Вы тут

Цікавыя факты пра Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік


Больш за ўсё ў краіне ад радыеактыўнага забруджвання пацярпелі раёны Гомельскай вобласці, размешчаныя максімальна блізка ад атамнай электрастанцыі, — Брагінскі, Хойніцкі і Нараўлянскі. Менавіта на іх тэрыторыі ў 1988 годзе быў створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — найбуйнейшы сярод запаведнікаў і нацыянальных паркаў Беларусі і адзіны ў свеце запаведнік у сваім родзе. Яго агульная плошча складае 216 093 га.


Запаведнік знаходзіцца ў аператыўным падначаленні дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Адміністрацыя размешчана ў горадзе Хойнікі.

Самы «брудны» рэгіён?

Паўднёвыя тэрыторыі Гомельскай вобласці прынялі на сябе каля 30% радыеактыўнага цэзію (137Cs), які выпаў на беларускія землі, 73% стронцыю (90Sr) і 97% плутонію (Pu) — асноўных дозаўтваральных элементаў. І нават праз 30 гадоў пасля катастрофы на тэрыторыі запаведніка шчыльнасць забруджвання па 137Cs дасягае больш як 500 кюры/км2, па 90Sr — больш як 20 кюры/км2, па Pu — больш за 5 кюры/км2, а амерыцый (241Am) ужо перавысіў колькасць альфаізатопаў плутонію, якая будзе ўзрастаць да 2056 года.

Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС на гэтай тэрыторыі існавала 92 населеныя пункты, працавала 25 сельскагаспадарчых арганізацый, пражывала больш за 22 тысячы жыхароў.

Тэрыторыя запаведніка падзелена на запаведную і эксперыментальна-гаспадарчую зоны. Запаведная зона (68% ад агульнай плошчы) — тэрыторыя з максімальна высокім узроўнем радыеактыўнага забруджвання, на ёй не вядзецца навукова-эксперыментальная і абмежавана лесагаспадарчая дзейнасць (акрамя супрацьпажарнай, прыродаахоўнай, навукова-даследчай і інш).

Эксперыментальна-гаспадарчая зона (32%) прызначана для захавання і аднаўлення прыродных комплексаў і аб'ектаў, дзе дапускаюцца навукова-эксперыментальныя і лесагаспадарчыя мерапрыемствы.

Галоўная місія — навуковая

Навукоўцы праводзяць радыяцыйна-экалагічныя маніторынгавыя даследаванні глебы, аб'ектаў гідрасферы, паветра, флоры і фаўны на тэрыторыі зоны адчужэння, а таксама радыебіялагічныя даследаванні. У склад навуковай часткі запаведніка ўваходзяць аддзелы: экалогіі фаўны, экалогіі раслінных комплексаў, радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, а таксама лабараторыя спектраметрыі і радыяхіміі. Усяго ў запаведніку працуе 743 чалавекі, з іх 8 маюць навуковую ступень.

Найбольшыя значэнні магутнасці дозы гама-выпраменьвання (да 11,7 мкЗв/г) назіраюцца сёння ў былым населеным пункце (б.н.п.) Крукі Брагінскага раёна. Па ß-забруджанасці паверхні глебы найвялікшае значэнне (546 част./см2·мін.) зафіксавана ў б.н.п. Масаны Хойніцкага раёна.

На памежжы з Украінай, усяго за 12 км ад Чарнобыльскай АЭС, размешчана дзейная навукова-даследчая станцыя «Масаны».

У запаведніку рэалізуюцца міжнародныя праекты тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ, праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, праграма «Навука для свету і бяспекі» навуковага камітэта НАТА.

Рай для чырванакніжнікаў

Зняцце ўплыву чалавека дазволіла прыродным працэсам і з'явам на гэтай тэрыторыі ўвайсці ў сваё натуральнае рэчышча. Былыя сельгаспалеткі сталі сенажацямі і лясамі (сёння лесам пакрыта 56% плошчы запаведніка), а 15% яго тэрыторыі займаюць балоты.

Вялікія памеры запаведнай тэрыторыі, строгі ахоўны рэжым і значная па плошчы прылеглая ўкраінская частка зоны адчужэння ЧАЭС робяць гэтыя землі своеасаблівым унікальным рэзерватам для захавання біялагічнай разнастайнасці не толькі ў маштабах Беларусі, але і Еўропы, асабліва рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін.

Тут расце 1022 віды і 6 гібрыдаў сасудзістых раслін, 45 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Зарэгістравана два віды грыбоў-чырванакніжнікаў і адзін лішайнік. У складзе брыяфлоры вядома 19 відаў імхоў.

Палескі запаведнік — адна з 10 вылучаных у Беларусі ключавых батанічных тэрыторый. Тут знойдзена некалькі рэдкіх і ахоўных відаў, напрыклад, ятрышнік шлеманосны, скочкі рускія, венерын чаравічак сапраўдны, бяроза цёмнакорая, чубатка полая і іншыя.

На гэтай тэрыторыі зарэгістравана 44 віды наземных млекакормячых жывёл, ці 75% ад агульнай колькасці гэтай групы ў нашай краіне; 6 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. З рэдкіх для нашай краіны жывёл запаведнік насяляюць барсукі, рысі, зубры, бурыя мядзведзі, вялікія і арэшнікавыя соні.

У 2007 годзе тут з'явіўся конь Пржавальскага, завезены ў зону адчужэння Украіны ў 1998–1999 гг. Гэта адзіная тэрыторыя ў Беларусі, якую насяляе прадстаўнік новага для сучаснай фаўны атрада млекакормячых. Сёння вядзецца назіранне за двума невялікімі табунамі агульнай колькасцю ў 22 асобіны.

У навуковых мэтах на тэрыторыі запаведніка створана жывёлагадоўчая ферма, дзе ўтрымліваецца 280 коней; доследны пладовы сад, пчальнік на 100 сем'яў, два ўчасткі па дрэваапрацоўцы. У эксперыментальнае выкарыстанне ўведзена 700 га былых сельскагаспадарчых угоддзяў для вытворчасці кармоў і вырошчвання сельгаскультур.

З 19 відаў земнаводных і паўзуноў Беларусі ў запаведніку зарэгістравана 17. Гэта тэрыторыя — асноўны прыродны рэзерват па захаванні балотнай чарапахі.

Тут адзначана 213 відаў птушак, 54 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Пяць відаў мясцовых птушыных знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення — гэта арлан-белахвост, вялікі падворлік, драч, дупель і белавокі нырок.

У запаведніку жывуць і 26 відаў насякомых-чырванакніжнікаў (усяго ў спісе 70 відаў), у тым ліку і вялікая аса сколія-гігант — новы для Беларусі від, уключаны ў спісы ахоўваемых жывёл на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Радыяцыя пад кантролем

Усе навуковыя даследаванні і іншая дзейнасць на тэрыторыі запаведніка праходзяць пад пільным радыяцыйным кантролем. Гэта сістэматычныя назіранні на стацыянарных аб'ектах за дынамікай узроўню радыеактыўнага забруджвання і высокадакладны кантроль змен радыяцыйнага фону, шчыльнасці забруджвання глеб радыенуклідамі і іх вертыкальнай міграцыі.

З-за вялікага радыеактыўнага забруджвання на тэрыторыі запаведніка дзейнічае асаблівы кантрольна-прапускны рэжым. Для ўезду сюды неабходна мець спецыяльны дазвол. Час знаходжання ў забруджанай зоне абмежаваны і для супрацоўнікаў запаведніка (іх працоўны тыдзень складае 35 гадзін).

Для доўгатэрміновага назірання за паводзінамі радыенуклідаў у сістэме «глеба — расліна» на тэрыторыі запаведніка ў 1997 годзе створана сетка пастаянных пробных пляцовак, размешчаных у лясных насаджэннях і лугавых фітацэнозах з рознай ступенню радыеактыўнага забруджвання.

У 2015 годзе запрацавала базавая маніторынгавая сетка для доўгатэрміновых назіранняў за дынамікай лясных фітацэнозаў і радыяцыйным становішчам у іх — гэта 23 выпрабавальныя плошчы ў ключавых тыпах лесу хваёвай, бярозавай і чорнаальховай фармацый.

kolasava@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.