Вы тут

Як я ехаў да яе


У музычным абрамленні, з густам зробленым «Песнярамі», народная песня «Як я ехаў да яе» набыла абрысы прывабнай перлінкі. У іх выкананні яна выглядае інтрыгуючай вакальна-інструментальнай сцэнкай, у якой разгорнута адлюстраваны свет асобы падчас закаханасці. Што тут пераважае — жарт ці іранічны роздум? І ў адным, і ў другім выпадку дасціпна раскрываецца выхаваўчы аспект. Песня нібы вучыць-падказвае, што каханне заўсёды вымагае вялікай самаахвярнасці і да гэтага трэба сур'ёзна рыхтавацца, каб не апынуцца ў роспачным становішчы.


«Песняры» адважна выносілі народныя песні на эстраду. Напачатку ім не раз давялося пачуць крытычныя заўвагі. Не ўсе меламаны прыхільна ставіліся да навацый маладога ансамбля — іх па-сучаснаму аформленай музычнай апрацоўкі фальклорных твораў, трактоўкі іх тэкстаў і мелодый.

Таленавітыя спевакі беражліва адносіліся да фальклорнай спадчыны. Але народную песню яны ўспрымалі не як застылы помнік, узведзены музычна адоранымі папярэднікамі, а як музычнае аблічча народнага духу, што ўвесь час знаходзіцца ў развіцці, у руху, у стваральным змяненні. Яны добра разумелі, што песня — і душа народа, і душа кожнага спевака і яна жыве ў яго душы, асвятляе яго пачуццёвы свет: спалучаецца з яго перажываннямі, памкненнямі. (Таму і ўзнікаюць тэкставыя і меладыйныя варыянты вакальных твораў.) Артысты выязджалі на сустрэчу з народнай песняй у вёскі і мястэчкі: толькі там яна вольна пачувала ў прасторы і разнастайна выяўлялася ў грамадзе. Акадэмічныя харавыя калектывы, якія свята падтрымліваюць дух і энергію фальклорных твораў, выносяць іх на сцэну ўжо ў падрыхтаваным выглядзе.

У дзейнасці «Песняры» былі сапраўднымі творцамі. Працуючы з песняй, яны імкнуліся, каб яна ўтульна адчувала сябе ў новым, надзвычай тэхнізаваным, свеце і была цёпла прынятай моладдзю. І песня, якая пазначана ў фальклорных запісах з назвай «Як ты ехаў да яе»
(у гэтым адлюстравалася сяброўская, а мо дзявочая, іранічна-дакорлівая ўсмешка з юнацкіх заляцанняў), загучала больш прачула, стала блізкай для кожнага юнака, калі песенным героем стаў ён сам: «Як я ехаў да яе». Яна як фальклорны твор мае ўсе падставы існаваць у тым і ў другім выглядзе. Усё залежыць ад таго, што трывожыць душу спевака.

Як я ехаў да яе, —

Брычка на рысорах.

А прыехаў ад яе, —

Хата на падпорах.

 

Як я ехаў да яе, —

Тысячамі лічыў.

А як ехаў ад яе, —

Тры грашы пазычыў.

 

Як я ехаў да яе, —

Боты лакаваны.

А прыехаў ад яе

У шапцы палатанай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.