Вы тут

Падвялі вынікі працы ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны


Міністэрства культуры падвяло вынікі працы ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны за 2015 год.


— Цягам апошніх гадоў зроблена многа эфектыўных крокаў для вырашэння пытанняў захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, іх выкарыстання на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, — зазначыў намеснік міністра культуры Аляксандр ЯЦКО.

Цягам мінулага года Міністэрства культуры прыняло рашэнне захаваць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 94 матэрыяльных аб'ектаў і 33 нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. А 116 аб'ектаў могуць быць пазбаўлены статусу культурнай каштоўнасці.

— У большасці выпадкаў гэта помнікі археалогіі, — тлумачыць Аляксандр Яцко. — Зараз праходзіць праца па інвентарызацыі помнікаў. Паколькі ў спіс каштоўнасцяў помнікі археалогіі ўключаліся досыць даўно, то здараецца, што іх ужо немагчыма знайсці. Яны маглі быць разбураныя пры выкананні сельскагаспадарчых работ ці ў спіс помнікаў уключаны памылкова.

Летась праводзіліся рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на многіх знакавых аб'ектах краіны. Найбольш яркія з іх: на Віцебшчыне — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку і Свята-Пакроўская царква ў Талачыне; на Гродзеншчыне — палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне і Стары замак у Гродне; на Гомельшчыне — адкрыта аглядная вышка ў паўднёвай частцы парку, праведзена рэканструкцыя Кіеўскага спуску, рэстаўрацыя капліцы-пахавальні; на Брэстчыне — работы па рэстаўрацыі Косаўскага і Ружанскага палацаў; на Магілёўшчыне — рэстаўрацыя і рэканструкцыя палаца ў вёсцы Жылічы і Пакроўскай царквы ў вёсцы Пустынкі.

Адметна, што дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады фармальна спыніла сваё існаванне. Яна прадугледжвала выкананне работ на 38 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. З 2012 па 2015 год работы вяліся на 26 аб'ектах, на рэканструкцыю і рэстаўрацыю замкаў затрачана каля 13 мільярдаў рублёў: гэта бюджэтныя, пазабюджэтныя, уласныя сродкі арганізацый-выканаўцаў. Але знікненне праграмы не азначае спынення работ на важных аб'ектах, гэтая праца будзе працягвацца. А сама праграма «Замкі Беларусі» ператварылася ў падпраграму «Спадчына» ў дзяржпраграме «Культура Беларусі» на 2016 — 2020 гады.

— У міністэрстве вядзецца і праца па падрыхтоўцы намінацыйных дасье для прадстаўлення аб'ектаў у спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана СМАТРЭНКА. — Летась падрыхтавана дасье па аб'екце «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай», сёлета яно дапрацоўваецца. А ў наступным годзе будзе дапрацоўвацца дасье «Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды».

Таксама летась у сакратарыят Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай спадчыны ў Парыжы накіравана намінацыйная заяўка-дасье, прысвечаная святкаванню ў гонар Маці Божай Будслаўскай.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Спадчына: ці захаваем?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».