Вы тут

Страшная штодзённасць вайны


Сёлета ў чэрвені — трагічная дата. 75-я гадавіна пачатку акупацыі Беларусі. На жаль, засталося вельмі мала сведак тых падзей. Але захаваліся ўспаміны некаторых з іх. Рукапіс віцебскай падпольшчыцы Ганны Кіташовай, напісаны амаль 50 гадоў таму, — крыніца ўнікальнай і вельмі каштоўнай інфармацыі. Тут тое — што часта застаецца за кадрамі гераічных фільмаў і кніг. Тое, што не заўсёды могуць умясціць навуковыя артыкулы. Тое, без чаго ўяўленне пра Вялікую Айчынную вайну будзе няпоўным.


Падазраецца, бо жывая

— Многія аспекты гісторыі Беларусі перыяду нацысцкай акупацыі даволі грунтоўна распрацаваныя даследчыкамі. Аднак застаецца недастаткова вывучанай праблема акупацыйнай штодзённасці. Цікавасць да гэтай тэмы ўзнікла адносна нядаўна. Упэўнены, гэты напрамак у беларускай гістарычнай навуцы мае вялікія перспектывы. Асаблівая каштоўнасць для гісторыкаў — крыніцы асабістага паходжання, — распавёў карэспандэнту «Звязды» загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль ДУЛАЎ.

Успаміны віцебскай падпольшчыцы і партызанскай сувязной Ганны Сцяпанаўны Кіташовай — яскравы таму прыклад. Яна нарадзілася ў 1923 годзе на тэрыторыі цяперашняга Шумілінскага раёна. Перад вайной скончыла фельдшарска-акушэрскія курсы ў Віцебску. Падчас акупацыі Ганна ўключылася ў падпольную барацьбу. Займалася зборам разведвальных даных, распаўсюджваннем улётак, здабывала медыкаменты для партызанаў, правозіла ў горад узрыўчатку. У пачатку снежня 1942 года дзяўчыну арыштавалі. Яна перажыла жахі турмы СД і канцлагера «Гранкі» на Смаленшчыне. Цудам апынулася на волі. Трапіла да партызанаў, захварэла на тыф, была адпраўлена ў вёску да бацькі. Адтуль гітлераўцы забралі яе на капанне акопаў. Нарэшце, была вызвалена Чырвонай Арміяй.

Вярнуўшыся ў Віцебск у жніўні 1944 года, Ганна апынулася ў шпіталі. Потым працавала піянерважатай у школе. Паступіла ў педінстытут. Увосень 1945 года яе затрымалі па абвінавачванні ў сувязях з нямецкай контрразведкай.

— Следчаму не даваў спакою факт, што Ганна здолела вырвацца з канцлагера жывой. Аднойчы падчас допыту даведзеная да адчаю дзяўчына запусціла ў следчага чарніліцай. Выратавала тое, што новы следчы — былы партызан — добра ведаў Ганну. Справа была спынена, абвінавачванні зняты, — расказаў Анатоль Дулаў.

Падпольшчыца мела ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, дзесяць медалёў. З'яўлялася дэпутатам райсавета. Часта сустракалася з моладдзю. Пятнаццаць гадоў таму пайшла з жыцця...

Ягады для калабарантаў

Свае ўспаміны Ганна Кіташова напісала ў 1967 годзе па просьбе даследчыцы віцебскага падполля Ніны Дарафеенкі. Доўгі час рукапіс — два сшыткі — захоўваўся ў асабістым архіве апошняй. Некаторыя фактычныя звесткі, у прыватнасці, пра апошнія дні і гадзіны легендарнай падпольшчыцы, Героя Савецкага Саюза Веры Харужай былі выкарыстаны ў публікацыях гісторыка, у тым ліку ў знакамітай кнізе «Витебское подполье». Ніна Іванаўна планавала напісаць на аснове ўспамінаў Ганны Кіташовай артыкул сумесна з Анатолем Дулавым, перадала яму тэкст. Але вывучаць успаміны як гістарычную крыніцу Анатолю Дулаву давялося ўжо аднаму. Ніна Дарафеенка пайшла з жыцця ў сакавіку 2015 года...

Ганна Кіташова ўспамінае пра заданні падпольнага і партызанскага кіраўніцтва. Каб пераправіць медыкаменты з горада, яны з напарніцай Ксеніяй Ціхаш выправілі даведку аб запаленні лёгкіх, якую шмат гадоў таму выдалі маці Ганны. Груз схавалі ў сена, Ксенію, пад выглядам хворай на тыф, паклалі зверху, на сані, так і мінулі нямецкі пост. Другі выпадак звязаны з распаўсюджаннем лістовак сярод салдат-калабарантаў. Падпольшчыцы сабралі ягады і пайшлі прадаваць іх да вайсковай часці. Пакуначкі зрабілі з лістовак. Толькі назаўтра гітлераўцы спахапіліся, сталі затрымліваць усіх жанчын з ягадамі.

Мёртвая... коўдра

Самае жудаснае ва ўспамінах — падрабязнасці знаходжання ў турме СД. «Я ў гэтай камеры нічога не бачыла, не чула, акрамя піску пацукоў. Мне было так страшна, што не знаходзіла сабе месца», — апісвала Ганна Сцяпанаўна нямецкую «адзіночку».

Пасля допыту падпольшчыцу кінулі ў іншую камеру, поўную знясіленых, агорнутых самотаю людзей рознага ўзросту і полу. Аднак хутка сярод зняволеных знайшліся тыя, хто падтрымаў Ганну і вызваліў для яе месца на нарах. Сярод сукамерніц была жанчына, якая пасля катаванняў знаходзілася ў непрытомным стане. Арыштанты ставіліся да яе з асаблівай павагай і спачуваннем. Яе звалі Вера Харужая.

Камера была маленькая, сырая, з пакатай столлю і двума радамі нараў па баках. Два разы на дзень зняволеных кармілі баландой з гнілой капусты, якую разлівалі ў іржавыя бляшанкі з-пад тушонкі. На дзень выдаваўся маленькі кавалачак дрэннага, з апілкамі, хлеба. Часам раніцай ці вечарам давалі чай, які немагчыма было піць.

Трэція суткі знаходжання Ганны ў турме, 4 снежня 1942 года, пачаліся на досвітку вывазам вязняў на расстрэл. «Я стаяла як адубелая і чакала сваё прозвішча. У гэты час успомніла ўсё сваё дзяцінства, маці, якую амаль не ведала, школу, настаўнікаў і свайго любага бацьку, якога мне так хацелася пацалаваць апошні раз. А таксама братоў, сястру і мачыху. І я не заўважыла, як усіх выклікалі, і я засталася адна», — успамінала яна.

Дзяўчына падбегла да дзвярэй, стала стукаць кулакамі і крычаць. Ёй, 19-гадовай, было страшна і адзінока, яе цела балела ад пабояў. Убачыўшы на сценах надпісы, Ганна паспрабавала пакінуць сваё імя, але не змагла. Ахінулася коўдрай, пакінутай суседкай, доўга плакала, пакуль не заснула.

Калі гітлераўцы прымусілі Ганну з яе новым суседам сартаваць вопратку расстраляных, дзяўчына страціла прытомнасць. «Мне чуліся галасы гэтых людзей, асабліва маіх суседзяў. Я не магла накрывацца гэтай коўдрай. Яна заўсёды ляжала ўбаку. Мне здавалася, што і коўдра гэта таксама мёртвая», — дзялілася Ганна Сцяпанаўна ў сваіх успамінах.

Потым яе адправілі ў лагер. Змардаваныя людзі працавалі на торфараспрацоўцы. Жанчыны цягалі высокія і цяжкія кашы з торфам. Тых, хто працаваў горш за астатніх, ахоўнікі збівалі палкамі. У выпадку ўцёкаў расстрэльвалі кожнага пятага зняволенага. Расстрэльвалі за непаслушэнства, а таксама слабых і знясіленых. У лагеры ўспыхнуў сыпны і брушны тыф. Вязні пастаянна цярпелі голад і прыніжэнні.

— Мова, стыль і характар пераказу сведчаць, што тэкст пісаўся на адным дыханні. Аўтарка быццам нанова перажывала адчуванні і эмоцыі 25-гадовай даўнасці. Гэтыя ўспаміны — каштоўная крыніца не толькі фактычных звестак пра гісторыю падпольнай барацьбы, а і лёс мемуарысткі. Яны дазваляюць убачыць рэаліі германскага рэжыму і змагання з акупантамі скрозь прызму індывідуальнага досведу. Даюць магчымасць рэканструяваць розныя аспекты паўсядзённага жыцця людзей ва ўмовах акупацыі, а таксама пацвярджаюць, што чалавек у любых умовах можа застацца чалавекам, — падкрэсліў Анатоль Дулаў.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.