Вы тут

Касіў Ясь канюшыну


«Песняры» смела ўзнеслі народную песню «Касіў Ясь канюшыну» на эстрадны Алімп. І яна, ласкава выпешчаная на беларускай зямлі, у майстэрскім выкананні таленавітага ансамбля сакавіта загучала на шырокіх прасторах усяго Саюза, прывабна-задорным перазвонам палілася ў блізкім і далёкім замежжы.


Як і многія фальклорныя творы, песня «Касіў Ясь канюшыну» існуе ў тэкставых варыянтах. Выбар таго ці іншага з іх дыктуецца характарамі спевакоў, іх памкненнямі. Калі спяваюць «Люба мамка мая, / Ажані ж ты мяне», то зварот юнака нагадвае запыт-просьбу. А ў варыянце, запісаным паўстагоддзя таму ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці г.п. Лельчыцы Гомельскай вобласці, пры звароце да маці юнак выглядае настойлівай, упэўненай асобай, здольнай самастойна ўладжваць сямейныя запатрабаванні, але, паводле народных звычаяў, для яго патрабуюцца толькі паразуменне і згода бацькоў: «Ці ты мамка, ці не, / Ажані ж ты мяне».

Такое выразнае выяўленне юнацкай сталасці пацвярджаецца і ў апошняй страфе аднаго з варыянтаў, што вельмі гарэзліва выконваюць у гомельскім Падняпроўі: «Я вазьму сабе таку — / Сама ляжа пры баку». Тут лагічна адбываецца сэнсавая пераклічка паміж запрашэннем дзяўчыны (3-я страфа), «што ў полі жыта жала», і паведамленнем юнака пра свабодны выбар дарослых дзяцей пры стварэнні сям'і.

Да гэтай жартоўнай, лірычна падсветленай песні арганічна далучаецца народная песня «Пасылала мяне маці», пашыраная ў Падняпроўі.

Пасылала мяне маці, (2)

Пасылала мяне маці

Яравое жыта жаці.

А я жыта не жала, (2)

А я жыта не жала

У баразёнцы ляжала.

Баразёнка вузёнка, (2)

Баразёнка вузёнка

Не памесцілася.

Летня ночка каротка, (2)

Летня ночка каротка

Я не выспалася.

А я дня ўкарачу, (2)

А я дня ўкарачу,

Летняй ночцы прытачу.

Вунь Мікіта ідзе, (2)

Вунь Мікіта ідзе,

Мне арэшкі нясе.

Ці арэшкі лускаць, (2)

Ці арэшкі лускаць,

Ці Мікіту цалаваць?

Я арэшкі лускала, (2)

Я арэшкі лускала

І Мікіту цалавала.

Гэтыя песні ствараюць своеасаблівую гендарную пару. Яны маюць аднолькавую музычную і тэкставую будову, гучаць вольна, з гуллівым выклікам і хлопцаў, і дзяўчат. Блізкія яны і тэматычна: перадаюць свабодалюбівы характар дзяўчат, натуральнае разгортванне закаханасці, адлюстроўваюць напружаны перыяд працоўнай дзейнасці — жніво. У песнях за жартам прасочваецца быццёвая развага пра несупадзенне ўлетку пачуццёвага росквіту і неаслабнага клопату пра ўраджай...

І народная песня «Касіў Ясь канюшыну» сапраўды стала сімвалічна ўраджайнай для творчай дзейнасці «Песняроў».

Касіў Ясь канюшыну, (2)

Касіў Ясь канюшыну,

Паглядаў на дзяўчыну.

А дзяўчына жыта жыла, (2)

А дзяўчына жыта жала

І на Яся паглядала.

— Хадзі, Ясь, да мяне, (2)

Хадзі, Ясь, да мяне,

Спадабаўся ты мне.

Кінуў Яська касіць, (2)

Кінуў Яська касіць,

Стаў ён мамку прасіць:

— Ці ты мамка, ці не, (2)

Ці ты мамка, ці не —

Ажані ж ты мяне.

Усе людзі жонак маюць, (2)

Усе людзі жонак маюць,

Абдымаюць і кахаюць.

Каб я жоначку меў, (2)

Каб я жоначку меў,

То б не піў і не еў.

— Дык бяры Станіславу, (2)

Дык бяры Станіславу,

Што, як сядзе, — на ўсю лаву.

— Станіславы не хачу, (2)

Станіславы не хачу,

Бо на лаву не ўсаджу.

— Дык бяры сабе Яніну, (2)

Дык бяры сабе Яніну —

Працавітую дзяўчыну,

 

Што ў полі жыта жала, (2)

Што ў полі жыта жала,

На цябе паглядала.

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.