Вы тут

Што прапануюць службы занятасці выпускнікам


«Вопыт працы абавязковы», — указвае большасць наймальнікаў у апісанні вакансій. Для моладзі гэтае патрабаванне часта становіцца перашкодай: адкуль узяцца таму вопыту, калі толькі скончыў вучобу? Каб забяспечыць юнакам і дзяўчатам часовую занятасць, дапамагчы набыць прафесійныя навыкі і павысіць іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы, у краіне дзейнічае праграма «Маладзёжная практыка». Летась у яе рамках было ўладкавана амаль 600 выпускнікоў. Праўда, на месца менеджара ці юрыста разлічваць не варта: большасць практыкантаў асвойваюць рабочыя прафесіі.


Навыкі для наймальніка

Як гэта працуе? Малады чалавек ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў, што не можа самастойна працаўладкавацца, звяртаецца ў мясцовыя органы занятасці. Яму прапануюць адно з вучнёўскіх месцаў на прадпрыемствах (арганізацыі могуць быць любыя, акрамя бюджэтных). З наймальнікам падпісваецца тэрміновы дагавор на перыяд да шасці месяцаў. Калі юнак ці дзяўчына збіраюцца ўладкавацца ў сельскай мясцовасці ці ў населеным пункце з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, кантракт можа быць заключаны на год.

— Праграма накіравана на тое, каб моладзь атрымала практычныя навыкі, — гаворыць начальнік упраўлення па занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Антаніна ЛАЎРОВА. — Таму што спецыяліст-пачатковец праз недахоп вопыту не заўсёды адпавядае тым патрабаванням, якія да яго прад'яўляе наймальнік.

У Мінскай вобласці, напрыклад, за апошнія пяць гадоў у рамках праграмы працоўнымі месцамі забяспечылі больш за тысячу чалавек, 347 з якіх — вясковыя жыхары.

Часцей за ўсё гэта тыя, хто не паступіў ва ўніверсітэт ці каледж або ўжо выпусціўся адтуль. Каля 70 працэнтаў практыкантаў, перш чым адправіць да наймальніка, службы занятасці накіроўваюць на перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.

— З тых выпускнікоў, што да нас прыходзяць, большасць маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. З дыпломам ВНУ рэгіструюцца адзінкі, — кажа Антаніна Іванаўна. — На перанавучанне накіроўваем пераважна тых, хто не паспеў атрымаць прафесію і мае толькі школьную адукацыю. Напрыклад, дзяўчат, што адразу сышлі ў водпуск па доглядзе за дзіцем, ці хлопцаў, якіх пасля 11 класаў прызвалі ў армію.

Курсы, дзе даюць спецыяльнасць, доўжацца да 10 месяцаў (некаторыя рабочыя прафесіі — таго ж кіроўцы пагрузчыка ці электраманцёра — можна і за два-тры месяцы асвоіць). Для моладзі гэтая адукацыя бясплатная: усе выдаткі пакрывае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Дзяўчаты ў рамках «Маладзёжнай практыкі» ўладкоўваюцца часцей цырульніцамі і прадаўцамі. Хлопцы — кіроўцамі, трактарыстамі і слесарамі. Наймальнікі запрашаюць моладзь таксама на месцы кухараў, кандытараў, бухгалтараў, электрагазазваршчыкаў, аграномаў, маляроў, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, аператараў кацельні.

Працу знойдуць усім

Наймальніку, трэба сказаць, такая форма супрацоўніцтва таксама выгадная. Служба занятасці кампенсуе прадпрыемству штомесячныя выдаткі на маладога практыканта ў памеры мінімальнага заробку (на сёння ён раўняецца 2,3 мільёна рублёў). Але гэта не значыць, што работнік не зможа атрымліваць больш за «мінімалку». Хоць заработную плату прапануюць звычайна невысокую.

— У асноўным 3-4,5 мільёна. Але такія ж заробкі і па вакансіях, якія заяўляюць сёння наймальнікі ў вобласці, — адзначае Антаніна Іванаўна.

Сёлета на Міншчыне запланавана прыняць 60 практыкантаў, але, як запэўніваюць у службе занятасці, калі будзе больш ахвотных, пастараюцца знайсці месцы ўсім.

Па статыстыцы, кожны чацвёрты беларускі беспрацоўны мае ўзрост ад 16 да 29 гадоў. Таму актуальнасць «Маладзёжнай практыкі» відавочная. Гэта не толькі часовая занятасць для выпускнікоў, але і магчымасць далейшага працаўладкавання. Летась 43 працэнты маладых людзей прадоўжылі працаваць у наймальнікаў на пастаяннай аснове. Напрыклад, у папярэднюю пяцігодку ў Салігорскім раёне замацаваліся больш за 110 чалавек (80 працэнтаў ад усіх практыкантаў). 16 з іх засталіся на Салігорскім домабудаўнічым камбінаце на месцах электрагазазваршчыка, мантажніка, машыніста маставога крана, бухгалтара. Па восем чалавек прынялі ЖКГ (эканамістамі і слесарамі) і ліцейна-механічны завод (токарамі).

У прысталічным рэгіёне за перыяд з 2011 па 2015 год на вучнёўскія месцы былі ўладкаваны 85 чалавек, і палова з іх перавялася на тыя ж прадпрыемствы на пастаянную працу. У якасці працадаўцаў выступілі ўніверсам (туды запрасілі кухараў) і раённае спажывецкае таварыства (узяло аператараў ПЭВМ).

Чаму другая палова практыкантаў не затрымліваецца на прапанаваных вакансіях? Прычына не заўсёды ў незадаволенасці кіраўніцтва маладымі работнікамі. Частка юнакоў і дзяўчат вырашаюць працягнуць адукацыю ў ВНУ ці каледжах. А хтосьці, набраўшыся вопыту, шукае больш прэстыжнае і высокааплатнае месца.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Падацца ў кухары ці трактарысты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».