Вы тут

Вольга Сахарава: «Тэлебачанне як магчымасць для творчасці»


Праграма «Мінск і мінчане» тэлеканала СТБ кожны тыдзень збірае каля экранаў усіх тых, хто не толькі любіць беларускую сталіцу, але і з цікавасцю адкрывае для сябе старонкі яе гісторыі. У сакавіку праект, можна сказаць, адзначае свой 14-ы год нараджэння. За гэты час змяніўся горад, змянілася сама перадача, але незнікла яе запатрабаванасць у гледачоў. За кошт чаго ёй удаецца не страчваць сваіх эфірных пазіцый і якая за кадрам яе вядучая Вольга Сахарава, мы паспрабавалі даведацца з першых вуснаў.


— Вольга, ваша праграма амаль што равесніца самога тэлеканала...

— Не ведаю, ці можна казаць, што праграме «Мінск і мінчане» 14 гадоў, бо першапачаткова яна пачыналася з сюжэтаў, замалёвак пра горад, якія выходзілі паміж праграмамі. А з часам ператварылася ў паўнавартасны прадукт.

— Вы прыйшлі працаваць на тэлеканал СТБ у пачатку 2006 года і пачалі рабіць гэты праект. Чаму абралі менавіта такую нішу?

— Да прыходу сюды я працавала на адным з тэлеканалаў прэс-сакратаром. Аднак паколькі з'яўляюся чалавекам творчым, журналістам, то мне стала «цесна» на той пасадзе. Я са школы працую на тэлебачанні, таму здымак мне вельмі не хапала. І калі на СТБ прапанавалі ўзяць любы праект і рабіць яго, то я выбрала «Мінск і мінчане». На той момант мяне здзівіла, што наш горад на вачах мяняецца, а праект застаецца ранейшым. Захацелася ператварыць яго ў прыгожы, модны тэлечасопіс. Каб гэта была праграма сённяшняга дня... Нават не планавала, што стану вядучай праекта. Спачатку рыхтавалася працаваць рэдактарам, але калі здымалі пілот праграмы, то трапіла ў кадр.

Хоць мы думалі пра тое, каб вядучым быў мужчына. Нават, памятаю, вялі перамовы з Дзмітрыем Шэпелевым, ён тады толькі скончыў журфак БДУ. Пасля здымак пілота кіраўнік тэлеканала спытаў мяне: чаму ты сама не хочаш весці праграму? І я стала вядучай праекта «Мінск і мінчане».

— Але мужчынскі голас мы ўсё ж такі чуем у праграме. Раскажыце пра каманду, якая стварае з вамі «Мінск і мінчане»?

— Мужчынскі голас — можна лічыць таксама адной з фішак праграмы. Аўдыторыя ў нас розная... Таму і вырашылі яшчэ шмат гадоў таму, што ў кадры — жаночы голас, а за кадрам — мужчынскі. Калі казаць пра нашу творчую групу, то яна ў нас пастаянная. І я вельмі ўдзячная ўсім, хто вось ужо цэлых дзесяць гадоў побач са мной працуе ў адной звязцы. За гэты час у нас змянілася канцэпцыя — мы зрабілі ўхіл на гісторыю, бо многія з нашых рубрык перараслі ў самастойныя праекты, а за сабой пакінулі не занятую нішу. І як ні дзіўна, я вось цэлае дзесяцігоддзе раблю «Мінск і мінчане» і кожны раз, адкрываючы архіў, разумею, што там яшчэ столькі таямнічых, цікавых старонак — яны не заканчваюцца. А пастаянства, якое назіраецца ў нашай камандзе, можна лічыць своеасаблівым знакам якасці нашай працы. Наш відэаінжынер Юрый Вараб'ёў (ён жа займаецца мантажом) заўсёды настолькі адказна падыходзіць да працы, што мы, бывае, здаём праграму за некалькі гадзін да эфіру. Яму трэба праверыць кожны гук, кадр, бо зняць — адна справа, а зманціраваць — зусім іншая. Юрый Ласута — наш рэдактар праграмы, на плячах якога ляжыць львіная доля працы, бо я сумяшчаю вядзенне праграмы з кіруючай пасадай. У такіх абставінах моцны рэдактар — проста скарб. І, безумоўна, нельга не сказаць пра нашых творчых і таленавітых карэспандэнтаў, якія жывуць праграмай, кожным сюжэтам — Анастасію Макееву, Яну Леановіч.

— За час працы над праектам ці выдзялялі вы для сябе нейкія старонкі гісторыі, асоб, якія вас натхняюць на далейшыя, больш глыбокія даследаванні?

— Я з ліку тых людзей, якія па прыродзе сваёй цікаўныя. І магу сказаць, што для мяне не мае значэння. з імем чалавек ці без, бо можна настолькі любіць сваю справу, што знакамітым становішся ў адно імгненне. Напрыклад, мы нядаўна рабілі праграму пра людзей, якія здымаюць відэа гарадоў з вышыні птушынага палёту. І іх творчасць запатрабаваная, яны — твар нашага горада. І мяне больш здзіўляюць менавіта такія мінчане. А гісторыю і яе герояў можна па-рознаму разглядаць і ацэньваць.

Натхняюць заўсёды асобы тых, хто кіруе горадам, бо ён жа сапраўдны «жывы арганізм», дзе ўсё павінна функцыянаваць, пачынаючы з транспарту, ад якога залежыць, як складзецца ваш дзень, і заканчваючы візуальнай прыгажосцю вашага месца пражывання. Нездарма ж гавораць, што калі чалавек прыязджае ў Мінск, то адпачывае душой.

— Вы самі родам з Мінска. Што значыць «быць мінчанкай»?

— Я ўвогуле касмапаліт, вельмі люблю падарожнічаць і адкрываць для сябе новыя гарады. Не люблю хадзіць на экскурсіі з гідам, бо мне важна адчуць атмасферу, дух горада. У наш час пры наяўнасці інтэрнэту вандраваць можна не выходзячы з дому. А Мінск для мяне — мой родны дом, куды заўсёды хочацца вяртацца.

— Напэўна, ёсць і месцы асабліва дарагія сэрцу?

— Перш за ўсё гэта мікрараён Усход, дзе я жыла ў дамах з мазаікай Аляксандра Кішчанкі. Мастак у кнізе рэкордаў Гінеса за «Габелен стагоддзя». А тое, што ён ствараў мазаіку на фасадах новабудоўляў, мы ў дзяцінстве не ведалі і нават спрабавалі яе абдзіраць. Цяпер на такія рэчы ўжо зусім па-іншаму глядзіш. Памятаю, як нам дазвалялі з панарамнай пляцоўкі нашага хмарачоса любавацца салютам (тады нашы дамы былі аднымі з самых высокіх у горадзе)... Такіх успамінаў шмат, і тыя мясціны родныя для мяне. Зразумела, з часам усё мяняецца і мы становімся іншымі, але калі прыязджаеш туды і сустракаеш блізкіх людзей, то нібы вяртаешся ў часе. Яшчэ родным для мяне стаў раён плошчы Перамогі. Тут, лічу, усё асаблівае: і атмасфера, і сам горад. А вось мае сыны ўспрымаюць Мінск проста як адзін з еўрапейскіх гарадоў. Іх захапляюць і здзіўляюць ужо зусім іншыя рэчы.

— Дарэчы, вашы дзеці сочаць за вашай працай на экране?

— Тут часцей нейкія ацэнкі я магу атрымаць ад маці ці свекрыві. Прычым яны перш за ўсё звяртаюць увагу на тое, у што я апранута, а потым ужо на змест праграмы. А дзеці вельмі спакойна ставяцца да маёй працы на тэлебачанні. Яны лёгка могуць пераключыць на іншы канал, калі «Мінск і мінчане» ў эфіры, спаслаўшыся на тое, што ўсё самае цікавае я ім ужо расказала. Альбо ім прасцей зайсці на сайт нашага тэлеканала і там паглядзець перадачу, а не чакаць яе ў пэўны час.

Я шмат працую, але для дзяцей заўсёды знаходжу час. Дзялюся з імі тым, што мяне хвалюе, пра што думаю ў працэсе працы.

— На здымках часам здараюцца форс-мажорныя, кур'ёзныя сітуацыі... Вас яшчэ можна ў гэтым сэнсе чымсьці здзівіць?

— За дзесяць гадоў шмат чаго здаралася. Але я не страчваю ўласцівасці здзіўляцца. І на кожныя здымкі еду, нібы ўпершыню. І заўсёды дзейнічаю па абставінах. Літаральна нядаўна, калі здымалі праграму пра Мінск з вышыні птушынага палёту, стала вядома, што наш аператар баіцца вышыні. Я пра гэта не ведала і не змагла яго папярэдзіць, таму давялося рознымі прыдумкамі зрабіць так, каб здымкі адбыліся. Была згодна нават на тое, што сама буду ў ролі аператара.

— Значыць, вы той універсальны чалавек, які можа любога замяніць?

— Так, магу ўсё рабіць сама. Я на тэлебачанні вось ужо 17 гадоў і паспрабавала, паверце, многае. Што тычыцца здымачнага працэсу, то там мяне ўвогуле нічым не спужаеш. Мне проста аднойчы было прасцей самой сесці за мантаж, чым тлумачыць іншаму чалавеку сваё бачанне матэрыялу. Але, на мой погляд, правільна, калі кожны займаецца сваёй справай.

— Маючы вопыт працы на іншых тэлеканалах, на СТБ вы ўжо 10 гадоў. Чым патлумачыць такое пастаянства?

— Прычына, мабыць, у тым, што тут мне камфортна і класна. Заўсёды важна апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Напрыклад, калі я толькі пачынала на Першым нацыянальным, то яшчэ вучылася ў школе. Тады ўсе праграмы выходзілі ў прамым эфіры і той перыяд з дзясятага класа па пяты курс журфака даў мне добры досвед, магчымасць навучыцца канцэнтравацца, што і цяпер неабходна кожнаму супрацоўніку на тэлеканале. Я часам нават жартую пра тое, што можна захварэць, адмяніць паездку ў Парыж, але праграма ўсё роўна выйдзе ў эфір. Бо яе чакае аўдыторыя... І вельмі дапамагае быць у форме менавіта тое, што ты працуеш у маладой, творчай камандзе, як на СТБ. Тут я магу спрабаваць сябе ў розных іпастасях, набываць новы досвед і тварыць. Для творчага чалавека гэта галоўнае.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».