Вы тут

Верхняя палата плануе перагледзець «чарнобыльскія» законы


У Савеце Рэспублікі ўдзяляюць значную ўвагу пытанням мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У прыватнасці, прапаноўваецца правесці маніторынг законаў, звязаных з гэтай сферай. Размова пра гэта адбылася падчас выязнога пасяджэння Прэзідыума верхняй палаты беларускага парламента. Больш падрабязна пра маніторынг расказала «Звяздзе» Святлана ГЕРАСІМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.


Па яе словах, за тры дзесяцігоддзі пасля катастрофы сфарміравалася адпаведная нарматыўная база, якая ахоплівае грамадскія адносіны і ўсе кірункі дзейнасці дзяржаўных органаў па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 1991 годзе былі прынятыя законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія трапілі пад радыеактыўнае забруджанне ў выніку катастрофы на ЧАЭС». Яны былі актуалізаваны ў апошнія гады, але і цяпер законы патрабуюць зменаў. З моманту катастрофы на ЧАЭС было выканана пяць адпаведных дзяржаўных праграм. Праз тры дзесяцігоддзі пасля аварыі іх галоўнай мэтай стаў пераход ад рэабілітацыі тэрыторый да развіцця і стварэння спрыяльных умоў для жыцця насельніцтва. «Менавіта пад гэта і трэба адаптаваць ужо існуючае заканадаўства», — лічыць Святлана Герасімовіч.

— Безумоўна, парламентарыі павінны прапаноўваць, якія змены варта ўносіць у заканадаўства аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — расказала карэспандэнту «Звязды» сенатар. — Але для гэтага нам перш за ўсё трэба пачуць меркаванні спецыялістаў, якія штодзённа сутыкаюцца з тым, што прапісана ў законе. Таму падчас маніторынгу мы будзем шчыльна супрацоўнічаць у сферах, якія тычацца пытанняў пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС, як з прафесіяналамі, з мясцовымі органамі ўлады, так і з шырокім колам грамадскасці.

На думку парламентарыя, змены, якія тычацца памяншэння льгот для тых, хто нарадзіўся, жыве на забруджаных тэрыторыях, уводзіць не варта. «Я лічу, што такія жыхары заслугоўваюць годнай дзяржаўнай падтрымкі. Час ідзе, але здароўя разам з гадамі гэтым людзям не дадаецца, — лічыць Святлана Герасімовіч. — Наадварот, мы прапаноўваем мясцовым органам улады больш уважліва ставіцца да выбаршчыкаў, праяўляць ініцыятыву і шукаць новыя крыніцы для гэтага». Напрыклад, імі могуць стаць праграмы сумеснай дзейнасці у межах Саюзнай дзяржавы ў сферы радыяцыйнай бяспекі, а таксама праекты міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва, якія каардынуе ПРААН. Актыўны ўдзел у рэалізацыі такіх праектаў прымаюць і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Для ўдзелу ў конкурсах мясцовых ініцыятыў ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» было дапушчана 594 заяўкі ад Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Сэнс праекта — увасобіць у жыццё сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя ініцыятывы, накіраваныя на развіццё тэрыторый.

Час праходзіць, але наступствы ад мінулай катастрофы дагэтуль могуць адбівацца на жыхарах забруджаных тэрыторый. Тлумачальную працу спыняць нельга. Таму ў рамках адзіных дзён інфармавання, правядзення сходаў грамадзян па месцы жыхарства і сустрэч у працоўных калектывах неабходна актыўна весці інфармацыйную работу з насельніцтвам па пытаннях рэабілітацыі і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

— Агучваць людзям вядомыя ісціны варта хоць бы для таго, каб іх не забывалі. Бо ў нашых руках здароўе нашых дзяцей і будучыня краіны», — упэўнена Святлана Міхайлаўна.

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пасля рэабілітацыі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.