Вы тут

Хлопец пашаньку пахае


Мастацкі вобраз нівы ў народнай песні «Хлопец пашаньку пахае» вельмі пераканальна раскрывае характар людскіх зносін. Зямля заўсёды адорыць багатым ураджаем, як толькі яе дбайна і своечасова апрацуеш. Кожная сям'я будзе шчаслівай, калі сужэнцы з любоўю, з прачулай адказнасцю паставяцца да сваіх намераў і памкненняў. Не паспешлівасць прыносіць глыбокую радасць, нават і тады, калі атрымліваеш задавальненне, а разважлівая пачуццёвасць, спагадлівае паразуменне — сцвярджаецца ў песні.


Прыпевы «Ой-ёй-ёй!» і «Ой, божа ж мой!» выступаюць як голас долі. (А яна паўсюль суправаджае нас, вядзе таемныя перамовы з нашымі душамі.) Прыпевы выглядаюць просценькімі, але ў гэтай песні ім адведзена духаабуджальная місія. Яны перадаюць вялікую гаму пачуццяў — ад побытавай канстатацыі падзей (на пачатку песні) да праніклівага суперажывання, нават да трывожнага асуджэння.

«Песняры» шчыра, па-сцэнічнаму ярка выконвалі фальклорны твор «Хлопец пашаньку пахае». Яны і спачувалі няўдачлівай маладой сям'і, і крыху іранізавалі з яе не надта ўтольнага становішча, і нават імкнуліся вытлумачыць такую несуразнасць. Артысты далі гэтай песні, як і многім фальклорным творам, другое дыханне, вывелі на шырокую арэну. І яны пасля песняроўскіх канцэртаў з радушнай цеплынёю прыходзілі ў гарадскі асяродак, сталі гучаць у юнацкіх бяседах, вечарынах...

Не адразу склаўся такі імідж у ансамбля. Напачатку артыстам камсамольскага ўзросту імпанавала музыка, адпаведная іх юнацкім захапленням. Яны, як і іх равеснікі, цікавіліся сусветнымі вакальнымі і інструментальнымі кампазіцыямі, найлепшымі творамі савецкай эстрады. Аднак імкненні маладога таленавітага калектыву наследаваць найлепшыя замежныя ўзоры сутыкнуліся з быццёвай супярэчнасцю. Высокае творчае майстэрства беларускіх артыстаў толькі паўтарала чужыя дасягненні. А ім хацелася выявіць сябе рознабакова, паказаць свае адносіны да часу, гісторыі, грамады. Узнікла вострая неабходнасць шукаць свой — адметна духоўны — шлях.

У гэты час на ўсесаюзнай эстрадзе пачалі выступаць гурты з саюзных рэспублік. Карысталіся поспехам ансамблі з нацыянальным рэпертуарам — грузінскі «Арэра», малдаўскі «Нарок» і іншыя. І «Песняры» звярнуліся да музычнай спадчыны беларускага народа — духоўна неабсяжнай, разнастайна багатай і на гарманічныя мелодыі, і на вобразныя тэксты, але зусім малаасвоенай. Беларуская народная песня стала трывалым падмуркам для плённых пошукаў і здзяйсненняў «Песняроў». І ў іх майстэрскім выкананні яна глыбакадумна, з вытанчаным лірызмам загучала на ўсесаюзнай эстрадзе. А жартоўная песня «Хлопец пашаньку пахае» набыла новыя абрысы.


Хлопец пашаньку пахае

Народная песня

Хлопец пашаньку пахае,

Ой-ёй-ёй!*

У яго сошанька крывая,

Ой, божа ж мой!*

Прыйшла к яму чарнявая:

— Вазьмі ж мяне, хлопец,

замуж.

Дзеўка замуж захацела,

Ледзь уся не абамлела.

Хлопец здуру ажаніўся,

Навек жонкай падавіўся.

Ані ложкі, ані міскі,

Павесілі тры калыскі.

Ля калыскі трэба нянькі,

А ля печы — кашаваркі.

Даў ёй хлопец

тры капейкі:

— Пайдзі купі хлеба,

солі.

Хлеба, солі не купіла,

На базары заблудзіла.

* Прыпевы «Ой-ёй-ёй! і «Ой, божа ж мой!» спяваюцца адпаведна пасля 1-га і 2-га радкоў кожнай страфы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».