Вы тут

Ці магчыма ведаць сённяшні свет і не мець свайго меркавання пра яго?


Пра гэта разважаюць героі тэатральнай пастаноўкі пад назвай «Опіум», якая была прадстаўлена запрошанай публіцы ў Палацы мастацтваў. Але насамрэч меркавалася, што гэта спектакль для ўсіх, хоць і з абмежаваннямі па ўзросце (да 18 гадоў). Аўтар п'есы Віталь Каралёў і Аляксандр Марчанка, які выступіў у якасці рэжысёра, стваралі яго з думкай пра любога чалавека — тэатрала ці не — калі зыходзіць з таго, пра што вядзецца гаворка.


Пра жыццё як яно ёсць. Пазнавальнае. Тут эканоміка і «сацыялка», якія сёння прысутнічаюць у кожнай хаце. Палітыка, нават геапалітыка, калі пра яе не хочацца думаць зусім. У вялікім горадзе ці малым — не важна.

Такім чынам, — адна сям'я, маці і два браты. Старэйшы «цягне» ўсіх. Але з працы звольнілі па несправядлівым абвінавачванні, у родным горадзе Рагачове варыянтаў небагата. На матчыну пенсію ўтраіх не працягнеш, тым больш што меншы з братоў збіраецца летам стаць студэнтам, паехаць у Мінск. Вучыць жа яго трэба.

Старэйшы прыносіць сябе ў ахвяру. Шукае варыянты працы, каб толькі якая капейка была. Але магільшчыкам мала плацяць. Адзін сябра прапаноўвае паехаць ва Украіну — там ёсць магчымасць зарабіць вялікія грошы...

У гэты момант разумееш: дагэтуль быў толькі пралог.

Усё пачынаецца менавіта цяпер, калі на вялікі экран выводзіцца сеанс відэасувязі: Коля расказвае маці і Андрэю, што ў яго ўсё добра. Выглядае бадзёрым, кажа, што ў іх небяспечна, але сам у лесе, у камуфляжы. Абяцае перасылаць грошы. Калі наступны раз змогуць вось так скантактавацца — невядома. Відаць, давядзецца пісаць лісты. Вы ўсё яшчэ думаеце, галоўны герой гэтага спектакля — старэйшы з братоў?

Другая палова спектакля прадстаўляе іншага галоўнага героя. У пачатку малодшы Андрэй такім не з'яўляецца. Ён толькі карыстаецца вынікамі клопату маці ды брата. Праўда, робіць, што магчыма: стараецца вучыцца, каб паступіць на гістфак на бюджэтныя месцы — і ў яго атрымліваецца! Разумны і прыгожы, чаго не хапае? Хіба што кахання — дзяўчына чагосьці яго «дынаміць» (вось тут шчыра — не зразумела, ён жа нават французскія духі «Опіум» ёй дорыць). Але ўсё роўна думаеш, што наперадзе вучоба, сталічныя дзяўчаты...

Тут, у гэтым горадзе, яго наогул не разумеюць. Нават сябра, з якім можна ў вольны час пазабаўляцца ў камп'ютарныя «Танчыкі», — і той ваюе, як аказваецца, на іншым баку. Вайна, нават калі яна ёсць недзе далёка, усё роўна здольная падзяляць, парушаць мір. Здольная адымаць жыццё.

Аўтар п'есы Віталь Каралёў падышоў да агучвання гэтай тэмы не трывіяльна: ніколі не ведаеш, каго накрые хваляй чужой гібрыднай вайны, нават там, дзе яе адчуваць зусім не павінны.

Гэта дакументальны варыянт тэатра. Падчас прагляду здаецца, што чуеш цэлыя маналогі, нібыта з тэлевізара ці з газетных артыкулаў. Пазнаеш падыходы. Расстаўляеш акцэнты. Але стваральнікі іх не расстаўляюць наогул. Яны канстатуюць: так можа быць. Размовы пра чужую бяду могуць прыйсці на кожную кухню. Ад гэтай чужой бяды могуць пацярпець тыя, каго яна наогул павінна абмінуць.

Таму спектакль — для ўсіх. Узроставыя абмежаванні тлумачацца моцнымі словамі, выхапленымі нібыта з вуліцы. Іх выкарыстанне разам з такой складанай тэмай, магчыма, і стала прычынай, з-за якой спектакль адразу ствараўся як незалежны праект. Цяжка ўявіць рэпертуарны тэатр, дзе магла б з'явіцца падобная пастаноўка. Але тое, што наш глядач жадае сур'ёзных размоў на сур'ёзныя тэмы, пацверджана якраз пастаноўкай «Опіум».

Грошы на яе сабралі гледачы — больш за 45 мільёнаў рублёў за пару месяцаў. Сродкі для пастаноўкі збіралі праз платформу «Вулей», якая стваралася дзеля падтрымкі незалежных ініцыятыў і праектаў. «Опіум», які паставіў Аляксандр Марчанка паводле п'есы Віталя Каралёва, стаў першым спектаклем, створаным на грошы гледачоў. Сродкі пайшлі на касцюмы і афармленне, якое падаецца вельмі простым, але канцэптуальным.

Белы экран, белая сцэнічная пляцоўка з пясочніцай, якая становіцца месцам то гульні, то сур'ёзных размоў, то могілкамі, то магілай...

У гэтым праекце ўдзельнічалі артысты розных сталічных тэатраў. У галоўных ролях Максім Брагінец, Арцём Курэнь, Юліяна Міхневіч. Арганізацыйна праект падтрымаў Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», дзе ўжо была практыка працы над праектным тэатрам. Спектаклі ствараліся — час ад часу яны паказваюцца публіцы. Са спектаклем «Опіум» можа быць гэтак жа: каб яго паглядзець, трэба будзе не проста сачыць за афішай, а наогул за тэатральнай сітуацыяй, за праграмамі фестываляў, у рамках якіх можа быць прадстаўлена гэта пастаноўка  як прыклад актуальнасці ў беларускім тэатральным жыцці.

П'еса «Опіум» была створана Віталём Каралёвым у 2015 годзе падчас ІV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі. Яе адзначылі якраз гледачы пры галасаванні ў інтэрнэце. Далей п'еса трапіла ў шорт-ліст расійскага конкурсу новай драматургіі «Рэмарка». І гэта зразумела: яна не заклікае абраць чыйсьці бок, пагаджацца ці не з кімсьці з герояў у спрэчках на «ўкраінскую» тэму. Яна ілюструе драму ад самой гэтай тэмы. І не толькі жорсткімі выразамі і тонам размовы. Нават формай падачы ў выглядзе спектакля. Каб ацаніць яго, трэба кантэкст і тэатральны (веданне сітуацыі ў беларускай драматургіі і яе прадстаўлення на сцэнічных пляцоўках) і грамадскі. І самае галоўнае — агульначалавечы.

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Дзеці да 18» і іншыя неабыякавыя асобы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.