Вы тут

Дамы са спрэчным статусам


Мы ўжо неаднойчы звярталiся да праблемы жыхароў некалькiх дамоў па вулiцах Заслонава i Будаўнiкоў у Магiлёве. Людзi трапiлi ў нявызначанае становiшча з-за таго, што калiсьцi iх бацькi атрымлiвалi тут жылплошчу як пастаянную, а цяпер iх дамы лiчацца iнтэрнатамi. Будтрэст №12, якi валодае iмi на правах бязвыплатнага карыстання, звяртаецца ў суд для высялення сем'яў, якiя не маюць дачынення да прадпрыемства. Жыхары абураны i, у сваю чаргу, звяртаюцца ва ўсе iнстанцыi ў пошуках справядлiвасцi.


Газета атрымала адказ з Мiнiстэрства жыллёвай гаспадаркi на апублiкаваны ў студзеньскiм нумары матэрыял «Метры, вы чые?» За подпiсам намеснiка мiнiстра Генадзя Трубiлы гаворыцца пра тое, што «пры разглядзе матэрыялу з улiкам зваротаў грамадзян не атрымалася вызначыць, цi з'яўляюцца спрэчныя дамы пабудаванымi як iнтэрнаты або потым iмi сталi. Раней дзеючым пленумам Вярхоўнага суда БССР ад 4 снежня 1985 года №13 «Аб практыцы прымянення судамi Жыллёвага кодэкса «ў мэтах аднастайнага прымянення заканадаўства судам давалася тлумачэнне, што па справах аб высяленнi з iнтэрнатаў яны павiнны правяраць, цi з'яўляецца iнтэрнатам памяшканне, якое займае адказчык. Трэба было высветлiць, цi знаходзiцца дом (або яго частка), у якiм размешчана жылое памяшканне адказчыка, у распараджэннi iстца. Цi будаваўся дом у якасцi iнтэрната, або быў пераабсталяваны пад яго. Цi выдаваўся на падставе сумеснага рашэння адмiнiстрацыi, прафкама i камiтэта камсамола ордар на займанне жылой плошчы ў iнтэрнаце. Цi мелiся штаты для абслугоўвання iнтэрната i iншае (пункт 28 пленума).

Што датычыцца копiй ордараў, выдадзеных грамадзянам на права займання жылой плошчы ў 1976 годзе (форма зацверджана загадам Мiнжылкамгаса БССР ад 17 мая 1976 года №70), Палажэннем аб парадку прадстаўлення жылой плошчы ў БССР, зацверджанай пастановай Саўмiна БССР i Белсаўпрафа ад 11 лютага 1976 года №50, жылыя памяшканнi прадстаўлялiся грамадзянам у жылым доме з наступным зняццем з улiку для атрымання жылой плошчы.

Згодна з вышэйназваным палажэннем ордар, выдадзены выканкамам мясцовага Савета дэпутатаў працоўных, мог быць прызнаны несапраўдным толькi ў судовым парадку. З улiкам гэтага i прымаючы да ўвагi звесткi iншых дзяржорганаў, прадстаўленых у вынiку звароту грамадзян, а таксама заключэння ТАА «Экспертызабуд», мяркуем, што пытанне пра статус жылых дамоў можа быць вызначаны ў судовым парадку.

Адначасова паведамляем, што ў адрас Магiлёўскага аблвыканкама Мiнжылкамгасам накiраваны лiст аб разглядзе магчымасцi змянення прызначэння будынка iнтэрната на будынак шматкватэрнага дома з улiкам нормаў, прадугледжаных пунктам 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 16 снежня 2013 года №563 i змен, унесеных Указам Прэзiдэнта ад 16 лiстапада 2015 года №460, якiя ўступiлi ў сiлу з 1 сакавiка 2016 года.»

Рэдакцыi таксама стала вядома, што жыхары дамоў №28, 29, 30 па вулiцы Заслонава i №4 i №6 па вулiцы Будаўнiкоў звярнулiся са скаргай на дзеяннi Магiлёўскага аблвыканкама i будтрэста №12 у суд. Пад ёй падпiсалася 60 чалавек.

Яны настойваюць на тым, каб дамы былi прызнаны жылымi i iх правы на жылыя метры ўзаконiлi. Як паведамiў адзiн з членаў iнiцыятыўнай групы Сяргей Куродаў, судовыя пасяджэннi па iсках будтрэста №12 аб высяленнi жыхароў пакуль прыпынены. «Звязда» будзе сачыць за развiццём падзей.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».