07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Некалькі слоў могуць змяніць дзіцячыя лёсы


Калі закон своечасова адаптаваць пад рэчаіснасць.

Удасканаленне фармулёўкі толькі аднаго сказа з закона «Аб дзяржаўных выплатах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» зможа дапамагчы ўладкавацца ў сем'і некалькім сотням дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Ідэя тычыцца магчымасці неперапынення выплат на дзіця бацькам, што даглядаюць толькі свайго малога-інваліда і выказваюць жаданне паклапаціцца і пра іншых дзяцей, якім патрэбна ўвага.


— Закон не дазваляе бацькам, якія атрымліваюць грошы на малога-інваліда, працаўладкоўвацца. Такая мера прымалася ў інтарэсах дзіцяці, каб бацькі ўсю ўвагу і час аддавалі непаўналетняму і не пакідалі яго аднаго, сыходзячы на працу. Аднак рэчаіснасць прапануе іншыя ўмовы. У краіне з'явіліся так званыя прыёмныя сем'і, дзе чалавек, прыняты на працу ўпраўленнем адукацыі, увесь час знаходзіцца дома і выхоўвае дзяцей-сірот, — патлумачыла Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, якая прапануе ўдасканаленне названага закона. — Многія з тых, хто даглядае сваё дзіця-інваліда, змаглі б выхоўваць у хатніх умовах і дзяўчынку ці хлопчыка, забраўшы іх з інтэрнатнай установы, працуючы прыёмнымі бацькамі. Думаю, што ў такія сем'і мы маглі б накіраваць пэўную колькасць выхаванцаў інтэрнатаў.

Калі фармулёўку сказа «Выплаты па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў не прызначаюцца і не выплачваюцца асобам, якія працуюць па працоўных дагаворах (кантрактах)», што знаходзіцца ў абзацы 3 артыкула 17 Закона «Аб дзяржаўных выплатах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», працягнуць словамі «за выключэннем асоб, якія працуюць прыёмнымі бацькамі дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі», у краіне з'явяцца новыя магчымасці для развіцця сямейных формаў выхавання дзяцей сіроцкай катэгорыі, лічыць прадстаўніца Камітэта па адукацыі.

Гэта маленькае выключэнне павінна тычыцца толькі асоб, прынятых на працу ў якасці прыёмных бацькоў.

— Магчымасць захаваць атрыманне дзяржаўных выплат на роднае дзіця-інваліда (зараз гэтая сума складае 1 591 300 руб.) і дадаткова выхоўваць яшчэ і сірату, выгадна і дзяржаве, — падкрэсліла Зінаіда Вараб'ёва. — Сямейная форма ўладкавання дзяцей заўсёды больш танная, чым іх знаходжанне ў любой дзяржаўнай установе. Напрыклад, на ўтрыманне дзіцяці ў доме-інтэрнаце патрэбна да 80 млн руб. у год. Такія сумы не ідуць ні ў якае параўнанне з выплатамі за працу прыёмных бацькоў і выдаткамі на ўтрыманне дяцей-сірот у сям'і. Да таго ж сірата ўваходзіць у сям'ю бадай што на ўсё гатовае. Не трэба выдзяляць памяшканне пад стварэнне дзіцячага дома сямейнага тыпу, не трэба купляць мэблю, бытавую тэхніку і г.д.

Цяпер у Мінску выплаты, якія атрымліваюць бацькі на догляд за ўласным дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, выплачваюцца на 2728 дзяцей. Часта гэта вельмі цяжкія непаўналетнія, ад якіх сям'я не адмовілася і магла, і хацела б выхаваць не толькі свайго, але і сірату.

Вось, напрыклад, ёсць мама, па адукацыі сацыяльны педагог. Яна выхоўвае двух дзяцей-інвалідаў, якія вучацца ў першым класе. Сама кіруе машынай, вельмі рухавая і дзелавітая, усюды паспявае з дзеткамі. З задавальненнем узяла б на выхаванне хоць бы аднаго сірату, але тады яна страціць выплаты на догляд за ўласнымі дзецьмі. І такіх бацькоў, якія жадаюць дапамагчы выхоўваць чужых дзетак, нямала. Трэба толькі даць ім шанц на гэта, удакладніўшы закон.

— Пытанне па захаванні выплат на дзіця бацькам, якія выхоўваюць свайго малога-інваліда, калі яны становяцца прыёмнымі для іншых дзетак, заслугоўвае ўвагі і знаходзіць разуменне ў дзяржаве. Можна сказаць, што, нягледзячы на сённяшнія цяжкія эканамічныя ўмовы, яно ўжо прапрацоўваецца, — далучыўся да абмеркавання прапановы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алег ЛЕЎШУНОЎ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях. — Праект закона «Аб дзяржаўных выплатах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» уключаны ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2016 год. Думаю, пытанне аб захаванні выплат вырашыцца станоўча. Як толькі законапраект паступіць на разгляд, дэпутаты таксама актыўна ўключацца ў гэтую справу.

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.