Вы тут

Сезон велікодных кірмашоў


Адна з прыкмет вясны — гарадскія вулічныя кірмашы. Карэспандэнт «Звязды» прыцэньваўся на адным з віцебскіх.


На вуліцы Леніна насупраць будынка ратушы цёплай раніцай як правіла шматлюдна. У гэтым месцы традыцыйна гандлююць з аўто і павільёнаў. У выхадныя доўгія чэргі выстройваюцца перад рыбнымі кропкамі — пост у праваслаўных. Праўда, жывой рыбы пакуль няма, таму людзі ахвотна купляюць філе селядца халоднага вэнджання: 35 тысяч рублёў за кіло. Свежамарожаная рыба таксама выклікае вялікі попыт. Цэны на яе: 1 кілаграм мінтая (без галавы) — 35 тысяч рублёў, путасу — 14,5 тысячы, карася — 18,5 тысячы, камбалы — 38 тысяч рублёў.

Кошт агуркоў аказаўся трошкі «куслівы»: 29-30 тысяч за кіло. Такой жа якасці і танней можна купіць у крамах. Бульбу на віцебскім кірмашы прапануюць за 5,5 тысячы (у краме яна каштуе 5 тысяч).

Затое марынаваную прадукцыю прадаюць па больш прывабнай цане за крамную: 3-літровы слоік агуркоў — 57,2 тысячы, таматаў — 46,9 тысячы рублёў, паўлітровы слоік паштэту агародніннага з грыбамі — 29,4 тысячы. Мёд на радзіме Шагала каштуе 50 тысяч рублёў (паўлітровы слоік).

З фірменных аўто каўбаса і сыр ад мясцовых вытворцаў разыходзяцца, як гарачыя піражкі. Яйкі можна купіць па 16-19,5 тысячы за дзясятак.

Тут жа можна набыць не толькі ежу, але і тое-сёе з вопраткі і бытавых рэчаў. Выбар небагаты, але цэны выгадныя. Напрыклад, самыя танныя шкарпэткі віцебскай фабрыкі каштуюць 6,5 тысячы, а самыя дарагія — 11,3 тысячы рублёў. За куб драўніны просяць 900 тысяч рублёў. Самаробныя венікі для лазні мужчына прапаноўвае за 25 тысяч рублёў. Прадпрымальнікі з прыгарада гандлююць недарагім тарфяным грунтам.

Чаго відавочна не хапае — дык гэта часовых вулічных кавярняў. Попыт, як той казаў, ёсць, а вось прапанова... На такіх кірмашах людзі ахвотна частуюцца юшкай, ды іншай свежай закускай.

Вулічныя кірмашы народ любіў ва ўсе часы. Тут справа не толькі ў коштах, але і ў асаблівым прыўзнятым настроі гараджан і тых, хто для іх вырасціў і вырабіў розныя сезонныя прысмакі.

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каму — пост, а каму — Вялікдзень

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.