Вы тут

Як пазбегнуць пажару з-за непатушаных цыгарэт


Неяк у спякотнае летняе надвор'е вырашыў увечары грунтоўна праветрыць пакой. І раптам праз адкрытую балконную раму побач са мной спланіраваў недакурак. Ухапіўся за слоік з вадой, падрыхтаваны для саматужнага агародзіка, але тут жа яго адпусціў — на шчасце, недакурак быў затушаны. Ад каго прыбыў гэты «сюрпрыз», здагадаўся імгненна — з усіх суседзяў на балконе любіў пакурыць толькі адзін.


Праз некалькі хвілін я ўрачыста ўручыў недакурак неахайнаму суседу. Нямая сцэна доўжылася каля паўхвіліны. Прамармытаўшы «Выбачайце...», сусед тут жа рэціраваўся. А ў галаве пасля ўсё круцілася думка — «а калі б недакурак тлеў...», «...а калі б я пайшоў спаць...» Ідэя закрываць наглуха нанач вокны не прыходзіла зусім — у тую пару на вуліцы слупок тэрмометра нават уначы не апускаўся ніжэй за 20 градусаў цяпла.

Больш з тых часоў да мяне такіх «падарункаў» не трапляла. Але ў краіне пажары з-за недакуркаў, якія заляцелі да кагосьці ў кватэру, здараюцца ў цёплую пару года з незайздроснай рэгулярнасцю. Апошні такі выпадак адбыўся нядаўна ў Мінску. 25 сакавіка ў пад'ездзе аднаго з дамоў па вуліцы Нёманскай спрацавала аўтаматычная сістэма апавяшчэння аб пажары. Ратаўнікі, якія прыбылі па сігнале, убачылі, што адкрытым полымем гарыць балкон новабудоўлі. Пажар моцна пашкодзіў маёмасць, балконную і аконную шыбы, а пасля перакінуўся ў жылы пакой...

Аэрадынаміка наносіць шкоду

— Пажары з-за недакуркаў каварныя тым, што іх заўважаюць даволі позна, — гаворыць памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь ДЭМБОЎСКІ. — Разгледзім простую сітуацыю: уначы неахайны курыльшчык прачнуўся і вырашыў пакурыць. Навокал усе спяць. Прахожых амаль няма ў гэты час. Сяк-так патушыўшы цыгарэту, курэц выкідвае яе ў акно і спакойна адпраўляецца даглядаць сны. Недакурак заляцеў невядома куды і яшчэ тлее працяглы час. Вось і маем своеасаблівую «бомбу запаволенага ўздзеяння». А калі ў кватэры ніжэй яшчэ і няма нікога, то пажар там убачыць хіба што выпадковы нарад міліцыі ці які-небудзь прыпазнелы кіроўца. У доме, які стаіць у двары недзе ў глыбіні квартала, верагоднасць своечасовага выяўлення полымя змяншаецца ў разы. І нават больш за тое, калі адкрытае ўзгаранне ўбачылі з вуліцы, гэта значыць, што пацярпелая кватэра нагадвае вогненнае пекла. Напрыклад, на балконе ўжо дасягнута дастатковая тэмпература, каб прапаліць аконную раму і каб лопнула шкло. У лепшым выпадку полымя закуродыміць сцены жылога пакоя, у горшым — атрымаем паўнавартасны пажар у хаце. А змагацца з ім куды больш складана.

Недакурак мае добрыя аэрадынамічныя ўласцівасці. Ён выдатна планіруе, падчас палёту часта стукаецца аб канструкцыі балконаў. Раптоўны парыў ветру яго зносіць убок. І самае страшнае, што адзін такі гора-курэц, якому лянота выйсці падыміць на вуліцу ці набыць попельніцу, па сутнасці заносіць меч над жыхарамі дзясяткаў кватэр. Траекторыя палёту недакурка, напрыклад, з балкона на дзявятым паверсе можа скончыцца ў кватэры ў суседнім пад'ездзе, размешчанай на 3-4 паверсе.

— Ды і жыхарам верхніх паверхаў спадзявацца на тое, што іх ад недакуркаў абароняць толькі законы гравітацыі, не варта, — працягвае Віталь Дэмбоўскі. — На пыльных дарогах улетку часта ўзнікаюць міні-віхуры, дзе ўверх паднімаецца рознае смецце. І ніхто не дасць гарантыі, што не супадзе адначасова праходжанне такой віхуры і выкідванне недакурка за акно кватэры. Верагоднасць гэтага даволі невялікая, але яна ёсць.

З-за такіх асаблівасцяў палёту недакурка вельмі складана ўстанавіць віноўніка пажару. Тэарэтычна, канешне, можна ўзяць мікрабіялагічныя сляды з «бычка» і правесці па іх ДНК-аналіз. Ды вось толькі магчыма гэта не заўсёды. Нейкую інфармацыю аб курыльшчыку можна здабыць толькі тады, калі недакурак знайшлі даволі хутка, калі ён прапаліў толькі невялікую плямку, а фільтр застаўся больш-менш непашкоджаны. Але ў такім выпадку гаспадары кватэр рэдка даюць ход справе — затушылі касцёрчык вядром вады і на тым, як кажуць, дзякуй. Калі ж пажар заўважылі звонку, то гэта азначае, што адзіны матэрыяльны доказ хутчэй за ўсё даўно знік у полымі...

Кватэры гараць з-за кінутых недакуркаў у цёплую пару года. Прычына, праўда, не ў тым, што ўзімку злосныя курцы рэзка становяцца больш культурнымі. Па-першае, узімку амаль усе балконныя рамы зачынены наглуха. Ды і нізкая тэмпература і высокая вільготнасць рэзка зніжаюць рызыку пажару. Па-другое, балконы і лоджыі, як правіла, выкарыстоўваюцца пад месца для сушкі вопраткі. Напрыклад, прасціна, якая вісіць вертыкальна — ідэальны шлях для распаўсюджвання полымя. Дастаткова згадаць просты школьны вопыт з запалкай. Калі яе трымаць дагары нагамі, то полымя вельмі хутка дарасце да пальцаў. Тое ж маем і на балконе.

У апошнія гады падчас замены вокнаў пачалі ўстанаўліваць пластыкавыя адлівы. Яны больш эстэтычныя за сваіх металічных папярэднікаў, але адначасова здаюцца не такімі надзейнымі.

— Падпаліць аконны пластык вельмі цяжка, — сцвярджае Віталь Дэмбоўскі. — Недакурак можа праплавіць дзірку ў адліве, пагоршыць знешні яго выгляд. Але на гэтым усё і скончыцца.

Што рабіць?

Канешне, самы ідэальны варыянт — гэта зачыняць усе вокны перад сыходам з дому і нанач. Але ж, напрыклад, у трыццаціградусную спякоту начаваць з задраенымі наглуха форткамі захочацца мала каму. Многія мадэлі сучасных вокнаў дазваляюць устанавіць рэжым мікраправетрывання. Шанц недакурка трапіць звонку ў хату рэзка змяншаецца, але да нуля не даходзіць: тэарэтычна задзьмуць яго ветрам праз шчыліну ўсё ж можа.

— Разам з тым можна прыадчыніць фортку так, што шчыльна гумка прылягаць да рамы не будзе, і некаторы зазор паміж імі застанецца, — раіць Віталь Дэмбоўскі. Вось праз такую адтуліну цыгарэта ўжо не заляціць у кватэру. Але тут ёсць два падводныя камяні. Па-першае, не ўсе мадэлі вокнаў разлічаны на такія хітрыкі. Па-другое, даволі цяжка разлічыць сілу правароту ручкі. Калі яе пракруціць крыху далей, то пры першым жа парыве ветру акно расчыніцца насцеж. А тут ужо ўзнікаюць пытанні і да абароненасці жытла ад аматараў паквапіцца на чужое дабро.

Балконы і лоджыі часта ператвараюцца ў склад непатрэбных рэчаў, якія лёгка загараюцца. Таму лепш іх пачысціць ужо зараз. Асабліва пра гэта павінны паклапаціцца жыхары кватэр, дзе два балконы, адзін з якіх «паўглухі». Іх даволі шмат у дамах старой пабудовы. Адрозненне яго ў тым, што туды можна трапіць толькі праз праём з балкона побач. І калі недакурак заляціць туды, то своечасова патушыць пажар гаспадар, які нават знаходзіцца дома, наўрад ці здолее.

schklennik@zviazda.by

Фота з архіва Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС

Загаловак у газеце: Недакурак запаволенага дзеяння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?