Рэха вайны


У той далёкі ўжо час, калі ў вёсках не было не тое што тэлевізараў, а нават электрычнасці, цёмнымі зімовымі вечарамі людзі збіраліся ў большых хатах. Жанчыны зазвычай нешта рабілі, гаманілі, мужчыны — ігралі ў карты. І тады адным з самых заядлых ігракоў быў дзядзька Купрыян. Прычым у час гульні ён, можна сказаць, не выпускаў з рота самакрутку.

— Дзядзька, раскажы маладым, як цябе немец курыць прывучыў, — часам прасілі яго.

Дзядзька Купрыян адмахваўся — не расказваў. Затое дзядзька Рыгор — тут як тут. І пачынаў здалёку:

— Значыць, да вайны яшчэ, — чухаў патыліцу ён, — цераз нашу рэчку быў перакінуты драўляны масток. Людзі для сябе яго збудавалі, а тут нячысцік немцаў прынёс, і давай яны гаспадарыць, гойсаць туды-сюды... А партызаны, каб ім рогі пазбіваць, супыніць крыху, узялі ды мост спалілі. Атрымалася, што кругом балота і руху ніякага. А немцам жа трэба ездзіць... Пахадзілі яны па вёсках, пазганялі да рэчкі мужыкоў, якія былі, ды загадалі ім новы мост рабіць. Самі ж у гэты час, што называецца, над душою стаяць — за парадкам сочаць. І расклад у іх быў такі: гадзіну людзі працуюць — памалу цюкаюць, чэшуць бярвёны — потым 10 хвілін адпачываюць... Зноў працуюць і зноў перапынак, бо ў немцаў жа парадак....

Дык вось на другі ці трэці такі перакур адзін з канваіраў падыходзіць да Купрыяна і прыкладам яму ў плечы: «Арбайтэн, арбайтэн...» (ідзі, значыць, працуй) — «Але чаму?» — пытаецца той. — «Ты не курыш, — дае зразумець яму немец, — а сядзець проста так нельга!»

Атрымліваецца, усе будуць адпачываць, а ты гні спіну? «Ды няма дурных», — падумаў Купрыян і наступны раз, калі ўсе паселі курыць, таксама скруціў папяросу, далучыўся да іншых, пачаў курыць.

А вось кінуць потым так і не змог! Колькі грошай сваіх спаліў, колькі здароўя з дымам сышло... І ўсё — з-за праклятых немцаў.

Мікалай Хаміцэвіч, в. Доўгае, Салігорскі раён


Развод па-сяброўску

...Хоць аднойчы ды Петрусю пашчасціла: ён выйграў прыз — дзесяць кілаграмаў бульбы-насенкі! Ды не абы-якой, а самай што ні на ёсць элітнай — новы сорт! Такога нават у мясцовага начальства нямашака... А ў Петруся — будзе!

Радасць ад гэтага азмрочвала толькі адно — ехаць па бульбу-насенку трэба было самаму, за дзвесце вёрст... Далёка. Але ж гэта з аднаго боку, а з другога... Колькі таго жыцця?.. Дык чаму б не матнуцца (а тым больш у сталіцу, па прыз), чаму б нешта не ўзяць, калі даюць?..

Карацей, Пятрусь выбраўся ў дарогу.

Спачатку ён даехаў да райцэнтра, потым сеў у цягнік і суседзям па купэ тут жа расказаў: і куды едзе, і па што. З форсам зазначыў, што з кіло той, сумленна выйгранай ім, насенкі павінна вырасці не менш за цэнтнер, а пры добрым доглядзе, можа, і больш!

— Гэтакі прыз, — заўважылі яго спадарожнікі, — варта было б абмыць.

— Дык я маю чым! — узрадаваўся Пятрусь і выставіў на стол пляшку першаку...

Мужчыны выпілі. Але ж Пятрусь пры гэтым розум не прапіў — да сталіцы дабраўся, патрэбную ўстанову знайшоў, прыз забраў і нават вярнуўся з ім на вакзал...

Трэба сказаць, зарана вярнуўся: да адыходу цягніка заставалася амаль дзве гадзіны... Быў вольны час. І была падстава для свята. А вось яго самога...

У пошуках Пятрусь зазірнуў у бліжэйшы бар. Думаў узяць там грамульку-другую, нават бармену пра гэта сказаў. Той моўчкі паказаў на цэны...

Пятрусь паглядзеў на іх і спалохана прысвіснуў — гэтакіх грошай у яго не было.

Прыйшлося пайсці на вуліцу, паглядзець на людзей, трошкі пагуляць і... «уперціся» лбом у патрэбную краму.

— У вас чакушка ёсць? — спытаў у дзеўкі-прадавачкі.

— Не, — адказала тая.

Купляць бутэльку Пятрусь не хацеў.

— А давай на дваіх возьмем? — прапанаваў мужчына, што стаяў побач.

Яны скінуліся, узялі бутэльку беленькай і выйшлі ў двор за крамай. Пазнаёміліся.

— Ты адкуль гэта і куды? — паказваючы на мех, спытаў Фёдар у Петруся.

— Дадому, — прызнаўся той і з ахвотай, ва ўсіх падрабязнасцях, расказаў знаёмцу пра бульбу.

— Слухай, а ў маёй цешчы дача ёсць, — пахваліўся Фёдар. — Дык, можа, забірай ты гэту гарэлку, а мне дай бульбы — на развод?

Пятрусь зірнуў на бутэльку. Яна была напалову поўная і ў цягніку — ну вядома ж — магла спатрэбіцца. Таму ён акуратна развязаў мех і адсыпаў Фёдару бульбы.

Той рады быў: схапіў і тут жа знік з гарызонту. Пятрусь застаўся, паглядзеў на гадзіннік: часу да ад'езду заставалася зусім мала: яму трэба было спяшацца. І ён паспрабаваў быў, але ж з мяшком (хай ужо і няпоўным) хіба разгонішся?

На шчасце, паблізу мужчына згледзеў стаянку таксі. Грошай на яго, не было, але Пятрусь такі падышоў да кіроўцы і прапанаваў яму недапітую бутэльку.

— Ты што, мужык, з глузду з'ехаў? — абурыўся таксіст.

— Ну тады я бульбай магу заплаціць... На развод, — не адставаў ад яго вясковец. — Новы, элітны сорт. З кілаграма вырастае цэнтнер... У самой Акадэміі навук вывелі!

— А ты не брэшаш? Бульба, праўда, адтуль? — пацікавіўся таксіст, якому, відаць, надакучыла стаяць без працы.

— Не! Як Бог на небе! — перахрысціўся Пятрусь.

— Ну тады сядай!

Ехаць ім і сапраўды было блізка, так што праз некалькі хвілін вясковец (і ў каторы ўжо раз!) апынуўся на чыгуначным вакзале.

...У цягніку яго суседам па купэ быў мужык, які вяртаўся з кірмашу. Там ён купіў сала, прычым ад свінні вельмі рэдкай пароды, называецца міргарадская.

— Дай пакаштаваць, — папрасіў Пятрусь і выставіў на стол сваю бутэльку.

Мужчыны выпілі, закусілі, дружна прызналі, што сала добрае.

— А я вось у Мінск па бульбу ездзіў, — прызнаўся Пятрусь.

— Бліжэй не мог купіць? — здзівіўся яго сусед. — Ці для шалёнага сабакі сем вёрст не круг?

— Ды ты што?! — пакрыўдзіўся вясковец. — Гэта ж не проста бульба, гэта ж...

Пятрусь — у каторы ўжо раз, але з заўсёднай радасцю распавёў пра конкурс, пра выйграны ім прыз, пра ўраджай бульбы, які ён будзе збіраць увосень...

— Слухай, а давай махнёмся, — прапанаваў яму новы знаёмец. — Я табе сала, а ты мне насенкі, на развод?

— Давай, — пагадзіўся Пятрусь.

...Дамоў ён вярнуўся познім вечарам — з салам ад нейкай міргарадскай свінні і двума мяшкамі. У адным, на дне, ляжала трохі выйгранай бульбы-насенкі, у другім — і пад завязку — было ўражанняў, бо за адзін той дзень ён столькі ўсяго паспеў... Пабачыў сталіцу — раз, пазнаёміўся з парай-тройкай новых людзей — два, падзяліўся з імі бульбай — тры...

А ў астатнім... Сала з'есць, прызавая насенка — дасць Бог, вырасце і пойдзе ў народ — разам з размовамі пра тое, як ён выйграў, як ездзіў у сталіцу і што там бачыў.

Андрэй Сідарэйка, м. Каравацічы, Рэчыцкі раён


Мары збываюцца!

...Пасля вайны ў вёску пачалі вяртацца ўцалелыя франтавікі. Кожны з іх, хто з болем, а хто, здаралася, і з жартам распавядаў пра свае баявыя паходы, пра сяброў-франтавікоў, пра ўзнагароды. Мы, падлеткі, з захапленнем слухалі.

Вярнуўся дадому і дзядзька Аўхім. Расказваў ён вельмі шмат: што бачыў, напрыклад, самога Варашылава, што быў вартавым у Крамлі, што ля Крамлёўскай сцяны неяк раз піў гарэлку — з таварышам.

Ну, а далей... Так, мусіць, часта бывае: нехта нечага недачуў ці нешта зблытаў, а ў выніку...

Той таварыш, з якім дзядзька піў гарэлку, некуды «знік». А дзядзька Аўхім падчас службы ў Крамлі чаркаваў — ні многа ні мала — з самім палкаводцам!

Плётка пра гэта пайшла гуляць па ваколіцах. І людзі да яе настолькі прывыклі, што, хвалячы добрую бяседу, сталі казаць: «Пагулялі не горш, чым Аўхім з Варашылавым!»

...Але ж гэта так, да слова. Галоўнае ж (па тым часе і для нас, падшыванцаў), быць у Маскве, служыць у Крамлі, бачыць жывога Варашылава — гэта фантастыка, гэта нешта недасягальнае!

...Але ж, як высвятляецца, усё ў жыцці можа здарыцца — нават самае неверагоднае.

Неяк, у канцы васьмідзесятых, мы з таварышам паехалі ў Маскву ў камандзіроўку. Вырашылі свае вытворчыя пытанні, узялі бутэльку «Маскоўскай» і сталі думаць, дзе б яе «апрыходаваць».

Таварыш прапанаваў махнуць на Красную плошчу. Там, маўляў, у яго свой чалавек ёсць: стрыечны брат на прыбіральнай машыне працуе і павінен яшчэ быць на рабоце. Значыць, складзе кампанію — трэцім будзе.

Урэшце так і атрымалася: мы прыехалі на плошчу, пахадзілі там, пачакалі, пакуль у таго стрыечніка скончыцца змена, залезлі ў кабіну яго машыны, дасталі сваю гарэлку і каўбасу. Выпілі — найперш за правадыроў ды іншых людзей, што пахаваны ля Крамлёўскай сцяны, потым — за былога франтавіка дзядзьку Аўхіма... А апошні тост быў за тое, што мы тут, на Краснай плошчы.

А значыць, мары збываюцца!

Васіль Кабачэўскі, г. Орша


dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.