Вы тут

Забытыя партытуры Аляксея Туранкова прачыталі ў Гомелі


Забытыя партытуры беларускага кампазітара Аляксея Туранкова прачыталі ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы Гомеля. Дзякуючы гэтаму музычныя калектывы наноў адкрылі аўтара, які моцна паўплываў на развіццё беларускай музыкі ў пачатку XX стагоддзя.


Кам­па­зі­тар Аляк­сей Ту­ран­коў.

Ад нараджэння Аляксея Туранкова ў Пецярбургу прайшло 130 гадоў. Але жыў ён на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе і стварыў гарманізацыі праваслаўных спеваў і духоўнай музыкі, балет «Лясная казка» на ўласнае лібрэта, кантату «Пушкіну», цыклы рамансаў на тэксты Коласа, Купалы і Багдановіча, музыку для сімфанічнага аркестра, спектакляў і кінастужак, зрабіў апрацоўкі беларускіх народных песень.

Архімандрыт Свята-Мікольскага манастыра ў Гомелі Сава (Мажука) даўно займаецца вяртаннем забытых імён айчыннай гісторыі. Біяграфія Аляксея Туранкова — складаная і супярэчлівая — стала сапраўдным здабыткам.

Па словах святара, які шмат часу правёў у архівах і размовах са сваякамі кампазітара, у Туранкова былі дзве біяграфіі. Адна з іх — цалкам пралетарская: дзявятае дзіця ў сям'і дворніка зацятай працай і адоранасцю прабіла сабе дарогу да мастацтва. У сіроцкім прытулку Аляксей навучыўся іграць на скрыпцы і духавых інструментах, а ў выніку стварыў першую нацыянальную беларускую оперу, стаў пладавітым кампазітарам, вядомым педагогам і грамадскім дзеячам. У 1938 годзе — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР першага склікання; у 1940 — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэта — афіцыйныя звесткі.

— Але ёсць падставы лічыць, што ў афіцыйнай біяграфіі не ўсё праўда, так кажуць і сваякі кампазітара, — адзначае айцец Сава. — Час быў вельмі складаны, у розных анкетах ёсць дэталі, якія не стыкуюцца. Магчыма нават, ён не быў сынам дворніка, бо атрымаў вельмі добрую музычную адукацыю ў Пецярбургскай харавой школе пры прыдворнай пеўчай капэле. На той момант гэта было харавое вучылішча найвышэйшага ўзроўню. Для аплаты кансерваторыі, дзе Туранкоў вучыўся па спецыяльнасці царкоўнага кампазітара, яму прыйшлося зарабляць рэпетытарствам. Ён выкладаў сальфеджыа, працаваў у аркестры... У 1914 годзе трапіў на фронт Першай сусветнай вайны і служыў у арміі да 1918 года. Дарэчы, і ў ваенны час не пераставаў пісаць царкоўную музыку. Да таго ж, быў рэгентам — кіраўніком мужчынскага хору ў стаўцы імператара Мікалая ІІ у Магілёве. Вось пра гэта ён асабліва баяўся расказваць, нават сваякам.

Публікавацца як царкоўны кампазітар Аляксей Туранкоў пачаў у 1912-м. За сем гадоў выйшла некалькі зборнікаў яго арыгінальных твораў (спачатку для мужчынскага хору) і гарманізацый. Яго духоўныя работы былі шырока вядомымі і запатрабаванымі.

— Я чуў творы Туранкова — іх спявалі ў нашай Мікольскай царкве, у Петра-Паўлаўскім саборы Гомеля — яшчэ да таго, як высветліў, што ён жыў у нашым горадзе, — з захапленнем кажа айцец Сава. — Ён стаяў ля вытокаў гомельскай музычнай школы — у шырокім сэнсе. У 1919 годзе Туранкоў быў адным з арганізатараў Народнай кансерваторыі, пераўтворанай у Дзяржаўную музычную школу 1-й і 2-й прыступкі. На яе базе ў тыя гады быў створаны Дзяржаўны музычны тэхнікум — сённяшні музычны каледж імя Сакалоўскага. У наш горад ён трапіў, ажаніўшыся з дачкой рэгента гомельскага Петра-Паўлаўскага сабора Івана Фалькоўскага. Тут у 1918 годзе і вянчаўся з ёй.

Муж­чын­скі хор пад кі­раў­ніц­твам Аляк­сея Бе­ла­нож­кі.

Да 1934 года Аляксей Туранкоў жыў у Гомелі. У паслярэвалюцыйны перыяд ён пісаў шмат свецкай музыкі, апрацоўваў народныя мелодыі і нават складаў песні-агіткі. Адказ на пытанне, ці пісаў ён у гэты час царкоўную музыку, архімандрыт Сава знайшоў у нотным архіве іншага вядомага царкоўнага кампазітара, адданага вучня Аляксея Туранкова.

— Мікалай Бутома адзін з двух сшыткаў партытур кампазітара суправаджае такім запісам: «Туранковым было напісана вельмі многа духоўна-музычных твораў... Гэта была вялікая партытура — каля ста спеваў. Ёю карысталіся ўсе кіраўнікі царкоўных хораў Гомеля. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Туранкоў, працуючы ў Музтэхнікуме, зацікавіўся царкоўнымі спевамі і напісаў каля ста нумароў розных царкоўных спеваў». У свецкіх зборніках згадваецца толькі сорак пяць яго царкоўных твораў, але кажуць, што іх было больш за дзве сотні. Увесь нотны архіў загінуў падчас вайны.

Белых плямаў у біяграфіі кампазітара застаецца шмат. Невядома імя яго першай жонкі і лёс яго першага шлюбу: аўдавеў ці развёўся? Жыццё з другой жонкай Ксеніяй Якаўлеўнай працягвалася ўжо ў Мінску, дзе ён пачынаў «з нуля» — альтыстам у сімфанічным аркестры.

— Чаму ён з'ехаў з Гомеля? — пытаецца айцец Сава і сам адказвае. — У 1933 годзе актывізавалася барацьба з царквой, тады адбыліся першыя расстрэлы святароў. Каму больш «пашчасціла», былі сасланы. Магчыма, Туранкоў баяўся, што нехта ўзгадае яго царкоўную біяграфію, таму з'ехаў у Мінск, дзе і пайшоў працаваць у аркестр. Да вайны ён актыўна публікаваўся як свецкі кампазітар. Мне давялося бачыць у бібліятэчных архіўных падшыўках газет шмат яго песень, напрыклад «Гімн сталінскай Канстытуцыі».

Ёсць яшчэ адна старонка біяграфіі Аляксея Туранкова, якую не любілі ўзгадваць прыхільнікі «правільнай» версіі. Амаль ні ў адной крыніцы не гаворыцца пра турэмны досвед кампазітара. Аляксей Туранкоў быў арыштаваны 22 ліпеня 1944 года, а прысуд быў агучаны амаль праз год — 23 чэрвеня 1945 года. Яму было прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 63-1 Крымінальнага кодэкса БССР: дапамога нямецкім акупантам. Прысудзілі дзесяць гадоў лагераў, пяць гадоў паражэння ў правах з канфіскацыяй маёмасці.

Блізкі сябар Туранкова кампазітар Анатоль Багатыроў расказваў, чаму так адбылося: партызаны хацелі вывезці Аляксея Яўлампіевіча з акупіраванага Мінска і прыслалі да яго юнака. Той падышоў на вуліцы і стаў настойліва ўпэўніваць кампазітара ісці з ім у лес. Туранкоў вырашыў, што гэта правакацыя, і паспрабаваў адстаць ад сувязнога, пачаў крычаць. Гэта прыцягнула ўвагу немцаў, хлопца схапілі і, як пазней высветлілася, закатавалі ў засценках гестапа. За смерць гэтага партызана Туранкова і пакаралі.

Між тым Аляксей Яўлампіевіч 3 кастрычніка 1955 года быў амнісціраваны, а 21 кастрычніка 1959-га — рэабілітаваны. Аднак да гэтай даты ён не дажыў. Кампазітар памёр 27 верасня 1958 года.

Нядаўна некалькі твораў кампазітара, якія захаваліся ў рукапісах, ажылі і наноў загучалі ў сценах гомельскай бібліятэкі, якая даўно супрацоўнічае з мужчынскім Свята-Мікольскім манастыром. Дзякуючы намаганням яго святочнага хору (рэгент Алена Бачкарова) і мужчынскага ансамбля пад кіраўніцтвам Аляксея Беланожкі прагучалі духоўныя спевы Туранкова, многія з якіх выконваліся ўпершыню. Архімандрыт Сава (Мажука) саліраваў у адным са спеваў.

— Спраўдзілася мая мара — выканаць псалом пад назвай «Рече безумен» на музыку Аляксея Туранкова. Яго творы як царкоўнага кампазітара неверагодна прыгожыя, дзіўна гарманічныя і адначасова вельмі складаныя для вывучэння і выканання. Па гэтай прычыне пачуць іх за набажэнствам можна рэдка. Для выканання гэтых твораў патрэбен вельмі добры калектыў. Гэта ўказвае на высокі ўзровень царкоўнага пеўчага мастацтва ў нашым горадзе пачатку ХХ стагоддзя.

іost@zvіazda.by

Фота аўтара і архіўныя

Загаловак у газеце: Духоўная музыка нараджалася ў Гомелі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.