Вы тут

Паўднёвыя рэгіёны краіны завяршаюць пасяўную


Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір ГРАКУН станоўча ацэньвае ход сёлетняй пасяўной кампаніі. Структура пасяўных плошчаў сёлета распрацавана і арыентавана на тое, каб выканаць дзяржзаказ і забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі і фуражом.


Больш зернебабовых

Асаблівасці гэтай пасяўной у тым, што прадугледжваецца павелічэнне плошчы для зернебабовых культур да 350 тысяч гектараў, сяўба аднагадовых траў плануецца ў аб'ёме большым за 500 тысяч гектараў. Таксама па плане неабходна засеяць шматгадовымі травамі больш за 1 млн гектараў.

Намеснік міністра нагадаў, што пасяўная пачалася на тыдзень пазней, чым у 2015 годзе. Пры гэтым адставанне ад леташніх тэрмінаў склала ўсяго 2—3 дні. У Беларусі пасеяны раннія збожжавыя на 39% плошчаў (гэта 365 тысяч гектараў), а паўднёвыя рэгіёны краіны ўжо практычна завяршаюць кампанію.

Сёлета ў краіне страцілі амаль палову азімага рапсу — больш за 122 тысячы гектараў. Адбылося гэта праз неспрыяльныя ўмовы надвор'я. Цяпер пастаўлена задача перасеяць гэтыя плошчы.

Поўнач толькі пачынае

Як растлумачыў Уладзімір Гракун, апошнія два гады складваецца сітуацыя, калі паўднёвыя рэгіёны ўжо завяршаюць сяўбу, а паўночныя толькі пачынаюць. Па пасевах сёння лідзіруе Гомельская вобласць — 96%, у Брэсцкай вобласці пасеяна крыху менш — 80% плошчаў, у Мінскай — 40,5%, у Гродзенскай — 38%. Толькі пачынаюць сеяць у Магілёўскай і Віцебскай абласцях — 9,8% і 6,6% плошчаў адпаведна. Аднак, нягледзячы на такую разбежку, тэхнічныя магчымасці сёння дазваляюць вырашыць праблему адстаючых абласцей за 8-10 дзён. Гатоўнасць тэхнікі, як энерганасычаных трактароў, так і пасяўных агрэгатаў, складае каля 90% (у пасяўной удзельнічае больш за 5 тысяч энерганасычаных трактароў і 4200 пасяўных агрэгатаў).

Угнаенняў і насення хопіць?

З забяспечанасцю насеннем збожжавых культур праблем таксама няма — сёлета яе ўзровень складае 159%. Ужо цяпер чакаецца, што будзе атрымана высокая аддача з кожнага гектара поля. Сродкі аховы таксама падрыхтаваныя. Па вясне забяспечанасць пратручваючымі рэчывамі складае 66%.

Пасяўная кампанія гэтага года ацэньваецца прыблізна ў 15,6 трыльёна рублёў. З гэтай сумы 2,8 трыльёна накіроўваюць мясцовыя бюджэты, 5,6 трыльёна — крэдытныя рэсурсы, каля 8 трыльёнаў — уласныя сродкі гаспадарак. Заданне на жніво ў гэтым годзе складае 9,2 млн тон збожжа.

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Засеяна ўжо 39% плошчаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.