Вы тут

Горад малы — магчымасці вялікія


Лічыцца, што чым бліжэй раён да абласнога цэнтра ці сталіцы, тым больш у яго магчымасцяў. Але, як той казаў, усё адносна... Клецкі раён знаходзіцца далёка ад Мінска, бойкіх шляхоў. Але тут ёсць шмат станоўчых прыкладаў у розных галінах дзейнасці. За мінулы год валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі склала 102,4%, у тым ліку малака — 102,9%, свініны — 109,3%, ялавічыны — 103,8%.Традыцыйна Клецкі раён у лідарах па валавым зборы збожжа — 100 тыс. тон. Летась, нягледзячы на засушлівае надвор'е, удалося перавысіць гэты ўзровень... Словам, падстаў для таго, каб задаць некалькі пытанняў старшыні райвыканкама Генадзю Салаўю, дастаткова.


— Генадзь Міхайлавіч, за кошт чаго ўдалося палепшыць вынік папярэдняга года?

— Летась, сапраўды, мы не толькі сабралі звыш 100 тысяч тон збожжа, але і павялічылі папярэдні паказчык на 679 тон. Перш за ўсё — за кошт увядзення новых тэхналогій, захавання тэхнічных рэгламентаў, абнаўлення пасяўнога матэрыялу. Напрыклад, максімальна выкарыстоўваем элітныя і суперэлітныя рэпрадукцыі. Пераходзім на новыя гатункі насення бульбы. Усё гэта дазволіла папоўніць кармавую базу, забяспечыць канцэнтратамі грамадскі статак. І, як вынік, павялічыць прывагі і надоі. За мінулы год, напрыклад, надаілі 6053 кілаграмы малака на карову, што больш папярэдняга паказчыка.

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзве новыя малочнатаварныя фермы, што дасць магчымасць павялічыць дойны статак на 600 галоў. Без будаўніцтва новых фермаў і далейшай рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў цяжка павялічыць аб'емы вытворчасці прадукцыі. Як паказала практыка, на фермах для ўтрымання маладняку, дзе прайшла рэканструкцыя, сярэднясутачныя прывагі ўзраслі да 750-900 грамаў. Таму будзем працягваць гэтую работу і надалей.

Мы плануем выйсці на большую канцэнтрацыю пагалоўя: 100 галоў буйной рагатай жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў, а колькасць дойных кароў давесці да 27 галоў. Сёння гэты паказчык — 23 «рагулі».

Што тычыцца свінагадоўлі, то цяпер праводзіцца рэканструкцыя і мадэрнізацыя свінагадоўчага комплексу. Хацелася б зрабіць усё больш аператыўна, але на гэта ўплывае недахоп фінансавых сродкаў.

Асаблівая ўвага і кармавой базе. У першую чаргу працуем над захаваннем тэхналогій.

— У Клецку знаходзяцца такія сучасныя прадпрыемствы, як «Гама смаку», філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (больш вядомы спажыўцам па брэнду «Клецкая крыначка»). Наколькі ведаю, яны ў гэты складаны час выпускаюць новую прадукцыю, шукаюць дадатковыя рынкі збыту?

— Сапраўды, тут асвойваюць выпуск інавацыйных відаў прадукцыі, шукаюць новыя рынкі збыту. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Гама смаку» прыступілі да вырабу кактэйляў для дзіцячага харчавання, якія сёння вельмі запатрабаваныя. Прадпрыемства нарошчвае выпуск прадукцыі з гародніны. Мяркуем сустрэчу з кіраўнікамі сельгасарганізацый, фермерамі, каб забяспечыць таварыства сыравінай, вырашчанай менавіта на клецкай зямлі. Клецкі філіял Слуцкага сыраробнага камбіната асвоіў выпуск тварагу ў спецыяльнай герметычнай упакоўцы пад брэндам «Клецкая крыначка». Тэрмін яго захоўвання павялічаны да 20 сутак, што стварыла ўмовы да росту экспарту. Пасля ўстаноўкі трэцяга фасовачнага аўтамата сутачны аб'ем выпуску прадукцыі павялічыцца на 30%. Ужо ёсць дамоўленасці па пастаўках з расійскімі партнёрамі. Раней аналагічную прадукцыю нашы суседзі закуплялі ў аднаго з вытворцаў краін Балтыі. Цяпер гэтую нішу імкнецца заняць наша прадпрыемства. Плануецца пашырыць і экспарт сухога абястлушчанага малака, масла.

— Генадзь Міхайлавіч, а ці ідзе ў Клецк прыватны бізнес — усё ж далёка ад сталіцы?

— Доля малога і сярэдняга бізнесу ў даходах мясцовага бюджэту — 37,7%. Мы ствараем усе ўмовы для яго далейшага развіцця. Разумеем, што ў першую чаргу гэта — занятасць насельніцтва. У горадзе ёсць пэўныя праблемы з працаўладкаваннем.

Мы шукаем магчымасць, каб у раёне з'яўляліся новыя прадпрыемствы, на гэты конт распрацаваны інвестыцыйныя праекты. Але наш раён, як вы заўважылі, аддалены ад МІнска. А прыватнікі, як правіла, імкнуцца адкрываць прадпрыемствы непадалёку ад сталіцы, абласных гарадоў, дзе развіта інфраструктура. Разам з тым у нас ёсць свабодныя плошчы і зямельныя ўчасткі, якія можам праз аўкцыёны прапанаваць усім ахвотным для адкрыцця бізнесу.

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?