама на 5 гадоў пазней пачалі выдаваць сацыяльную пенсію тым, хто не мае неабходнага працоўнага стажу. Але гэтага мала.

На нарадзе ў Прэзідэнта былі агучаны тры варыянты павышэння пенсійнага ўзросту: першы — да 60 гадоў для жанчын і 65 — для мужчын, другі — да 60 гадоў для жанчын і 63 гадоў для мужчын і, нарэшце, трэці — да 58 гадоў для жанчын і 63 — для мужчын.

Першы варыянт, па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, самы эканамічна прымальны для дзяржавы, але разам з тым і самы жорсткі. Мяркуючы па рэакцыі людзей, што бурна абмяркоўваюць гэтую навіну, многія да яго не гатовыя. Хоць калі аналізаваць сусветныя тэндэнцыі, варта прызнаць, што нават калі і не цяпер, то раней ці пазней, мы ўсё ж да яго прыйдзем.

Другі варыянт быў прапанаваны з улікам таго, што цяпер сярэдняя працягласць жыцця беларусак нашмат большая, чым у беларусаў, і складае 78,4 года. Але, з іншага боку, ні для каго не сакрэт і прычыны гэтага: шырока распаўсюджанае п'янства сярод нашых мужчын, поўнае ігнараванне здаровага ладу жыцця многімі з іх. Ці варта гэтаму патураць? Крымінальны кодэкс, напрыклад, не патурае: згодна з ім, учыненне крымінальнага злачынства ў п'яным выглядзе — абцяжваючая акалічнасць, а не змякчальная. І гэта правільна. Гэтаксама і бальнічны ліст з прычыны хваробы або траўмы, якую чалавек атрымаў у выніку злоўжывання алкаголем: у першыя шэсць дзён дапамога ў такім выпадку наогул не прызначаецца, а ў наступныя 12 дзён чалавек атрымае толькі 50% ад належнай дапамогі (а належыць у першыя 12 дзён — 80% ад заробку, нагадаем). Чаму ж пры прызначэнні пенсіі трэба прызнаць злоўжыванне алкаголем і абыякавасць да свайго здароўя фактычна змякчальнай акалічнасцю: а то, маўляў, ён не дажыве да яе?

Цяпер што тычыцца трэцяга варыянта — павысіць пенсійны парог да 58 гадоў для жанчын і 63 — для мужчын. Зразумела, што ён самы мяккі і цалкам можа сыграць ролю пробнага, таму што дае магчымасць пры выпадку, калі гэта ўсё-такі неабходна, давесці пенсійны ўзрост да прадугледжанага ў першым варыянце.

Канчатковы выбар яшчэ наперадзе. Вядома, як раней — працаваць і атрымліваць пенсію адначасова — чалавек ужо не зможа. Але можна сказаць, што для пэўнай часткі людзей павышэнне пенсійнага ўзросту стане нават добрай навіной. Бо наступленне пэўнага ўзросту часта разглядаецца не толькі як права на пенсію, але і як пазбаўленне права на працу: маўляў, трэба вызваляць месца маладым. Далёка не ўсім гэта ў радасць, ёсць і такія, якія ледзьве не плачуць. Праца — гэта не толькі зарплата, гэта і любімая справа, і калектыў, і грамадскае жыццё. З сыходам на пенсію ўсё гэта губляецца. Адзінае «але» — працаўладкавацца пасля 45 гадоў значна больш складана, чым маладзейшым. Многія працадаўцы насцярожана ставяцца да ўзроставых кандыдатаў — гэта факт. Таму, акрамя ўсяго іншага, трэба вельмі добра падумаць, як не дапусціць росту беспрацоўя сярод людзей перадпенсійнага ўзросту.

А калі вяртацца да плюсоў, то немагчыма не прыгадаць, што цяпер беларусы, няхай некаторыя і вымушана, задумаюцца пра сваё здароўе і, магчыма, пачнуць прыкладаць больш намаганняў, каб яго захаваць. А прадстаўнікі індустрыі прыгажосці дык і наогул радуюцца апошнім навінам, прагназуючы павышэнне сваіх даходаў: яны лічаць, што цяпер мы больш актыўна будзем хадзіць у спартыўныя залы, фітнес-клубы і нават звяртацца да пластычных хірургаў — неабходнасць працаваць абавязвае быць у форме. Па меншай меры, так адбываецца ў свеце.

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Неабходна выбіраць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?