Вы тут

«Я — бачу!»


Беларускі дзіцячы фонд і кампанія Velcom арганізавалі на Магілёўшчыне дабрачынную акцыю па дыягностыцы зроку сярод сельскіх школьнікаў.


Пра зрок звычайна згадваюць, калі ўзнікла праблема, таму афтальмолагі бяруць ініцыятыву ў свае рукі і спрабуюць папярэдзіць працэс. З 1 сакавіка мабільная брыгада спецыялістаў наведвае раёны вобласці і праводзіць дыягностыку зроку сярод сельскіх школьнікаў. Гэта катэгорыя насельніцтва пакуль што знаходзіцца ў найбольш уразлівым становішчы. У сельскіх раёнах на дарослае і дзіцячае насельніцтва прыпадае ў сярэднім па 1 стаўцы ўрача-афтальмолага, а ў 4 раёнах вобласці — па 0,5 стаўкі. У 6 раёнах Магілёўскай вобласці стаўкі ўрачоў-афтальмолагаў на 1 студзеня наогул заставаліся вакантнымі.

— Гэты праект стаў лагічным працягам многіх нашых сацыяльна значных дабрачынных праграм, накіраваных на дапамогу дзецям, — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі ў Магілёве дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан. — У дзяцей у гэтых раёнах значна менш магчымасцяў рэгулярна правяраць свой зрок у спецыялістаў. Брыгада лекараў зробіць афтальмалагічную дапамогу для сельскіх школьнікаў больш даступнай. Спецыялісты прыязджаюць непасрэдна да дзяцей — у сельскія школы, нават у самыя аддаленыя вёскі. Кожнаму дзіцяці даюцца канкрэтныя рэкамендацыі, пры неабходнасці выпісваюцца рэцэпты на медыкаменты і акуляры. У самых складаных сітуацыях дзеці накіроўваюцца на кансультацыі і паглыбленую дыягностыку ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры.

На сродкі кампаніі Velcom было закуплена сучаснае абсталяванне, якое пасля паступіць на ўзбраенне Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, аплачаны паслугі кваліфікаваных спецыялістаў, арэнда аўтамабіля. Усяго на гэтыя мэты было накіравана каля 2 мільярдаў беларускіх рублёў, сабраных у рамках каляднай акцыі «Рабіць дабро так проста».

З 1 сакавіка — моманту старту гэтага праекта — мабільная брыгада спецыялістаў паглядзела каля 1,5 тысячы школьнікаў Бялыніцкага і Дрыбінскага раёнаў. Некаторым з іх дадзены накіраванні для далейшага абследавання. Да 31 снежня афтальмолагі збіраюцца наведаць 19 раёнаў Магілёўшчыны і праверыць зрок у больш як 14 тысяч дзяцей. Па выніках акцыі будзе падрыхтаваны падрабязны аналіз сітуацыі ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці, а сабраны матэрыял стане падставай для распрацоўкі канкрэтных рэкамендацый па прафілактыцы пагаршэння зроку ў дзяцей.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».