Вы тут

У мікрараёне «Каменная Горка» з'явілася экасцежка


Драчы амаль зніклі ў Еўропе, у Беларусі від занесены ў Чырвоную кнігу. Але дзіва: дзве пары рэдкіх птушак арнітолагі заўважылі ў ляску на тэрыторыі прыхода храма Свяціцеля Мікалая Японскага.


Сёння на невялікім лапіку зямлі, дзе раскінуліся лясок і вадаём, ва ўсю моц віруе жыццё: шэрыя курапаткі, галубы вялікія, салаўі, дразды, пеначкі-ценькаўкі, жоўтагаловыя каралькі — папярэдне арнітолагі налічылі некалькі дзясяткаў відаў птушак. Акрамя іх, тут можна ўбачыць чырвонакніжнага матыля махаона і рэдкую лекавую расліну чыну чорную. Праект экасцежкі з'явіўся дзякуючы супрацоўніцтву некамерцыйнай грамадскай арганізацыі «Цэнтр экалагічных рашэнняў», прыхода храма Свяціцеля Мікалая Японскага Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Экасцежка ўяўляе сабой кальцавы маршрут, на кропках-прыпынках якога размешчаны інтэрактыўныя стэнды. На кожным нанесены штрых-код, які накіроўвае на старонку, дзе можна паслухаць птушыныя галасы і праглядзець тэматычныя відэа. У канцы маршруту экскурсанты маюць магчымасць зрабіць сэлфі на фоне сцежкі і заадно праверыць свае веды па батаніцы і заалогіі.

— На невялікім лапіку зямлі гараджане могуць убачыць як звычайныя, так і рэдкія віды птушак, што вельмі каштоўна, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАЎХУТА. — Міністэрства абавязкова будзе падтрымліваць падобныя праекты. На маю думку, да іх варта прыцягваць мясцовых жыхароў.

— Мы атрымалі ўнікальны наглядны даведнік, як чалавек уплывае на навакольнае асяроддзе, — падзяліўся думкамі захавальнік сцежкі, протаіерэй, настаяцель храма Павел СЯРДЗЮК. — Спадзяемся, экасцежку не абыдуць увагай і адукацыйныя ўстановы.

radziuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прыродны аазіс сярод новабудоўляў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?