Вы тут

Сіманаў падказаў тэму


Варонежскі пошукавік Рыгор Плахатнюк знайшоў новыя звесткі пра лёс абаронцы Магілёва, які згадваецца ў рамане «Жывыя і мёртвыя».

У рамане Канстанцін Сіманаў апісаў падзеі, якія ўбачыў падчас абароны Магілёва на Буйніцкім полі. Ён наўмысна даў сваім героям прыдуманыя імёны. І толькі два пакінуў сапраўдныя. Як потым сам пісаў, спадзяваўся, што адгукнуцца. Адзін з гэтых герояў — малады камандзір 8-й стралковай роты 3-га стралковага батальёна 388-га стралковага палка лейтэнант Міхаіл Васільевіч Хоршаў. Менавіта гэтае прозвішча зацікавіла варонежскага пошукавіка. Падрабязнасці свайго даследавання ён агучыў на пасяджэнні гісторыка-краязнаўчага клуба «Спадчына» ў абласной бібліятэцы імя Леніна ў Магілёве.


Ры­гор Пла­хат­нюк дзе­ліц­ца з біб­лі­я­тэ­кай сва­і­мі зда­быт­ка­мі.

— Міхаіл Хоршаў не адгукнуўся, — кажа Рыгор Плахатнюк. — Ён загінуў 6 жніўня 1943 года на Арлоўшчыне. Гэты запіс зроблены ў яго ўлікова-паслужной карце, якая захоўваецца ў архіве. Сіманаў бачыў гэтыя дакументы, але чамусьці пакінуў без увагі.

Пошукавік так і не разгадаў тайну: чаму? Але прасачыў кароткае жыццё гэтага лейтэнанта. Дакладней будзе сказаць, пражыў. Бо нават паспрабаваў зразумець, што перажываў і думаў гэты чалавек, чакаючы на сваёй пазіцыі ворага. Уявіць, як яго рота сустрэла першыя нямецкія танкі і ўступіла ў бой. Даследчык не проста аналізуе аўтабіяграфію героя, але і звяртаецца да тых падзей, у якіх ён існуе. Шматлікія рэмаркі на палях і адступленні даюць поўную карціну таго, што адбывалася на гэтым гарачым рубяжы летам 1941-га. Зрабіць аналіз яму дапамагаюць рускія і нямецкія архіўныя дакументы. У іх свеце некаторыя падзеі тых баёў становяцца больш зразумелымі.

Тэма абароны Магілёва для Плахатнюка балючая. Яго дзед ваяваў у 388-м «куцепаўскім» стралковым палку: тут, пад Магілёвам, трапіў у нямецкі палон і знаходзіўся ў ім да канца вайны. Прачытаўшы раман Сіманава, ён паставіў сабе мэту абавязкова пабываць на Буйніцкім полі і здзейсніў сваё абяцанне. Цяпер яго з Магілёвам звязваюць добрыя сяброўскія сувязі. З абласной бібліятэкай ён сябруе з 2011 года, таго самага моманту, калі ўбачыў на сайце гэтай установы інфармацыю пра абарону горада.

— Дзякуючы Рыгору Плахатнюку наш фонд папоўніўся рэдкімі архіўнымі матэрыяламі, — кажа загадчыца аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры бібліятэкі Тамара Калініна. — Гэта карткі ваеннапалонных, па якіх можна прасачыць лёс абаронцаў Магілёва, іншыя звесткі аб удзельніках абароны. Яго матэрыялы неаднаразова друкаваліся ў магілёўскіх і расійскіх перыядычных выданнях. Шмат якія з іх захоўваюцца ў нас.

Летась Рыгор Плахатнюк перадаў бібліятэцы ў дар падшыўку расійскага часопіса «Ваенна-гістарычны архіў», дзе змешчаны найноўшыя даследаванні ваенных падзей, у тым ліку малавядомых старонак абароны Магілёва. На гэты раз ён перадаў бібліятэцы яшчэ 15 нумароў часопіса «Ваенна-гістарычны архіў» за 2010-2013 гады, а таксама падарыў некалькі кніг варонежскага выдавецтва: «Варонеж — радзіма паветранага дэсанта», Дзегцярова, «Варонеж Андрэя Платонава» Ласунскага і «Выбранае» Эртэля.

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?