Вы тут

Лапці


Лапці доўгі час служылі сялянам асноўным відам абутку. Іх плялі з пянькі, ільну, ліпавага ці бярозавага лыка, бяросты, пазней — са скуры свойскай жывёлы. Лапці мелі не толькі практычнае ўжыванне, вельмі часта яны станавіліся атрыбутам пэўных абрадаў, прычым магічнымі якасцямі валодалі старыя, ужо зношаныя, лапці.


* У якасці абярэгаў ад нячыстай сілы і «ліхога» вока лапці вывешвалі на хлявах, агароджах, тынах, каля агародаў, на варотах. Часам іх колькасць дасягала ста пар. Меркавалі: чалавек падыйдзе да плота, убачыць столькі лапцей, здзівіцца і не сурочыць мой двор, маю гаспадарку.

* Прысутнасць лапцей у куратніку павінна была павялічыць колькасць знесеных яек, засцерагчы курэй ад сурокаў і хвароб.

* Старым лапцем абкурвалі карову пасля ацёлу.

* Падчас эпідэміі менавіта лапці прамочвалі дзёгцем і развешвалі ў хатах, хлявах, куратніках.

* Стары лапаць дапамагаў і пры ўлазінах — ім «задобрывалі», «заманьвалі» дамавіка ў новую хату.

* У час пахавання лапаць мог выступаць як ахвяраванне, своеасаблівы падарунак продкам.

* Лічылася, калі вакол агарода на некалькі штыкецін надзець старыя лапці, то вусені не паядуць капусту, машкара яе не пашкодзіць, а «галовы» вырастуць вялікія і сакавітыя.

* Каб было шмат агуркоў, лапаць неабходна закінуць на сярэдзіну градкі і сказаць: «Як гэты лапаць густа плёўся, так і агуркі мае пляціцеся і радзіцеся!».

* Катэгарычна забаранялася плесці лапці на працягу Калядаў — інакш у сям'і народзіцца «крывое» дзіця.

* А яшчэ прыкмячалі: калі лапці рвуцца спераду — бяда наперадзе, калі яны знасіліся, стапталіся ззаду, на пятах — бяда прайшла.

* Казалі: калі ў лапцях часта развязваліся аборы, ведай, што цябе вельмі кахае жанчына і сумуе па табе.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.