Вы тут

Вячаслаў Салдаценка: «Варатарскі кураж — гэта выпадковасць»


Галкіпер СКА і зборнай Беларусі — пра родны горад і жыццё ў страі.

Вячаслаў Салдаценка з тых, на каго сёння робяць стаўку як спецыялісты, так і аматары беларускага гандбола. Ён стаў адным з «аўтараў» паспяховага выступлення нашай «маладзёжкі» на чэмпіянаце свету ў Бразіліі, нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы і мінскага СКА ў Кубку ЕГФ. На сёлетнім кантынентальным першынстве беларускага варатара называлі адкрыццём турніру, у рэйтынгу сярод калег па амплуа Вячаслаў на працягу ўсяго чэмпіянату займаў лідзіруючыя пазіцыі. Сезон яшчэ не завершаны, але, мабыць, гэты год ужо можна назваць паспяховым для маладога варатара.


Сёння разам з Вячаславам мы гутарым пра тое, як ён прыйшоў у спорт, чаму вучыўся ў Сувораўскім вучылішчы і якімі якасцямі неабходна валодаць для таго, каб стаць паспяховым галкіперам.

— Слава, ваша спартыўная будучыня была наканавана?

— Не, ніхто ў сям'і не мае дачынення да прафесійнага спорту. У мяне, напэўна, як і ў многіх дзяцей, проста было занадта шмат энергіі, таму бацькі вырашылі аддаць у спартыўную секцыю. Адвялі мяне ў гандбол, мне там спадабалася, так і пайшло далей.

— Ці засталіся яркія ўспаміны з таго часу?

— Не сказаць, што я вельмі добра памятаю сваё дзяцінства, але нешта засталося. Я жыў у Оршы, бліжэй да ўскраіны горада, таму там мы знаходзілі сабе шмат прыгод: палілі вогнішчы, лазілі па будоўлях — гэта было весела.

— Што можаце сказаць пра свой родны горад?

— Склаўся дзіўны стэрэатып, нібыта Орша — крымінальная сталіца Беларусі. Вядома, у любым горадзе бываюць розныя выпадкі, але не думаю, што ўсё так страшна. У апошні час я не часта там бываю, але, колькі жыў, з такім не сутыкаўся. Гэта прыгожы горад, асабліва прывабным стаў пасля правядзення «Дажынак». Ёсць дзе пагуляць, ёсць буйныя прадпрыемствы, такія як ільнокамбінат, «Чырвоны барацьбіт».

— У вашай біяграфіі лічыцца вучоба ў Сувораўскім вучылішчы.

— Так, маё паступленне туды звязана з гандболам. У той час якраз набіралі спартыўны клас, хлопцы праходзілі спецыяльныя зборы, потым псіхалагічны тэст, па выніках адабралі 17-18 чалавек, сярод якіх быў і я.

Жыццё ў вучылішчы, вядома, кардынальна адрознівалася ад жыцця звычайнага школьніка. Калі раней ты ішоў у школу, а вось даходзіў да яе ці не — гэта ўжо як атрымаецца, то тут прагуляць магчымасці не было. Прачнуліся, сняданак, трэніроўка, потым урокі, зноў трэніроўка, гадзіна на тое, каб зрабіць дамашняе заданне, і спаць. Часу вольнага не было, мне гэта зусім не падабалася. Строем хадзіць на сняданкі, абеды і вячэры дзіцяці ў 12-13 гадоў вельмі складана. Потым прывык, вядома. Прайшлі гады, і калі азірнуцца, асэнсаваць, то я не шкадую, што правёў час у Сувораўскім, бо гэта вызначыла нейкія якасці характару. Калі знаходзішся ў мужчынскім калектыве, то хутчэй пачынаеш сталець, ведаеш, што такое адказнасць, умееш адказваць за свае словы, выконваць абяцанні.

— Сваю адукацыю вы працягнулі не ў спартыўным ВНУ. Чаму?

— Пасля заканчэння кар'еры спартсмена я не бачу сябе ў ролі трэнера, гэта наогул не мая стыхія. Занадта шмат спорту не павінна быць у жыцці, таму цяпер я вучуся ў БНТУ па спецыяльнасці транспартная лагістыка. На гэты момант, можа быць, не атрымліваецца на 100% паглыбіцца ў яе, але мне здаецца, гэта цікава.

— Ведаю, што любіце чытаць.

— Так, любоў да літаратуры ў мяне з самага дзяцінства. Яе прывіў знаёмы, які даў пару кніжак. Першай прачытанай стала «Дзявятая крэпасць» Эдуарда Катласа, якая і цяпер з'яўляецца для мяне самай любімай. Гэтая кніга пакінула, мабыць, самае яркае ўражанне. Зараз чакаю працягу кнігі Віталя Зыкава «Великие спящие», прачытаў ужо 5 частак, цяпер аўтар працуе над 6-й.

— Журналісты і балельшчыкі часта кажуць пра тое, што варатарская пазіцыя ў беларускім гандболе заўсёды была найбольш слабой...

— Вы ж ведаеце, не ўсё праўда, што кажуць. Лічу, што такое меркаванне прыцягнута за вушы, у нас дастаткова добрых варатароў: Ваня Мацкевіч, Аляксей Кішоў, Віталь Чарапенька.

— У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што сталі галкіперам таму, што ленаваліся бегаць.

— Так, гэта праўда! Да таго ж у мяне не надта атрымлівалася гульня ў полі, былі праблемы з выбарам пазіцыі, ды і не сказаць, што мне было цікава. Калі стаў у вароты, пачало атрымлівацца, а гэта заўсёды надае сіл і жадання гуляць.

— Як ставіцеся да думкі, што добрым варатаром трэба нарадзіцца?

— Вядома, неабходна валодаць пэўнымі прыроджанымі якасцямі, напрыклад спрытнасцю, пластычнасцю, добрай рэакцыяй, але гэта далёка не ўсё. Важную ролю адыгрывае ў нашай працы псіхіка, яна павінна быць устойлівай. І гэтая набытая якасць прыходзіць з вопытам. Што важна яшчэ ў гульні? Цярпенне, канцэнтрацыя, правільны выбар пазіцыі — гэта прыходзіць з колькасцю напружаных гульняў.

— Кажуць, варатары — асаблівыя людзі...

— Кожны чалавек асаблівы. Бывае, што варатары трохі дзіўныя, але і іншыя гульцы такія сустракаюцца, таму тут усіх у адну кучу не варта. Я пра сябе такога не сказаў бы.

— Ці праўда, што на галкіперы ляжыць больш адказнасці, чым на любым палявым гульцы?

— Можа быць. Калі памыляецца гулец, то за яго спінай яшчэ ёсць я, а калі памыляюся я — гэта гол. Аднак сухіх матчаў у гандболе не бывае, таму не варта перажываць з-за кожнага прапушчанага мяча, трэба проста працаваць.

Ціск, хваляванне, вядома, прысутнічаюць перад адказнымі гульнямі, вучуся з імі спраўляцца, і гэта прыходзіць з напружанымі матчамі, калі гульня ідзе мяч у мяч. Скокну пару разоў, разганю кроў — і гуляць.

— На чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы вы выходзілі супраць славутых сапернікаў, можа нават супраць сваіх куміраў...

— Наогул не думаю пра тое, хто выходзіць гуляць супраць мяне; пакуль будзеш разважаць на гэтую тэму, ужо накідаюць поўныя вароты.

— Такое паняцце, як кураж, сапраўды прысутнічае ў варатарскай справе?

— Ёсць такое! Мне здаецца, гэта выпадковасць, адкуль ён бярэцца — невядома, інакш лавіў бы яго кожную гульню (смяецца).

— Падчас матча можна назіраць, як эмацыйна вы выказваеце заўвагі сваім сябрам па камандзе.

— Я і на трэніроўках часта магу пакрычаць на іх, але ўсе разумеюць, што гэта эмоцыі, ніхто асабліва ўвагі не звяртае, да боек звычайна не даходзіць.

— Як ставіцеся да крытыкі і пахвалы ў свой адрас?

— Згуляеш добра — напішуць добра, згуляеш дрэнна — напішуць дрэнна, згуляеш сярэдне — нічога не напішуць. Таму ніяк да гэтага не стаўлюся. Калі ўвесь час чытаць пра сябе — не станеш гуляць лепш. Што тычыцца пахвалы, то гэта прыемна, але ад радасці не скачу. Пасля добрых водгукаў пра выступленне ў Польшчы трэба пацвярджаць свой узровень, апраўдваць сваё знаходжанне ў зборнай.

— Еўракубкавы сезон для СКА завершаны, наперадзе барацьба з БГК імя Мяшкова. З якім настроем да яе падыходзіце?

— Пасля гульняў у групе Кубка ЕГФ мы не маем намеру расслабляцца, змагацца за Кубак Беларусі і «золата» чэмпіянату будзем сур'ёзна. Гэта для нас важна — хто будзе першым, той згуляе ў Лізе чэмпіёнаў. Думаю, лёгкага жыцця БГК мы не дадзім.

Бліц-апытанне

Найлепшы адпачынак для мяне — гэта актыўнае баўленне часу. Квэсты, картынг, пейнтбол.

Любімыя краіны (акрамя Беларусі) — Аўстрыя, Францыя.

Любімы горад — Будапешт.

Найбольш ярка выяўленая рыса характару — не люблю гаварыць пра сябе.

Любімая марка аўто — «Мерседэс», «БМВ».

Людзі, у якіх ёсць чаму павучыцца для мяне — Ніклас Ландзін, Славамір Шмаль, Хенінг Фрыц.

Любімая музыка — рок, у прыватнасці гурт «Бі-2».

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.