Вы тут

Другое жыццё бярозавым капам дорыць дацэнт-рамеснік з Віцебска


З Яўгенам Бяловым мы пазнаёміліся ў Мінску на кірмашы вырабаў ручной працы. Ён прыцягнуў увагу каларытным посахам, які нечым нагадваў лепельскага цмока. Падчас размовы высветлілася, што Яўген Валянцінавіч не проста рамеснік. А яшчэ і дацэнт па сумяшчальніцтве. Выкладае ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. На «Млын» жа прывёз толькі маленькую частку сваіх вырабаў. Каб паглядзець на астатнія, завітала ў Віцебск, у госці да майстра.


Гаспадар увекавечыў свайго любімца Квінта ў дрэве.

Жонка — галоўны замоўца

Драўляны дамок Бяловых месціцца ў прыватным сектары. Я яго адразу ж вылучыла на фоне іншых — на ўваходзе каля веснічак сустракае разная сава. А вось і сам гаспадар — у саколцы з выявай любімага бульдога. Квінта ўжо няма ў жывых, але Яўген Валянцінавіч увекавечыў свайго любімца ў дрэве.

У дом, які раней быў лецішчам, спадар Бялоў з жонкай перабраліся на пастаяннае месца жыхарства. Тут, пераканалася на свае вочы, казачная атмасфера. Практычна ўсё, куды ні кінь вокам, зроблена з душой рукамі гаспадара: і стол, і шафа, і хлебніца, і нават свяцільня. Дарэчы, у апошняй вельмі кранальная гісторыя нараджэння. «Вішня шмат гадоў радавала нас сакавітымі ягадамі ў садзе побач з домам. Пакуль аднойчы не засохла. Шкада было яе секчы на дровы. Таму я дрэўца выкапаў, ачысціў, зашліфаваў, пакрыў лакам, аздобіў драўлянымі птушкамі. І яно «ажыло-засвяцілася».

У маленькім пакоі ажно два люстэркі з драўлянымі рамамі: адно аздоблена слімаком і гронкай вінаграду з дрэва, другое — птушкай. Апошняе Яўген Валянцінавіч падарыў жонцы на «залатое» вяселле.

— Жонка — мой асноўны заказчык. Думаеце, вось гэты камп'ютарны столік з лірамі па баках я сам прыдумаў? Спачатку жонка замовіла. Я ёй паказаў эскіз, яна ўхваліла. А як без начальства? Загад начальніка — закон для падначаленага (смяецца).

А пачалося ўсё з часопіса «Огонёк»...

— У школьныя гады я ўбачыў на яго старонках выяву шахматных фігур, выразаных з дрэва: там былі рускія і нямецкія рыцары. Мяне тады яны так уразілі, што я таксама пачаў падобныя выразаць. Рыцары — першае, што я зрабіў. Пасля школы мяне забралі ў армію. Пашчасціла трапіць ва ўзвод ваенных сталяроў. Там я працягнуў выразаць... На трэці год службы мяне вызвалілі ад усіх работ, і я кожнаму са свайго прызыву рабіў сувенір на памяць. Адзін з маіх саслужыўцаў — выпускнік мастацкага вучылішча — калі ўбачыў мае работы, працягнуў мне паперку з адрасам. Маўляў, «калі хочаш прыязджай у Адэсу, з такімі работамі цябе без іспытаў возьмуць у вучылішча». Я спачатку загарэўся, але калі вярнуўся дадому, зноў з'язджаць надоўга не захацелася. Застаўся ў Віцебску і паступіў ва ўніверсітэт, на трэцім курсе ажаніўся...» Але з хобі Яўген Бялоў не развітаўся. Разьбой займаецца ў вольны час на працягу ўсяго жыцця, дзе б ні працаваў. «Цяпер я выкладаю тэхналогію машынабудавання і мастацкае канструяванне для дызайнераў. Думаю, што кожны дызайнер павінен мець асновы інжынернага мыслення. Як раней, у савецкі час кожны інжынер павінен быў ведаць асновы дызайну. Быў нават такі прадмет — мастацкае канструяванне. Але пасля яго чамусьці адмянілі. Праца прыносіць мне задавальненне. Прыемна адчуваць сябе запатрабаваным і ў 70 гадоў».

За­сох­лая віш­ня  пра­цяг­вае ра­да­ваць  гас­па­да­роў.

Калі «наросты» каштоўнейшыя за дрэвы

Спачатку Яўген Валянцінавіч выразаў выключна для сябе і сяброў. Час ад часу паказваў свае работы на ўніверсітэцкіх выставах. У намінацыі разьбы па дрэве займаў першыя месцы.

— Людзі пачалі цікавіцца, замаўляць мае вырабы. Так я стаў дацэнтам-рамеснікам. Галоўны мой натхняльнік — прырода. У сына ёсць дом на беразе возера, люблю там гуляць. Часта ездзім у лес. Усе збіраюць грыбы, а я ў тым ліку і розныя сухія палачкі ды карчы. Напрыклад, вось гэтая змяя, якая аздабляе вазу, зроблена з засохлай галінкі яблыні. Заўважаю тое, чаго не заўважаюць іншыя. Неяк з сынам разам гулялі, ён прайшоў міма сухога дрэва незвычайнай формы, нават не звярнуў увагі. «Глядзі, кажу, якое дрэва тырчыць». — «О, і сапраўды, а я і не прыкмеціў». Менавіта з таго дрэва і атрымаўся посах, які вам спадабаўся. Я яшчэ тады ў лесе разгледзеў у ім цмока. Прырода, бясспрэчна, — найлепшы дызайнер, усё сама да мяне зрабіла, я толькі вочы прыляпіў (усміхаецца).

Любімае дрэва Яўгена Валянцінавіча — ліпа, бо яна мяккая, рэжацца лёгка, што хочаш з яе можна зрабіць. Але найбольш падабаецца рамесніку працаваць з капамі — нарасцямі на дрэвах. Часцей за ўсё яны сустракаюцца на бярозах. Вельмі рэдкі — дубовы кап, ясеневы...

«Раней, калі мы дом ацяплялі дрывамі, я пазнаёміўся з кіроўцам, які прывозіў нам іх з лесу. Яму без розніцы было: расце на бярозе кап ці не. Гэта для яго ўсё адно — цурбан. Сказаў яму: «Калі такі прывязеш, я табе за яго асобна заплачу». І ён мне стаў прывозіць капы. З таго часу яшчэ штук 10 засталося. Каб яны добра захоўваліся, я іх адварыў, абдзёр кару. Цяпер ім ніякія шкоднікі не страшныя. Мне падабаюцца капы за неверагодную тэкстуру і форму. Кожная нарасць, калі пачынаеш прыглядацца, навявае нейкі вобраз. Капы вельмі прыгожыя, але іх вельмі складана апрацоўваць, бо яны становяцца вельмі цвёрдымі, як камень.

Боль­шасць вы­ра­баў Яў­ге­на Бя­ло­ва ма­юць прак­тыч­нае пры­мя­нен­не.

У мужчыны павінна быць захапленне

З армейскіх часоў у Яўгена Валянцінавіча захавалася прага рабіць падарункі менавіта сваімі рукамі. «На 50-годдзе свайму сябру-дацэнту — Скарпіёну па знаку задыяка — выразаў скарпіёна. Іншаму калегу — прызентаваў талерку ў выглядзе льва. На «Млыне» сустрэў траюраднага брата, у яго якраз наваселле было, дык падарыў яму зубра з дрэва на сцяну».

Найлепшым жа падарункам для самога Яўгена Бялова доўгі час былі фарфоравыя сабакі. За шмат гадоў іх назбіралася больш як шэсць дзясяткаў. «У асноўным уся калекцыя куплена ў савецкі час, тады па кішэні былі. Цяпер вельмі дорага. Добра, калі адну статуэтку ў год купім. Я сабак люблю. Але пакуль не заводжу. Не магу перажыць смерць Квінта. Яго не стала летась. Відаць, ён перагрэўся на сонцы, і сэрца спынілася. Англійскія бульдогі вельмі капрызныя ў плане ўтрымання. У 30-градусную спёку іх трэба ў падвал і абкладваць лёдам». Увекавечыў спадар Бялоў у дрэве і чорнага пудзеля Жужу. На «Млыне» адзін мужчына ўбачыў маіх драўляных сабак, падышоў і кажа: «Зрабіце мне такога ж, але толькі ката».

Пытаюся ў Яўгена Валянцінавіча, як ён паспявае за працай знаходзіць час і на хобі... «Гэта вельмі проста, — чую ў адказ. — Менш сядзець перад тэлевізарам — і ўсё. Не паглядзеў фільм — паўтары гадзіны папрацаваў. У кожнага мужчыны павінна быць захапленне, інакш ён пачынае выпіваць. Ды і канапная хвароба скарачае жыццё. А ў мяне ёсць і іншае хобі — я люблю гатаваць. Гатую толькі з мяса. Такія стравы даволі экзатычныя: грузінскія — хінкалі, узбекскія — лагман і плоў. Калі вучыўся ў Маскве, там у нас хлопцы былі з усяго Савецкага Саюза. Плоў, напрыклад, дзякуючы ўзбеку асвоіў, бо самому навучыцца яго гатаваць практычна нерэальна. Усё роўна не тое атрымаецца. Я ў яго толькі год вучыўся моркву шаткаваць. Таму прыязджайце іншым разам, я для вас майстар-клас правяду. І саліць селядзец навучу. А то цяпер у крамах прадаюць проста салёны, без спецый. Таму прасцей набыць звычайны селядзец і засаліць яго так, каб прыемна было есці.

Пачаставаўшы чайным грыбам, які, кажуць, спрыяе не толькі даўгалеццю, але і зараджае энергіяй, гасцінныя гаспадары праводзілі мяне да веснічак. «Вось коціка дараблю і прымуся за бусліка, — дзеліцца планамі Яўген Бялоў. — Начальства (мае на ўвазе жонку) замовіла. У нас вось на гэтым дрэве, што побач з домам, гадоў з 10 драўляны бусел жыў. Летась згніў. Старэйшы сын ужо падарыў нам двух унукаў. Заселім новага бусла, тады, глядзіш, і ад малодшага дачакаемся».

Фота Надзеі БУЖАН і з архіва Яўгена БЯЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».