Вы тут

«Я шмат чаго ўмею і гатова дзяліцца»


Пажылыя валанцёры дораць кнігам другое жыццё.

Мінчанка Наталля Хлопкава пасля выхаду на пенсію магла б, як і многія яе аднагодкі, праводзіць час, займаючыся толькі сваімі справамі, або ўвесь дзень сядзець каля тэлевізара. Але яна вырашыла інакш і выбрала актыўнае жыццё: навучанне, стасункі і валанцёрства.


На­тал­ля Хлоп­ка­ва  вы­сту­пае на фо­ру­ме ва­лан­цё­раў  Уні­вер­сі­тэ­та трэ­ця­га ўзрос­ту.

— Я пайшла ва Універсітэт трэцяга ўзросту, каб нечаму навучыцца, у прыватнасці, лепш асвоіць камп'ютар. Гэта для ўсіх, і цалкам бясплатна, — расказвае яна. — І калі запаўняла анкету, звярнула ўвагу на адну дэталь: у графе «чаго я хачу» шмат хто пісаў пра свае жаданні. А вось над графой «што я магу даць» часта «завісалі», і не ва ўсіх атрымлівалася што-небудзь напісаць. А я шмат чаго ўмею і гатовая гэтым падзяліцца з іншымі.

Летась ва Універсітэце трэцяга ўзросту пачаў працаваць «Цэнтр валанцёраў 60+». Я пайшла на сход, на які запрашалі ўсіх, хто жадае валанцёрыць, працягвае Наталля. І калі пачула аб праекце «Кнізе — другое жыццё!» — тут жа загарэлася. Я ўсё жыццё любіла чытаць, а тут аказалася, што можна працаваць з кнігамі. Вырашыла: вядома, пайду!

Зараз ва ўсім свеце шырока распаўсюджаны буккросінг. Гэты рух аб'ядноўвае людзей, якія, прачытаўшы кнігі, пакідаюць іх на спецыяльна выдзеленых, так званых свабодных паліцах. Затым гэтыя кнігі можа ўзяць любы ахвотны (без усялякага запісу, як у бібліятэках). Калі ў двух словах, то сутнасць руху: узяў кнігу — прынясі ўзамен іншую ці вярні гэтую, як прачытаеш. Але ў Беларусі буккросінг прыжываецца пакуль даволі складана. У асноўным паліцы для абмену кнігамі служаць толькі ў якасці бясплатнай раздачы: людзі ахвотна бяруць нешта пачытаць, але часцей за ўсё нічога не вяртаюць.

Некамерцыйны праект Белгіпс-ЭКА «Кнізе — другое жыццё», у якім удзельнічае Наталля Хлопкава — гэта той жа буккросінг, але больш мэтанакіраваны: мінчан заклікаюць апусціць кнігі, якія калісьці былі набытыя, прачытаныя і цяпер без карысці пыляцца на паліцах, у спецыяльныя зялёныя кантэйнеры, якія расстаўленыя па ўсім Мінску. Затым валанцёры гэтыя кнігі разбіраюць, калі трэба праціраюць, сартуюць па тэматыцы (дзіцячая літаратура, класіка, дэтэктывы, паэзія, фантастыка, жаночыя раманы і г.д.). А пасля іх перадаюць у розныя сацыяльныя арганізацыі: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, прытулкі, дамы састарэлых, бальніцы, папраўчыя ўстановы.

Дзякуючы праекту, свае «бібліятэкі» ўжо папоўнілі, напрыклад, Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў, SОS-Дзіцячая вёска ў Бараўлянах, Сацыяльна-педагагічны цэнтр Партызанскага раёна сталіцы і іншыя.

«Галоўнае — гэтыя кнігі не прападуць! — радуецца Наталля. — А як прыемна іх аддаваць! Іх жа будуць чытаць». Наша суразмоўца прызнаецца, што цяпер усім знаёмым і нават незнаёмым расказвае пра гэты праект і запрашае падзяліцца кнігамі, якія сталі непатрэбнымі. Куды б ні пайшла: нават у цырульні кажа пра гэта. Гаворыць, што ўсім цікава, людзі радуюцца, што могуць зрабіць нешта карыснае для іншых.

— Я заўсёды шмат чытала, але дзякуючы валанцёрству столькі новых аўтараў адкрыла для сябе! — дзеліцца Наталля. — Для мяне сталі адкрыццём Грышкавец, Аксана Робскі. Нехта ж апусціў іх у кантэйнер! Зразумела, калі апускаюць жаночыя раманы. Я сама так Данцову «ліквідавала». Але, аказваецца, здаюць і сур'ёзную літаратуру. Нядаўна адна мінчанка здала поўны камплект Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. Гэтыя кнігі не заляжаліся на паліцах. Іх забралі ў адну з новых школ. А яшчэ здалі кнігу Сяргея Плыткевіча «Нечаканая Беларусь». Яна вельмі дарагая, паўмільёна каштуе, але хтосьці набыў яе, а потым вырашыў падзяліцца з іншымі. Я вельмі люблю гэтага фотамастака, і калі ўбачыла яго кнігу, у мяне ўнутры проста музыка загучала!

Ва­лан­цё­ры Га­лі­на Жы­да­ло­віч  і Свят­ла­на За­да­рож­ная  сар­ту­юць кні­гі.

Валанцёрства — гэта выдатна! Я і не заўважыла, як стала кіраўніком групы валанцёраў. Мы займаемся важнай працай, і я адчуваю сябе патрэбным чалавекам. І сама шмат атрымліваю ад гэтай працы. Шмат чытаю — да бібліятэкі ж не заўсёды дойдзеш. Шмат бывае сустрэч з цікавымі людзьмі. Яны падыходзяць да нас, калі мы на выставах працуем, прапануюць свае кнігі. Я так пазнаёмілася з былым вядомым рэжысёрам і з дырэктарам музея Якуба Коласа.

Кіраўнік дабрачыннага некамерцыйнага праекта «Кнізе — другое жыццё!» Фёдар Глушакоў прызнаецца, што без валанцёраў праекта не было б. «Я называю іх дзяўчатамі, нягледзячы на ўзрост, таму што па-іншаму іх называць проста немагчыма, — усміхаецца Фёдар. — Калі яны прыходзяць, у нашай бібліятэцы пачынаюць гучаць смех, жарты, прымаўкі. І мы адпачываем душой і целам. Добры настрой забяспечаны!»

— Праца нашых валанцёраў на выставах была высока ацэненая наведвальнікамі, — сцвярджае кіраўнік праекта. — І нават не таму, што мы ім бясплатна давалі кнігі. Людзі былі вельмі рады даведацца, што яны самі могуць аддаць кнігі. На такіх мерапрыемствах як выстава 50+ і 23-я Міжнародная кніжная выстава дзякуючы нашым валанцёрам другое жыццё здабылі 2,5 тысячы кніг. Мы перадалі іх людзям, каб тыя чыталі, атрымлівалі асалоду і перадавалі іх далей. І больш за 15 тысяч кніг было аддадзена ў сацыяльныя арганізацыі.

Узрост не перашкода для добрых спраў

У Цэнтры валанцёраў 60+ кажуць, што запісацца ў іх шэрагі можа любы ахвотны, нават калі вы ніколі гэтым не займаліся. У кожнай валанцёрскай групе ёсць куратар, які абавязкова ўвядзе пачаткоўца ў курс справы, стане яго настаўнікам. Акрамя гэтага, усе ўдзельнікі праходзяць дадатковае навучанне, звязанае з абраным профілем дзейнасці.

У Мінскім універсітэце трэцяга ўзросту цяпер дзейнічаюць восем ініцыятыўных груп. Яны рэалізуюць наступныя міні-праекты:

«Школа здароўя» — павышэнне ўзроўню інфармаванасці па пытаннях здароўя. Правядзенне кансультацый па запыце арганізацый-партнёраў.

«Буккросінг» — удзел у праекце Белгіпс-ЭКА «Кнізе — другое жыццё» — праект спрыяе зніжэнню спажывання і захоўвае ад вырубкі дрэвы, неабходныя для вытворчасці кніг.

«Кампаньёнства» — суправаджэнне маламабільных пажылых людзей на культурныя мерапрыемствы Мінска, віншаванні са святамі.

«Экалогія і Я» — фарміраванне асноў экалагічнай культуры сярод дарослага насельніцтва.

«Падорым дзецям радасць» — аказанне дапамогі сем'ям з дзецьмі да 3-х гадоў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, на базе сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малы».

«Дзеці вайны» — аказанне дапамогі і падтрымкі вязням канцлагераў.

«Арт-майстэрня» — правядзенне творчых майстар-класаў, арганізацыя выстаў, літаратурных вечарын.

«Праца з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны» — запіс успамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

ДАРЭЧЫ

У Еўропе асноўная ўзроставая група, якая ўдзельнічае ў разнастайных валанцёрскіх праектах, гэта людзі ва ўзросце ад 60-ці гадоў і больш. Пры гэтым пажылыя валанцёры прыносяць карысць не толькі навакольным, але ў немалой ступені — і асабіста сабе. Англійскія навукоўцы высветлілі, што сярод пажылых людзей, якія хоць бы 25 дзён у годзе працуюць валанцёрамі, выяўлена на 40% менш выпадкаў гіпертаніі. Бо ўдзел у валанцёрскіх планах прадастаўляе магчымасць дзейнасці і актыўных грамадскіх кантактаў, што прыносіць велізарную карысць для здароўя. Навукоўцы кажуць, што паляпшэнне самаадчування пенсіянераў, занятых у галіне дабрачыннасці, звязана з тым, што гэтыя людзі атрымліваюць больш правільных эмоцый.

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.