Гісторыя шатландскага караля Макбета, аповед пра людзей, сапсаваных славалюбствам, якое штурхае іх на нечалавечыя ўчынкі, — адна з самых вядомых і знакавых трагедый у спадчыне Уільяма Шэкспіра. Чатырохактная опера «Макбет» — адзін з ключавых твораў італьянскага кампазітара Джузэпэ Вердзі. Магчымасць працаваць з такім славутым, моцным і складаным матэрыялам маюць толькі высокапрафесійныя калектывы. Якраз у гэтыя выхадныя Вялікі тэатр оперы і балета прадэманструе новую оперу свайго рэпертуару і пакажа, як творчая група з гэтым справілася. Прэм'ера «Макбета» адбудзецца на сцэне тэатра 19 і 20 сакавіка.
У час напісання Уільямам Шэкспірам гэтай п'есы на англійскім троне знаходзіўся Якаў І, сын шатландскай каралевы Марыі Сцюарт. Кароль, у адрозненне ад сваёй папярэдніцы каралевы Елізаветы, імкнуўся паставіць тэатр пад асабісты кантроль, што прывяло да непрыемных вынікаў для некаторых труп. Таму
Уільяму Шэкспіру і акцёрскаму таварыству, з якім ён працаваў, пры стварэнні новай пастаноўкі трэба было ўлічваць шмат нюансаў.
Невыпадкова для новай трагедыі выбраны сюжэт з гісторыі Шатландыі, нездарма намякаецца на глыбокія сувязі паміж Англіяй і Шатландыяй, а сярод дзеючых асоб з'яўляюцца вядзьмаркі (новы кароль пісаў пра іх вучоныя трактаты).
— У Антуана дэ Сэнт-Экзюперы ёсць цудоўная навэла пра сілу мастацтва, дзе аўтар кажа, што самым любімым народам каралём Шатландыі насамрэч быў Макбет. Але так здарылася, што нядобразычліўцы яго забілі і распусцілі нядобрыя чуткі, якія падхапіў Шэкспір, потым Вердзі, а цяпер і Вялікі тэатр Беларусі. Вось так «Макбет» аказаўся ў Мінску, — кажа першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Уладзімір Рылатка. — Задума паставіць гэтую оперу ў нас узнікала і раней, нават былі зроблены некаторыя крокі. На жаль, з пераездам у будынак тэатра пасля рэканструкцыі ад пастаноўкі адмовіліся. Праз некалькі гадоў мы вярнуліся да гэтай тэмы і пачалі працу.
Палкаводзец караля Дункана Макбет атрымлівае прароцтва, у якім яго называюць «каралём у будучыні». Лэдзі Макбет пераконвае мужа ў тым, што трэба забіць караля, каб самому заняць яго месца. Той ідзе на злачынства, забівае Дункана і ўзыходзіць на трон Шатландыі. З гэтага пачынаецца шэраг забойстваў прэтэндэнтаў на ўладу — палкаводца Банка і яго сына, сям'і Макдуфа. За ўсімі забойствамі стаяць прагныя да славы Макбет і яго жонка. Кароль Шатландыі пачынае бачыць прывідаў, лэдзі Макбет страчвае сон.
Рэжысёрам-пастаноўшчыкам оперы стаў Міхаіл Панджавідзэ, дырыжорам-пастаноўшчыкам з'яўляецца Віктар Пласкіна, хормайстрам-пастаноўшчыкам — Ніна Ламановіч. Спектакль уключае ў сябе шмат балетных сцэн, над якімі працуюць Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў.
У оперы «Макбет» ёсць дзве рэдакцыі. Першая з поспехам прайшла ў 1847 годзе ў фларэнтыйскім тэатры «Пергола», а праз сямнаццаць гадоў Джузэпэ Вердзі стварыў новую рэдакцыю для Парыжа. Для пастаноўкі ў Вялікім тэатры оперы і балета выкарыстоўваліся адразу дзве рэдакцыі.
— Італія — радзіма оперы. Вердзі — бацька оперы. Прынамсі я не ведаю нічога лепшага за Вердзі, — кажа Віктар Пласкіна, — Вялікі тэатр мае ў рэпертуары такі джэнтльменскі набор, у які ўваходзяць «Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад», «Рыгалета», «Травіята». Але гэтага недастаткова, каб паказаць геніяльнага кампазітара. Да таго ж заўсёды трэба шукаць новую страву, каб падаць яе на стол, і я думаю, гэты спектакль упрыгожыць наша тэатральнае меню, гэта знакавая і важная работа для тэатра. Мы звяртаемся да «Макбета» нездарма. У першую чаргу мы думаем, хто можа спяваць у пастаноўцы, бо вельмі важна данесці задуму са сцэны, і ў нас такія людзі ёсць. Выбар упаў на Станіслава Трыфанава, Уладзіміра Пятрова і Уладзіміра Громава — тры добрыя барытоны; у сапранавую групу ўвайшлі Ніна Шарубіна, Таццяна Траццяк, Кацярына Галаўлёва. Опера «Макбет» вялікая, насычаная, разнастайная, а балетныя сцэны дадуць разрадку ад вакалу.
Ніна Ламановіч, галоўны хормайстар Вялікага тэатра, падкрэсліла, што не кожны тэатр можа паставіць такі спектакль:
— Тое, што мы можам сабе дазволіць уключыць у рэпертуар гэту оперу — гонар. У «Макбеце» вельмі складаныя вакальныя партыі, не толькі па аб'ёме, але і па драматычным напаўненні, па тэсітуры. Хор любіць спяваць Джузэпэ Вердзі, гэта кампазітар моцных страсцей, вельмі яркі і выразны — харавая гучнасць проста бязмерная.
Зварот да Шэкспіра, дарэчы, своечасовы — у 2016 годзе адзначаецца 400-годдзе з дня смерці класіка. Трагедыі «Макбет» ужо 410 гадоў, і так шкада, што яна застаецца актуальнай. Але, апроч актуальнасці, прыцягнуць увагу павінны відовішчная пастаноўка, насычаны сюжэт, драматызм падзей, забойствы, кроў, прывіды, самнамбулізм — карацей, тое яшчэ спалучэнне.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.