Вы тут

Бабка спіць, а гусей пасе...


У вёскі маёй прыгожая, звонкая назва — Падбарочча.

Бор там і праўда ёсць. А ў ім грыбоў — хоць касою касі! Нарэжаш ладны кош, прычым баравікоў, назбіраеш ягад — вось табе і мачанка з грыбочкамі, а на закуску — бруснічнае варэнне з грушамі.

А яшчэ з вясковых прысмакаў ёсць паляндвічка, вяндліна...

Раней нячаста людзі іх елі, — хіба ў найвялікшыя святы: на Каляды, Новы год, на Вялікдзень. Абавязкова пакідалі да сямейных святаў, для нечаканых гасцей. А такія, ну вядома ж, здараліся...

У гады майго дзяцінства і юнацтва вёска гула, як той казаў: у адной хаце спраўлялі хрэсьбіны, у другой — вяселле. Вечарамі моладзь спяшалася ў клуб... Як жа хораша тады спявалі песні, колькі гучала вершаў!..

І бібліятэка запатрабаванай была, хоць працавалі ў ёй не прафесіяналы, а звычайныя мясцовыя дзяўчаты, жанкі, якія не заўсёды маглі зарыентавацца ў кніжным моры. Што ўжо казаць пра чытачоў?! Дарэчы, сярод моладзі тады анекдот хадзіў. Дзяцюк адзін глядзіць у кнігу. Другі пытаецца: «Пра што чытаеш, Міхась?» — «Пра лётчыка, — адказвае той. — АС Пушкін» называецца». — «А хто напісаў?» — «Нейкі нярускі, мусіць: прозвішча — Учпедзіз» (Было выдавецтва такое — Аўт.).

Пра падобны анекдатычны выпадак расказалі мне і знаёмыя бібліятэкаркі.

Аднойчы, разам з загадчыкам аддзела культуры, яны паехалі па вёсках — сталі правяраць работу сельскіх бібліятэк. І, што называецца, захапіліся: пераязджаючы з адной у другую, неяк не заўважылі, што прапусцілі абедзенны перапынак. А сонца між тым ужо да зямелькі хіліцца, кішкі марш пачынаюць іграць.

І вось пад яго «акампанемент» пакідаюць «рэвізоры» апошнюю вёску, і раптам ля крайняй хаты бачаць сваю знаёмую — Соф'ю Сяргееўну, бібліятэкарку...

Нельга ж праехаць, не павітаўшыся, не распытаўшы чалавека пра жыццё-быццё.

Прыпыніліся. Соф'я Сяргееўна, згледзеўшы такую прадстаўнічую брыгаду, праўда, не на жарт спужалася: узялася казаць, што не чакала праверкі, ды і дзень у яе не працоўны...

— Пачакай, Сяргееўна, — перапыніў яе начальнік з раёна, — ты лепш скажы, у цябе вяндліна ёсць?

Жанчына і зусім разгубілася, кажа:

— Далібог, не помню! Ведаю, што гэта польскі пісьменнік, але ці ёсць?.. Трэба ў бібліятэку пад'ехаць, глянуць у каталог...

Што там Соф'я Сяргееўна ўбачыла, гісторыя замоўчвае. Факт, што вяндлінай сваіх нечаканых гасцей яна не пакарміла — сэканоміла.

Мікалай Юруць, г. Ляхавічы


Слухай вухам, а не брухам

...Як і многія іншыя гараджане, я карыстаюся рознымі відамі грамадскага транспарту. У апошнія гады аўтобусы ды тралейбусы ходзяць, як правіла, чысценькія, спраўныя, а вось так званыя маршруткі бываюць розныя. Здараецца, глянеш на якую — дабітую, з прагарэлым глушыцелем — і дзякуеш Богу, што нумар маршруту на ёй не твой.

А нехта ж едзе!..

Самым слабым месцам у большасці маршрутак, на мой погляд, з'яўляюцца дзверы. Яны то адчыняюцца там, дзе не трэба, то не зачыняюцца, хоць ты плач!.. Адзіны спосаб тады — грукнуць імі з усіх сваіх сіл. А то і не раз.

...Гэта прыгода адбылася з сынам маёй знаёмай. Аднойчы прыцемкам ён вяртаўся з заняткаў дахаты. Каб хутчэй было, вырашыў дабрацца маршруткай. І нядоўга ж чакаў яе — пад'ехала (прычым досыць прывабная звонку), хлопец тут жа зайшоў у салон. І — як зрабіў бы кожны — зачыніў за сабою дзверы, добра пры гэтым грукнуўшы... На што кіроўца, не павярнуўшы галавы, роўным і спакойным голасам (так, прынамсі, здалося пасажыру) сказаў:

— Мацней...

Добра выхаваны падлетак хуценька, каб не затрымліваць іншых пасажыраў, «усё» паўтарыў: гэта значыць, грукнуў дзвярыма яшчэ раз — ужо з большым імпэтам.

— А яшчэ мацней нельга? — спытаў у яго кіроўца.

Калі б у маладога пасажыра было больш жыццёвага досведу ён, магчыма, адчуў бы, што пытанне прагучала неяк не так. Але ж молада-зелена: папрасілі яго бразнуць мацней, ён — адпаведна — і бразнуў, сілы былі: у маршрутцы аж шыбы зазвінелі!

— Ты што — здекуешся з мяне?! — ва ўсё горла закрычаў кіроўца, скінуўшы маску ветлівасці.

Ад ягонага воклічу задрыжэлі ўжо не толькі шыбы, але і пасажыры. Вінаваты, вядома ж, і пагатоў!

...Факт, што вечарам, дабраўшыся дамоў, ён расказаў матулі пра свае транспартныя прыгоды. Тая слухала яго з усмешкай.

— А мне дык, ведаеш, неяк не да смеху было, — прызнаўся падлетак. — Ехаў жа я да канцавога прыпынку, позна... Шчасце, што не адзін — разам з нейкай жанчынай, а то...

Добра ўсё, што добра канчаецца. А каб так яно і было — па сабе гэта ведаю — слухаць трэба не толькі словы, але і голас, якім яны прамаўляюцца.

Генадзь Рыняк, г. Мінск


А не трэба крыўдзіць дзеда!

Не ведаю, як у вас, а вось у нашай вёсцы шмат дзядоў кшталту славутага Шчукара. Ну ўзяць хоць бы дзеда Барыса. Акуратны быў, вельмі ашчадны ці нават скупаваты?

Праз гэтыя якасці і памяць пра сябе пакінуў. Раней жа шмат што талакою рабілася. І той, хто збіраў яе, так бы мовіць, потым «прастаўляўся» — карміў грамаду...

У выніку вёска заўважыла: калі частаваў дзед, дык заўсёды першым выпіваў сваю чарыцу. І адразу ж моршчыўся, кашляў, пляваўся, казаў: «І хто гэтую гадасць п'е? Каб яе век не было!». А вось калі частавалі дзеда, тады ўсё наадварот: перакуліць ён чарку, крэкне і скажа: «Э-э-э, на душу пайшла!»...

Быў яшчэ дзед Сяргейка — вялікі хітраван. Быў дзед Апанас — «сачыніцель». Ён, помню, расказваў, як на лузе зайца злавіў — велічынёй з цяля: паваліў яго, накінуў кухвайку, а той шмыг у рукаво — і ўцёк.

А яшчэ быў дзед Аўсей — таксама «казачнік», ён перабольшваць дужа любіў. Неяк, напрыклад, адзін мужык стаў хваліцца яму, што пчол трымае. Дзед тут жа пытаецца: «А якія яны па памеры? Той плячыма паціснуў ды кажа: «Ну пчолы як пчолы». — «А вось у мяне, — хваліцца дзед, — пчолы дык пчолы! Кожная — з добрую гусь: з аднаго лёту кілю мёду прыносіць... Проста не ведаю, куды і дзяваць».

Мужык «уразіўся», пытаецца: «А як яны ў вуллі трапляюць?» — «Дык гэта ж дадому, — адказвае дзед, — пішчаць, бедныя, а лезуць».

Старэнькі ён быў, гэты дзед Аўсей. А ў такіх якая забава, — сядзі сабе на лаўцы ды пазірай... Было б на што. Дзеду ў гэтым сэнсе пашчасціла — жыў ён у бойкім месцы: праз дарогу ад крамы, на Шляху, гэта значыць на самай галоўнай, самай шырокай вуліцы. (Можа, варта сказаць, што ўсе яны ў нас нявузкія: я сваю спецыяльна памерала — ад майго плота да суседскага дваццаць чатыры метры, значыць на Шляху — усе сорак будзе — Аўт.)

Дык вось. Сядзіць стары, пазірае.

Машын, вядома ж, тады столькі не было, аднак яны гойсалі.

А на вуліцы — куры, дурныя істоты! Як аўто якое наблізіцца, дык яны — пад колы: ім, ці бачыце, на другі бок перабегчы трэба. І тады — толькі пер'е ўбакі ды «курыца табака» на асфальце.

Дзед Аўсей, сваіх не раз «адскрабаў», бо яны ж не дохлыя... Хоць суп нейкі зварыш...

Адно заўважыў стары — куры пад адзін і той жа легкавік часцяком трапляюць. Ён па вуліцы куляй ляціць, на «першай касмічнай» хуткасці.

Дзед гэту машыну добранька запомніў, разоў колькі ўслед ёй кулакамі патрос... Ды кіроўцу што — яму на тыя эмоцыі напляваць...

Але ж да пары.

То сядзіць неяк дзед на сваёй лавачцы, а тут — трах-бах, кіно і немцы: дзве машыны сутыкнуліся! ДТЗ, у чыстым выглядзе! Кіроўцы адзін на аднаго крычаць, рукамі размахваюць, людзі падыходзяць і адыходзяць, міліцыя пад'язджае...

Дзед нібыта дэтэктыў глядзіць. Да таго ж «акцёр» ёсць знаёмы — той самы «лётчык», забойца курэй.

— Я зусім ціха ехаў, — даводзіць ён даішнікам, — збіраўся спыніцца, вось у гэтую краму зайсці.

І тут жа да старога:

— Дзед, ну скажыце ім, як было?! Вы ж бачылі...

— Бачыў, — адгукаецца стары.

— ...І вы ж мяне ведаеце?

Вось пра гэта яму б лепей не пытаць...

Дзед устаў, задаволена разгладзіў вусы і засведчыў:

— А як жа — ведаю, бачыў, як ён «ціха ехаў»...

— Ну я ж вам казаў! — радуецца хлопец.

А дзед тым часам працягвае:

— ...Так ціха, што як пранясецца, дык курыцу конча саб'е! Ці не палову перадушыў ужо! Дзівам дзіўлюся, як яшчэ сам дагэтуль жывы! Каб не паспяваў за лаўку схапіцца, мяне б ветрам садзьмула! (Паўтаруся — дзедава лаўка за 15 метраў ад краю праезнай часткі. — Аўт.).

Хлопец проста «абалдзеў» ад такой несправядлівасці! Сказаў: — Дзеду, ну цяпер жа я ціха ехаў?!

Той яму:

— А не трэба было курэць душыць!

І дадаў у сваім ужо стылі:

— Мае ж куры па два яйкі неслі.. за дзень!

...Чым там завяршыўся разбор ДТЗ, дзед Аўсей не ўнікаў: ён сваё слова сказаў, міліцыянеры, мяркуючы па ўсім, пачулі. Бо з таго самага дня гэты «лётчык» не тое што паўз дзедаву хату — па ўсім Шляху (паўтара кіламетра!) праязджаў на легкавіку нібы на валах. Нават куры кінулі займацца самагубствам: іх чамусьці не «заводзяць» малыя хуткасці.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


dounar@zviazda.by

P.S. Мяркуючы па нашай рэдакцыйнай пошце, чытачам спадабалася ідэя конкурсу на самую лепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю». Ва ўсякім разе, прыходзяць яны ледзь не штодня! Гэта, вядома ж, радуе... Адзіная просьба: калі ласка, пакідайце зваротныя адрасы і нумары тэлефонаў, бо здараецца, хочацца падзякаваць ці нешта ўдакладніць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».