Вы тут

З якімі просьбамі людзі звяртаюцца ў Мінаблвыканкам


32 чалавекі выслухаў падчас «прамой тэлефоннай лініі» кіраўнік справамі Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. Але не ўсе ахвотныя змаглі падзяліцца з ім сваімі клопатамі. Пра гэта сведчыць колькасць зафіксаваных спроб звязацца з адрасатам — больш як 3 тысячы.


Зразумела, кожны чалавек лічыць, што яго праблема найважнейшая і яе можна вырашыць толькі на абласным узроўні. Чарговы дыялог з заяўнікамі яшчэ раз засведчыў, што гэта далёка не так: многія пытанні ў кампетэнцыі мясцовых уладаў.

А вось Галіна Сяргееўна з Пухавіцкага раёна сапраўды трапіла ў складанае становішча. Жанчына на пенсіі, але выкладае ў школе хімію. Яе муж сем з паловай гадоў узначальваў філіял сельгасарганізацыі. Сям'я пераехала на Міншчыну з горада Шуміліна Віцебскай вобласці ў 2008 годзе, ім выдзелілі дом, які знаходзіцца на балансе завода. І вось цяпер, на старасці гадоў іх высяляюць.

У свой час Іван Маркевіч таксама працаваў у Шуміліне, таму добра ведае мужа Галіны Сяргееўны, неаднойчы перасякаліся з ім па службовых справах. «Вельмі прыстойны чалавек, добры кіраўнік», — так ахарактарызаваў яго Іван Станіслававіч. І прапанаваў яму прыехаць на прыём з неабходнымі дакументамі, каб больш дэталёва вывучыць сітуацыю.

Мужчына з аграгарадка Зазерка выказаў крыўду, што пры скарачэнні з завода яму не выдалі разлік... Наталля Міхайлаўна са Старадарожскага раёна паскардзілася, што сельгасарганізацыя затрымлівае дзіцячую дапамогу. Пра гэта будуць праінфармаваны адказныя асобы і старшыні райвыканкамаў для станоўчага вырашэння пытання.

Міхаіл Міхайлавіч з гарадскога пасёлка Старобін Салігорскага раёна — інвалід І групы. Раней жонка вазіла мужа на гемадыяліз у цэнтральную раённую бальніцу на сацыяльным таксі, а цяпер гэтую паслугу адмянілі. Працэдуру робяць тры разы на тыдзень, аўтобусам не наездзішся з хворым на руках, а звычайнае таксі абыходзіцца надта дорага. Бясспрэчна, такім людзям без дапамогі не абысціся. Іван Маркевіч даручыў азнаёміць з сітуацыяй Камітэт па ахове здароўя і Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Шматдзетная сям'я з Бярэзінскага раёна стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, але ніяк не можа атрымаць субсідыю на будаўніцтва дома. Заяўнікам растлумачылі, што банкі часова прыпынілі іх выдачу, таму давядзецца крыху пацярпець.

Ну, і як заўсёды, былі звароты наконт добраўпарадкавання і асфальтавання дарог і вуліц, работы лазняў. Прычым, шмат званкоў зарэгістравана ад жыхароў сталіцы, якія маюць у сельскай мясцовасці жыллё або дачы.

Аксана Таранда, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінаблвыканкама:

— Да 1 сакавіка на «прамыя тэлефонныя лініі» аблвыканкама паступіла 216 званкоў. У тым ліку 118 тычыліся дарожнай і камунальнай гаспадаркі, 30 — утрымання і рамонту дарог, 18 — водазабеспячэння, 42 — жыллёвых праблем, выдзялення крэдытаў і субсідый, прыватызацыі жылля. Сёлета асабліва востра паўстала тэма льготнага крэдытавання будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, паколькі сродкі на гэтыя мэты значна зменшыліся. У мінулым годзе было выдаткавана 110 млрд рублёў, сёлета — 65 млрд. Пры гэтым абавязацельствы «Беларусбанка» па заключаных ужо дагаворах складаюць больш як 380 млрд рублёў. Таму прынята рашэнне ў першую чаргу крэдытаваць сем'і, якія заключылі дагаворы і ў якіх тэрмін крэдытавання сёлета заканчваецца. А ўключэнне ў спісы на льготнае крэдытаванне з мінулага года прыпынена. Зразумелыя і званкі па прыватызацыі жылля — заканчваецца яе тэрмін. Хто застаўся, хто не прыватызаваў жыллё? Тыя, хто лічыў, што налічаная сума вялікая. Або тыя, хто цягнуў да апошняга, а цяпер спахапіліся: дакументаў няма, незразумела, каму гэтае жыллё належыць.

Акрамя таго, адносна шмат зваротаў па пытаннях аплаты працы — 14. Не заўсёды своечасова выплачваецца дзіцячая дапамога прыватнымі прадпрыемствамі, тымі, якія знаходзяцца ў крызісным стане. Арганізацыі маюць магчымасць звярнуцца ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для прадастаўлення пазыкі на такія мэты. Але яны не робяць гэтага, паколькі грошы трэба будзе вяртаць.

Шмат тэлефануюць людзі з Мінска, якім дасталася спадчыннае жыллё ў раёне, тыя, хто мае дачы. Сталічным жыхарам праблемы сельскай мясцовасці не вельмі зразумелыя. Жыць побач з супермаркетам, а затым на выхадныя апынуцца ў вёсцы, дзе магазін не працуе, а жыхароў абслугоўвае аўталаўка, бясспрэчна, не надта зручна. Чалавек лічыць, што павінны быць умовы, да якіх ён прывык у горадзе. Але ўтрымліваць магазін у населеным пункце, дзе жыве, напрыклад, 150 чалавек і ў асноўным купляюцца хлеб і малочныя прадукты, немэтазгодна: вялікія затраты на ацяпленне, зарплату прадаўцу, дастаўку тавараў, абслугоўванне памяшкання.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Зрабіце для дачнікаў... супермаркет»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».