Вы тут

Раніца пасля Бруселя


Літаральна ўвесь дзень учора "вісеў на стужцы" --  у рэжыме рэальнага часу маніторыў паведамленні вядучых інфармагенцтваў, аналітычныя сайты (хоць, да слова, ход да аналітыкаў пераходзіць не адразу). Мы таксама на нашым партале zviazda.by вялі сваю хроніку. Вядома, галоўная навіна -- тэракты ў сталіцы Еўрасаюза.  За падзеямі ў Бруселі без перабольшвання сачыў увесь свет.


Выбухі ў зоне рэгістрацыі аэрапорта Завентэм прагрымелі адзін за адным у аўторак пасля 10 гадзін па мінскім часе. Падрабязнасці сталі вядомыя пазней: спачатку ў зоне агню і смяротных аскепкаў апынулася зона каля стойкі, дзе пасажыры разлічваюцца, калі перавысілі ўстаноўленую вагу багажа. Наступны -- побач з кавярняй Starbucks. Шэраг людзей пацярпелі менавіта ад другога выбуху, калі пабеглі ад першага. Разлічана ўсё было, быццам у шахматнай партыі, толькі замест фігурак былі жывыя людзі...

У аэрапорце загінулі 11 чалавек, многія атрымалі раненні. Ужо ўвечары спачатку ў сацыяльных сетках, пасля па афіцыйных каналах паліцэйскага ведамства была распаўсюджана выява мяркуемых злачынцаў. Трое мужчын вязуць багаж: двое --  у чорным, левыя рукі ў чорных пальчатках (спецыялісты адзначаюць, што так  яны хавалі тую самую кнопку, якой пасля падарвалі сябе), трэці, крыху ўбаку, --  у нейкім капялюшы-паўцыліндры і амаль белым адзенні. Менавіта апошняга цяпер адшукваюць. мяркуюць, што ён "вёў" дваіх смяротнікаў. Магчыма, быў яшчэ і трэці, бо пасля адшукаюць аўтамат і пояс смяротніка, які, на шчасце, не быў прыведзены ў дзеянне.

Дзесьці праз гадзіну пасля здарэння ў аэрапорце выбух прагрымеў на станцыі метро "Маальбек" --  непадалёк ад штаб-кватэр афіцыйных устаноў Еўрасаюза.  Зноў дакладны нечалавечы разлік: другі вагон з трох падарвалі ў той час, калі састаў крануўся і пачаў заязджаць у тунэль. У выніку -- 20 загінулых. Увогуле больш двухсот параненых, асобныя знаходзяцца ў цяжкім стане. Адказнасць за ўчыненае ўзяла на сябе ўсё тая ж "Ісламская дзяржава".

Прэм'ер-міністр Бельгіі Шарль Мішэль назваў 22 сакавіка "чорным днём у гісторыі краіны". Увечары за зваротам выступіў кароль бельгійцаў Філіп. Вядома, словы спачування прагучалі з усіх куткоў свету. Але... Загінулых не вернеш, як не выкрасліць з сэрца гэты крывавы аўторак Бруселя (як, дарэчы, дагэтуль такія жалобныя даты Парыжа і Мадрыда). Учора быў сапраўдны шок, а сёння --  першыя спробы аналітыкі, "разбору палётаў". Сярод самых розных выказванняў для сябе адзначыў меркаванне Дэйва Сінардэта са Свабоднага ўніверсітэта Бруселя. "Шмат гадоў пытанням бяспекі і тэрарыстычных пагроз надавалася недастаткова ўвагі, -- заўважыў ён Бі-бі-сі. -- Аднак падобныя тэрарыстычныя напады вельмі цяжка прадухіліць, і мы былі сведкамі гэтаму ў Мадрыдзе, Лондане і Парыжы. І ўсё ж правал бельгійскіх службаў відавочны. Узброеныя да зубоў людзі змаглі зайсці ў аэрапорт Завентэм, адкрыць агонь па людзях і потым падарваць сябе. Праз гадзіну іншы чалавек здолеў зайсці ў цягнік метро, што ў некалькіх кроках ад штаб-кватэры ЕС, і падарваць сябе. У лістападзе службы бяспекі праводзілі спецыяльныя вучэнні, тэрарыстычная пагроза была ўстаноўлена на другім найвышэйшым узроўні, вайсковыя падраздзяленні былі гатовы для патрулявання вуліц у некалькіх гарадах. Паліцыя, відавочна, не вытрымала напору бесперапыннай ісламісцкай пагрозы. Да гэтага дадаліся яшчэ і інстытуцыйныя праблемы".

..Раніца пасля таго самага крывавага аўторка Бруселя ў Мінску выдалася сонечная і, нягледзячы на невялікі мінус, па-вясноваму нейкая ўтульная і радасная. Зусім не хацелася ўзгадваць пра нешта трагічнае. Аднак яно літаральна за парогам. У еўрапейскай сталіцы загінулі і паранены людзі (дарэчы, сярод пацярпелых грамадзяне дзесяткаў краін), горад--краіна--кантынет зведалі гора і боязь. Апасенні за сябе і сваіх блізкіх. Гэта фізічна адчуваеш на кантрасце з цудоўным вясновым ранкам. Разумееш важкасць міру і спакою.

Калі выбягаў з дому на працу, мой васьмімесячны Кастусёк усміхнуўся і працягнуў сваю цацку. Прыціснуў яго да сэрца разам з цацачным матыльком і так хораша стала на душы! Варта зрабіць усё магчымае, каб у нас былі менавіта такія ранкі. Усім --  неперадавальнага смаку жыцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».