Вы тут

Натарыус прыедзе, куды запросяць...


Але ў межах пэўнай акругі і за дадатковую плату.

На пытанні адказвае Алена МІРОШНІКАВА, галоўны спецыяліст упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.


Мой бацька пасля аперацыі ляжачы хворы. Ці магу я выклікаць дахаты натарыуса, каб аформіць даверанасць на атрыманне пенсіі ў паштовым аддзяленні? І ці з'яўляецца абавязковым натарыяльнае засведчанне такой даверанасці?

Вера Іванаўна, г. Мінск.

Безумоўна, вы можаце выклікаць натарыуса дадому. Згодна з пунктам 3 артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» ад 18 ліпеня 2004 г., натарыусам дазваляецца здзяйсняць натарыяльныя дзеянні за межамі натарыяльнай канторы (бюро). А грамадзянін або прадстаўнік юрыдычнай асобы, які не можа з'явіцца ў натарыяльную кантору, мае права выклікаць натарыуса або ўпаўнаважаную службовую асобу па месцы свайго знаходжання. Парадак такога выезду рэгламентаваны пунктам 10 Інструкцыі аб парадку здзяйснення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 23.10.2006 г. № 63 (Інструкцыі).

Запрасіць натарыуса можна не толькі дадому, але і на працу, у бальніцу, аграгарадок і іншыя месцы, шэраг якіх акрэслены Мінюстам. Заказчык павінен пакрыць фактычныя транспартныя расходы спецыяліста на дарогу. Другі варыянт — дастаўка натарыуса чалавекам, які выклікаў спецыяліста, да месца ажыццяўлення натарыяльнага дзеяння і яго вяртанне на службу.

Кошт выкліку спецыяліста абумоўлены ў Натарыяльных тарыфах за здзяйсненне натарыяльных дзеянняў і аказанне паслуг прававога і тэхнічнага характару натарыусамі і тарыфах на паслугі тэхнічнага характару, якія аказваюць работнікі натарыяльных архіваў. Гэты дакумент зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2013 г. № 1145.

Згодна з пунктам 50 гэтага дакумента, выезд натарыуса абыдзецца ў адну базавую велічыню фізічным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам (ІП).

Калі выезд натарыуса патрэбен, каб сабраць пакет дакументаў для выканання працэдуры, зацікаўленая фізічная асоба або ІП мусіць выплаціць (згодна з пунктам 51 Тарыфаў) палову базавай велічыні, юрыдычныя асобы і органы кіравання юрыдычнымі асобамі — адну базавую.

Пунктам 3 Пастановы № 1145 для асобных катэгорый грамадзян прадугледжаны шэраг ільгот на аплату натарыяльнага тарыфу. Акрамя таго, пункт 4 гэтага ж дакумента надзяляе Беларускую натарыяльную палату, абласныя і Мінскую гарадскую натарыяльныя палаты правам часткова або цалкам пазбавіць ад аплаты тарыфу і іншых асоб, для якіх такія льготы не прадугледжаны.

Даверанасць на атрыманне пенсіі не абавязкова завяраць натарыяльна. Згодна з пунктам 4 артыкула 186 Грамадзянскага кодэкса, не патрэбна натарыяльна завераная даверанасць на атрыманне заробку і іншых плацяжоў, звязаных з працоўнымі адносінамі; узнагароджанняў аўтараў і вынаходнікаў, пенсій, дапамог і стыпендый; выплат грамадзянам у банках або нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях і на атрыманне карэспандэнцыі, у тым ліку грашовай і пасылачнай, і некаторых іншых дзеянняў. Дакумент на атрыманне пералічаных выплат іншай асобай можа засведчыць арганізацыя, у якой працуе ці вучыцца давернік, або якая займаецца эксплуатацыяй жыллёвага фонду і (ці) ажыццяўляе жыллёва-камунальныя паслугі па месцы яго жыхарства.


Я — інвалід з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата. Калі мяне прывязуць да натарыяльнай канторы на машыне, ці зможа натарыус заверыць паперы на вуліцы?

Аркадзь Васілевіч, г. Брэст.

Калі чалавек даехаў да натарыяльнай канторы (бюро), аднак праз пэўныя фізічныя недахопы яму цяжка ўвайсці ў будынак, згодна з часткай 2 пункту 2 Інструкцыі, натарыус мае права выйсці да грамадзяніна.

Спецыяліст можа высветліць яго намеры адносна натарыяльных працэдур, растлумачыць правы і абавязкі, папярэдзіць аб наступствах дзеянняў, якія здзяйсняе чалавек, падпісаць натарыяльны дакумент, распісацца ў рэестры для рэгістрацыі натарыяльных дзеянняў у атрыманні натарыяльна аформленага дакумента. Усе гэтыя працэдуры будуць лічыцца здзейсненымі ў натарыяльнай канторы.


Мой муж быў у камандзіроўцы ў Расіі, трапіў там у ДТЗ і цяпер знаходзіцца ў бальніцы ў Смаленску. Ці магу я выклікаць да яго натарыуса з Оршы, каб заверыць даверанасць на распараджэнне машынай?

Наталля Калач, г. Орша.

— Выклікаць натарыуса за межы Беларусі немагчыма. Згодна з пунктам 2 артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» ад 18 ліпеня 2004 г., натарыус можа ажыццяўляць дзейнасць толькі ў межах пэўнай натарыяльнай акругі, дзе ён надзелены прафесійнымі паўнамоцтвамі. У рамкі такой акругі ўваходзяць адна або некалькі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрыторыі Беларусі.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdarok@zvіazda.by. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.