Ужо сталым прызнаным паэтам ён накрэсліць у сваім лірычным вершы адно з галоўных жаданняў душы: «Толькі б у край мой вяла дарога...» У гэты край ён прыходзіў і прыязджаў з усіх дарог, тут чэрпаў натхненне і сілы.
Сястра паэта Ірына Міхайлаўна Рудкоўская, якая жыве ў Ганцавіцкім раёне, расказвае, што Міша пачаў вершы пісаць вельмі рана, у дзяцінстве. Нават, здаралася, чытаў свае першыя паэтычныя спробы вясковым сябрам, з якімі разам пасвілі жывёлу.
Калі брат паступіў вучыцца, Іра яшчэ не хадзіла ў школу, але яе ўспаміны пачынаюцца менавіта з гэтага перыяду: яна па-дзіцячы ўсведамляла свой гонар за разумнага, добрага, шчырага брата. І самым яркім водбліскам тых успамінаў, несумненна, застаецца гісторыя з сінімі чаравічкамі. Маці неяк была ў краме ў райцэнтры. А потым да слова сказала, што бачыла на паліцы сінія чаравічкі, якраз на сваю меншую. Потым уздыхнула на адвечную бядноту, у хаце капейкі лішняй не было, ды і забылася за бясконцымі справамі.
Малой жа тыя чаравічкі запалі ў душу:
— У вёсцы такіх не было ні ў кога — гаворыць Ірына Міхайлаўна. — Тады ў крамы прывозілі толькі чорнага колеру нават дзіцячы абутак, зусім рэдка, здаралася, карычневага. А каляровыя чаравікі — гэта з разраду нечага казачнага, невядомага. Вось я і падзялілася сваімі марамі-казкамі ў двары, а можа, гулялі з дзяўчынкамі ў прынцэс, вянцом убораў якіх маглі б быць тыя самыя сінія чаравічкі... Аднойчы мы бавілі час з дзецьмі на вуліцы, а суседскі хлопчык бяжыць і кліча мяне дадому, маўляў, брат прыехаў. З такой нагоды мы ўсёй кампаніяй пабеглі да нашай хаты: гэта ж падзея. А Міша стаіць і падае мне тыя самыя сінія чаравічкі (голас Ірыны Міхайлаўны дрыжыць, яна доўга спраўляецца з блізкімі слязьмі, потым працягвае), тыя пачуцці цяжка перадаць. Скажу толькі, што потым, калі ў жыцці бывалі цяжкія хвіліны, старалася ўспамінаць той выпадак, бо яшчэ ў студэнцкія гады прачытала ў аднаго псіхолага пра гаючую сілу падобных успамінаў. І праўда, вельмі часта дапамагала.
Ірына Міхайлаўна кажа, што вучылася ў брата і любові да слова, і густу, стылю, інтэлігентнасці. Сама помніць, як Уладзімір Калеснік называў яго шляхціцам. А Уладзімір Ягоўдзік неяк прывёў выказванне Івана Чыгрынава, які нібыта сказаў так: «Рудкоўскі застаецца інтэлігентным у любой сітуацыі, нават знаходзячыся пад мухай, у адрозненне ад большасці з нас». Тады людзі творчых прафесій часта хадзілі адзін да аднаго ў госці, сябравалі сем'ямі. Нярэдкімі гасцямі Міхася станавіліся калегі з Украіны, ён там бываў, рабіў пераклады з украінскай на беларускую.
Ірына Рудкоўская ведае на памяць мноства вершаў брата. Але з гадамі, прызнаецца, усё часцей звяртаецца да тых, што прысвечаны іхняй маці. На думку сястры, увесь яго тонкі лірызм, тое што Калеснік некалі назваў чуласцю сэрца, у Міхася Міхайлавіча менавіта ад мамы. Яна была надзвычай тонкай асобай. Вырасла сіратою, скончыла ўсяго чатыры класы, а на памяць чытала дзецям не толькі казкі, нават цэлыя ўрыўкі з паэм, вершы класікаў, пераказвала апавяданні. Яна імкнулася даць усім адукацыю, вывесці ў людзі. А ён, калі прыязджаў дадому, абавязкова цалаваў матчыну руку, што для вёскі той пары было ледзь не дзівам. Яшчэ маладым паэтам ён напісаў амаль філасофскі верш пра чатыры песні.
«Прад тым, як упасці, навекі прапасці
Песні чатыры хацеў бы я скласці,
Найпершая песня — Маці...»
І потым: «Чамусьці бацькоўская хата без маці — што грудзі жывыя без сэрца». Ужо сталым чалавекам, асэнсоўваючы жыццё, свет і сябе ў гэтым свеце, выдае як адкрыццё: «А хто мяне не падмане? Адная мама і сястра мо...»
Колькі разоў у цяжкую гадзіну кожны з нас прыходзіў да такой жа думкі, хоць бы ў самай глыбіні душы! Міхась Рудкоўскі пакінуў светлыя вершы, прысвечаныя маці, сёстрам, бацьку, дзеду-кавалю і, вядома, роднаму краю. Усё яго творчае жыццё з-пад пяра выходзілі радкі пра вёску, пра Ганцаўшчыну, Палессе. І вось у апошнім прыжыццёвым зборніку «Гарынь» чытаем як праграму, як запавет, як вынік многіх шляхоў і дарог:
Мне не трэба нічога-нічога,
Толькі б ціха ў свеце было,
Толькі б у край мой вяла дарога,
Толькі б у небе трымала крыло.
Толькі б золата тое жывое
І высокі той бераг круты...
У пятніцу, 15 красавіка, у Ганцавіцкім Доме культуры збяруцца аматары творчасці Міхася Рудкоўскага на вечарыну яго памяці з нагоды 80-й гадавіны з дня нараджэння паэта. Прыйдуць тыя, для каго ён пісаў свае вершы.
Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.
Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва.