«Сярэдняй школе па ўзроўню ведаў, па падрыхтоўцы настаўнікаў, па аснашчэнні я паставіў бы моцную «сямёрку», — заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.
Кіраўнік галіны спадзяецца, што праз некалькі гадоў тут будзе стаяць ужо моцная «дзявятка». «Пакуль нам ёсць над чым працаваць», — канстатаваў ён. А вось беларускім ВНУ міністр адукацыі паставіў толькі «шасцёрку».
— Я не вельмі задаволены сітуацыяй, якая складваецца ў вышэйшай школе. Па многіх пазіцыях ВНУ вельмі добра глядзяцца, але ў нас не назіраецца такога дынамізму, як у найлепшых еўрапейскіх універсітэтах, — падкрэсліў міністр. — Сістэма адукацыі не павінна стаяць на месцы. Калі мы пакінем вышэйшую адукацыю на цяперашнім узроўні, то адстанем ад рэчаіснасці. Вучыць неабходна па-новаму.
Некаторыя лічаць, што паняцце класічнага ўніверсітэта праз некалькі гадоў сыдзе ў нябыт. Яго нібыта цалкам заменіць дыстанцыйнае навучанне... Але Міхаіл Жураўкоў такую думку не падзяляе: «Мы катэгарычна супраць гэтага. Усё ж такі класічную, фундаментальную адукацыю трэба пакінуць, але абавязкова яе перайначыць. Пры гэтым сучасная адукацыя павінна грунтавацца на тым найлепшым, што было ўласціва савецкай вышэйшай школе — на яе фундаментальнасці. Разам з тым яна павінна быць набліжана да рэчаіснасці, стаць больш практыка-арыентаванай».
Яшчэ адно хваравітае пытанне — практыка так званых «школьных пабораў».
— Я не магу сказаць, што з гэтым навялі парадак усюды і цалкам. Але ў школах правялі гутаркі і папярэдзілі, што збор грошай павінен адбывацца толькі праз апякунскія саветы, — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.
Па словах міністра, апякунскія саветы — гэта добраахвотныя аб'яднанні бацькоў, спонсараў, якія, акрамя аказання дапамогі, кантралююць паступленне грошай і іх расходаванне. «Практыка існавання апякунскіх саветаў ёсць ва ўсіх краінах свету», — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».