Вы тут

Разам засвоіць урок гісторыі


У снежні мінулага года быў створаны міжнародны грамадскі рух «Мінская ініцыятыва», мэтай якога стала наладжванне дыялогу паміж прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Беларусі, Расіі і Украіны. Днямі ў беларускую сталіцу з'ехаліся шматлікія навукоўцы, сацыёлагі, палітолагі, журналісты і дзеячы мастацтва трох краін. Нагода — канферэнцыя «Чарнобыль: пераадоленне», падчас якой удзельнікі абмеркавалі праблемы і задачы, што стаяць перад пацярпелымі ад самай страшнай тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя народамі. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Міністэрства інфармацыі, Нацыянальная акадэмія навук, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.


— Галоўнае, пра што мы павінны думаць цяпер — гэта бяспека, — зазначыў перад адкрыццём канферэнцыі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. — Перад намі не павінна стаяць пытанне «як запусціць АЭС?», а, хутчэй, «як у надзвычайным выпадку яе спыніць?» Атамная станцыя — выгадная справа, і нам ад гэтага нікуды не дзецца, але трэба падумаць пра шматузроўневую сістэму яе бяспекі. Што дзеля гэтага могуць зрабіць удзельнікі сённяшняй канферэнцыі? Унёсак інтэлігенцыі ў справу пераадолення наступстваў Чарнобыля велізарны. Яны дапамагаюць людзям перанесці страты, выкліканыя той аварыяй: хваробы, смерць блізкіх, адсяленне. Гэта, я лічу, вельмі важна.

Канферэнцыя праходзіла на некалькіх пляцоўках. Так, напрыклад, на базе Нацыянальнай акадэміі навук адбыўся круглы стол «Чарнобыль: сацыяльны аспект», падчас якога прагучаў шэраг цікавых ідэй і ініцыятыў. У прыватнасці, гаварылася, напрыклад, пра неабходнасць стварэння беларускага нацыянальнага музея чарнобыльскай трагедыі. Паралельна працаваў круглы стол «Мірны атам», удзельнікі якога абмяркоўвалі праблемы эксплуатацыі сучасных АЭС. Асобная пляцоўка была выдзелена для пісьменнікаў — у Доме літаратара адбывалася аналагічнае мерапрыемства пад назвай «Чарнобыль у літаратуры».

— За гэтыя 30 гадоў мы прайшлі доўгі шлях да разумення таго, што тады ўсё ж такі адбылося і які подзвіг здзейснілі ліквідатары і навукоўцы нашых краін, — сказаў спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл ШВЫДКОЙ. —У першыя ж гады пасля катастрофы вучоныя і інтэлігенцыя пачалі асэнсоўваць яе псіхалагічны аспект. З таго часу аварыя на ЧАЭС стала ў пэўным сэнсе сімвалам, нездарма цяпер нярэдка кажуць пра «духоўны Чарнобыль», параўноўваюць з Чарнобылем нейкія трагедыі. Але, на маю думку, людзям па-ранейшаму нестае разумення таго, што сёння адбываецца з навукай і атамнай энергетыкай у прыватнасці. А таму вельмі важна, што на гэтай пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі трох краін. Навукоўцы размаўляюць пра свой прафесійны спектр праблем, літаратары, публіцысты і палітолагі — пра сацыяльна-псіхалагічныя і сацыяльна-палітычныя наступствы Чарнобыля.

Як сцвярджаюць арганізатары, «Мінская ініцыятыва» мае намер стаць механізмам пастаяннага ўзаемадзеяння культурнай і навуковай грамадскасці Беларусі, Расіі і Украіны. На парадку дня сустрэчы значыцца абмеркаванне трохбаковых праектаў на бліжэйшыя два гады.

 lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?