Вы тут

«Засценкі-Белыя»


На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

Патлумачце, калі ласка, гісторыю паходжання назвы вёскі Навасёлкі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці (у народзе яе называюць Засценак).

Алена Медзюк, Таццяна Гурко, Чырвонараніцкая сельская бібліятэка.


Вёска Навасёлкі ўпершыню згадваецца ў XVІІІ стагоддзі. На той час яна была ва ўладанні езуітаў, належала да маёнтка Пачаевічы Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Назва Навасёлкі адносіцца да самых распаўсюджаных тапонімаў на ўсёй усходнеславянскай тэрыторыі. У Беларусі амаль у кожным раёне ёсць паселішча з такой назвай. Матывацыя наймення даволі празрыстая: «новае паселішча», «калектыў перасяленцаў або новых пасяленцаў», «выселкі з бліжэйшага сяла на сваю ж зямлю». Другая назва паселішча — Засценак — цесна звязана сваім паходжаннем са старажытнай сістэмай землеўладання. Першапачаткова засценкам называўся ўчастак зямлі, які застаўся за сцяной — мяжой абшчынных зямель, раздзеленых на валокі паводле рэформы «Уставы на валокі» 1557 года. Такія ўчасткі маглі арандаваць як асобныя людзі, так і цэлыя вёскі. Па сведчанні прафесара Валянціны Лемцюговай, у пачатку XVІІ стагоддзя засценак быў вядомы як невялікі пасёлак або хутар дробнай шляхты, якая арандавала зямлю, што не ўвайшла ў сялянскія надзелы. На тэрыторыі Беларусі гэты тып паселішча праіснаваў доўгі час. Сведчаннем гэтага служыць і той факт, што слова засценак у некаторых рэгіёнах Беларусі, у прыватнасці на Віцебшчыне, у народных гаворках доўгі час ужывалася са значэннем «пасёлак». Засценкі як агульныя назвы тыпаў пасялення неаднаразова адзначаюцца ў пісьмовых матэрыялах Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў. А вось назваў населеных пунктаў з асновай Засценак у XІX стагоддзі на ўсходнеславянскай тэрыторыі даследчыкамі было засведчана няшмат (усяго 26) і амаль усе яны былі зафіксаваны на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Паказальна, што ў XX — пачатку XXІ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі існавала 42 паселішчы з асновай Засценак, з іх 17 населеных пунктаў на сённяшні дзень знікла з карты Беларусі. У большасці сваёй назвы гэтага тыпу аднаслоўныя ў форме адзіночнага або множнага ліку: Засценак (Хойніцкі раён Гомельскай вобласці; Барысаўскі, Лагойскі, Слуцкі раёны Мінскай вобласці; Глускі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны Магілёўскай вобласці; Пінскі, Лунінецкі раёны Брэсцкай вобласці; Верхнядзвінскі, Лепельскі, Лёзненскі, Ушацкі, Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці); Засценкі (Верхнядзвінскі, Лёзненскі раёны Віцебскай вобласці, Бялыніцкі, Круглянскі раёны Магілёўскай вобласці; Вілейскі, Маладзечанскі раёны Мінскай вобласці; Дрыбінскі, Магілёўскі, Шклоўскі раёны Магілёўскай вобласці). Сустракаюцца і састаўныя назвы, у якіх агульная назва тыпу пасялення засценак перайшла ў склад уласнага наймення: Засценак Брылі (Мядзельскі раён Мінскай вобласці), Засценак Скрыплева (Валожынскі раён Мінскай вобласці), Засценак Дуброва (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), Засценкі-Белыя (Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці), Засценак Юр'еў (Дубровенскі раён Віцебскай вобласці), Засценкі-Міхачэўскі (Аршанскі раён Віцебскай вобласці), Засценак Усцерхі (Глускі раён Магілёўскай вобласці) і інш.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?