Вы тут

Натхніцца на вясновы лад у Магілёве дапамагае абласны краязнаўчы музей


У магіляўчанак ёсць добры спосаб узняць настрой, але трэба паспяшацца. Дырэктар Кіеўскага музея гісторыі моды Марына Іванова прывезла калекцыю касцюмаў і аксесуараў 1870–1920 гадоў. Натхняе не горш за новую прычоску або візіт да касметолага. Сукенкі, спадніцы, шалі, якімі карысталіся нашы прабабкі ў эпоху мадэрну, магчыма, і неактуальныя сёння, але дапамагаюць адчуць сябе сапраўднай жанчынай.


На­шы пра­ба­бу­лі ўме­лі адзя­вац­ца.

Хвалюючы турнюр

Што ні кажыце, а ўмелі нашы папярэдніцы сябе падаць. Мадэрн — эпоха жаноцкасці і вытанчанасці, калі элегантныя строі маглі зрабіць з любой несамавітай асобы прыгажуню. Але чаго гэта каштавала!..

«Каб стварыць аб'ём, які нагадвае звон, модніцы надзявалі адразу да 15 моцна накрухмаленых ніжніх спадніц, — уразіла Марына падчас прэзентацыі сваёй калекцыі ў краязнаўчым музеі. — Каб яны трымалі форму, іх вешалі да столі, і некалькі служанак з дапамогай спецыяльных прылад здымалі потым гэтыя вялікія крыналіны для сваёй гаспадыні».

Французскі мадэльер англійскага паходжання Чарльз Ворд першы прыдумаў, як жанчынам трымаць форму з дапамогай каркаса, сталёвыя пруты якога злучаліся рэпсавымі стужкамі. Канструкцыя надавала пышнасць адзенню. А памятаеце дамскія туалеты, якія рабілі іх падобнымі да качак? Маю на ўвазе модныя ў канцы ХІХ стагоддзя турнюры, вынаходнікам якіх быў той самы Ворд. «Сумны перад і хвалюючы зад, — словамі сваёй бабулі пракаментавала гэтую вынаходку ўладальніца калекцыі. — Мадысткі таго часу вельмі па-майстэрску падбіралі тканіны для сваёй канструкцыі. Пры хадзьбе спадніцы так спакусліва шамацелі — «шур-шур», што мужчыны, як загіпнатызаваныя, глядзелі чараўніцам ўслед».

Існавала шмат разнавіднасцяў турнюра. Напрыклад, «хвост крэветкі», які дапамагаў трымаць аб'ём у пэўнай форме. «Гэтыя касцюмы ўсярэдзіне выглядаюць як цэлае архітэктурнае збудаванне, — распавяла Марына. — Вялікае мноства вяровачак, стужачак, кручочкаў, з дапамогай якіх ствараюцца гэтыя хвалюючыя «пуфы». Калі кавалер танцаваў з дамай, ён мог нават абаперціся на пышную канструкцыю».

Дзіцячай моды ў тыя часы не існавала, дзяўчатак адзявалі, як дарослых жанчын. Тыя ж самыя турнюры, крыналіны. Навуку апранацца малыя замацоўвалі на сваіх ляльках. Быў вялікі збор правілаў, як паводзіць сябе ў грамадстве. Дзяўчаткам забаранялася сваволіць, яны павінны былі маляваць, вышываць, у той час як іх браты мелі магчымасць бегаць і скакаць. А ў гасцях будучыя дамы наогул павінны былі маўчаць як рыбы, трымаць вочы долу, мала есці і нічым не прыцягваць да сябе ўвагі.

І асіная талія

Сёння ў калекцыі Марыны Івановай больш за сто модных ансамбляў, якія належалі свецкім дамам канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх раскошныя бальныя сукенкі, візітныя туалеты, прагулачныя касцюмы. «Усе строі сапраўдныя, няма ніводнай копіі, — запэўнівае Марына. — Дзесьці на іх ёсць мелкія дэфекты, нават плямы. Рэстаўратары кажуць, што часам адчуваюцца духі дамы, якая насіла канкрэтны туалет, або пах яе поту. Сукенкі надзявалі 3-5 разоў і потым спісвалі. Мыць цалкам іх было нельга. А калі разбіраць на дэталі, самастойна сабраць гэта зноў было ўжо немагчыма».

У эпоху мадэрну эмансіпацыя жанчын яшчэ не дасягнула сённяшняй вышыні, ім не трэба было хадзіць на працу і думаць пра пенсію. На працягу дня дама магла разоў 5 або 6 пераадзецца. У чайнай сукенцы яна піла гарбату з блізкімі, у візітным гарнітуры прымала гасцей, у дзелавым наведвала нейкую афіцыйную ўстанову, адпаведны ўбор мела для прагулак, а вечарам танцавала ў бальным туалеце.

Жанчыны той эпохі мелі жалезную волю. Заціскалі сябе ў гарсэт так, што таліі былі асіныя. Цяпер мала хто з нас змог бы прымераць на сябе хоць адзін з прадстаўленых на выстаўцы строяў. Нават такіх манекенаў няма. Кіяўлянам прыйшлося везці іх з сабой, каб паказаць нам гэтыя шыкоўныя туалеты.

Яшчэ адна цікавая асаблівасць таго часу — гэта назвы колераў. Мог быць колер, напрыклад, парыжскай гразі або сцягна спалоханай німфы. Трэба было ўявіць гэтую спалоханую німфу бледна-ружовага колеру. Назвы давалі нават асобным касцюмам. Ёсць вясельны ўбор «Зялёны яблык». А вось сукенка «Кветкі граната». Гранат вышыты з тонкай скуры, а верх каўняра выглядае, як раскрытае суквецце.

Падарунак Людмілы Арцем'евай

Калекцыя пачыналася з прабабуліных касцюмаў, прызналася Марына Іванова. Яны вельмі спатрэбіліся іх спадчынніцы, калі яна выкладала сваім навучэнцам курсы кройкі і шыцця. Разам яны рабілі паказы тэатра моды, дзе дэманстравалі ўсё, што пашылі сваімі рукамі. І падчас такіх паказаў настаўніца дэманстравала па адной сукенцы са сваёй сямейнай калекцыі. З часам яна пашырылася. Паявіліся асобнікі, якія належалі дастаткова вядомым людзям.

Ёсць сукенка, якую падаравала актрыса Людміла Арцем'ева, тая самая Вольга Мікалаеўна Кавалёва з папулярнага сямейнага сіткама «Сваты».

— Мы з ёй сябруем, і яна перадала мне некалькі ўбораў сваёй прабабкі, — удакладніла Марына Іванова. — Яны захоўваліся ў скрынках, куды трапіла вада, таму сукенкі месцамі крыху парудзелі. Мы не змаглі цалкам ліквідаваць гэтыя дэфекты. Але, на шчасце, яны не вельмі кідаюцца ў вочы.

Адзенне давала магчымасць добра хаваць узроставыя асаблівасці. Друзлыя рукі маскіравалі пальчаткі, маршчыны прыкрывала вуаль, рэдкія валасы хаваў капялюш, грудзі павялічвала звычайная вата. Нічога не відаць, нават шчыкалатак. Гусары ішлі за дамай і фантазіравалі, як яна выглядае. Спецыяльна каравулілі на прыступках, каб убачыць хоць ножку. Не дзіўна, што ў той час не рэдкасць былі скандалы, калі пасля вяселля жаніх не мог пазнаць сваю абранніцу. Вечарам побач была прыгажуня, а раніцай невядома хто.

Ма­ры­ну слу­ха­лі з за­хап­лен­нем.

На мове веера

У эпоху мадэрну кожная дэталь жаночага ўбірання іграла нейкую ролю. Дамы, якія выходзілі замуж упершыню, мелі права надзяваць вянкі з бутонамі мандарынавага дрэва. А калі гэта здаралася другі раз, упрыгожваліся ландышамі, стакроткамі. І кожны без слоў ужо ведаў біяграфію нявесты.

Існавала цэлая навука зносін з дапамогай аксесуараў. Калі маладая жанчына хацела выказаць сваю сімпатыю мужчыну, але ёй перашкаджала яе асяроддзе, яна вышывала на сумачцы імя любага, зашыфраванае ў выглядзе кветак з падыходзячымі першымі літарамі ў назвах. Самыя сарамлівыя выкарыстоўвалі лацінскія або назвы на іншай мове. Таму букеты на сумачках часам здаваліся староннім людзям дзіўнымі — ружа, а побач дзьмухавец.

Веер наогул быў вялікім здабыткам для жанчыны. З яго дапамогай можна было сказаць усё, не кажучы нічога. Дама магла прыкрыць твар і паказаць вачамі, што фліртуе. Магла рэзка скласці аксесуар і ўдарыць сябе па руцэ — паказаць, што злуецца. Калі хацела прызначыць спатканне, але побач былі людзі, яна адкрывала, напрыклад, тры станка (маўляў, у тры гадзіны), а потым закрывала веер і паказвала, у якім баку павінна адбыцца сустрэча.

У 1890 годзе ўвайшла мода на пер'е птушак, імі ўпрыгожвалі капелюшы, сукенкі, сумачкі. Было знішчана шмат страусаў, райскіх птушак, папугаяў. Дамы меншага дастатку абмяжоўваліся пер'ем крумкача або голуба. На выставе цэлая вітрына гэтых упрыгажэнняў. Як і капелюшоў, якія, дарэчы, дазваляецца памераць. У Магілёве такая магчымасць застаецца да 1 мая.

Дарэчы, у сталічных музеях няма магчымасці ўбачыць такога разнастайнага выбару дамскіх туалетаў і мілых дробязяў. Музей гісторыі моды Марыны Івановай адзіны ва Украіне мае такую багатую калекцыю.

Каментар у тэму

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка:

— Адкрываючы музеі, мы часам мы не ведаем, чым іх запоўніць. Дзяржпраграма «Культура Беларусі» да 2015 года прадугледжвала закупку прадметаў мастацтва і культуры. За апошнія гады нам пашчасціла закупіць больш за 32 тысячы экспанатаў. Для параўнання: сёння нашы музейныя фонды налічваюць больш як 300 тысяч адзінак. Іншымі словамі, мы закупілі кожны дзясяты прадмет мастацтва. Гэта прываблівае гледача і перадае больш дакладна гісторыю нашага рэгіёна. Мы ідзём таксама па шляху аднаўлення страчаных каштоўнасцяў. У гэтым плане знакавым было набыццё ў Акадэміі навук Беларусі галаграфічных відарысаў. Некалькі гадоў таму мы адкрылі пакой у мастацкім музеі імя Масленікава, дзе выстаўлена галаграма крыжа Еўфрасінні Полацкай. Набыты галаграмы і іншых каштоўнасцяў, якія зніклі з будынка гэтага музея падчас вайны. Сёлета яны таксама будуць выстаўлены.

У чым мы пакуль недапрацоўваем, дык гэта ў актыўным прыцягванні прыватных калекцый — шляху, па якім ідуць заходнія музеі. У Год культуры гэтаму трэба надаць больш увагі. Зразумела, што гэта дарога не з аднабаковым рухам: хочацца, каб больш актыўнымі былі і тыя людзі, якія маюць тыя ці іншыя калекцыі. Як прыклад — добрая выстаўка калекцыі жаночага касцюма эпохі мадэрну ў краязнаўчым музеі. Але збіральніца яе жыве ва Украіне. Хочацца, каб і беларускія калекцыянеры не заставаліся ўбаку.

Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Настрой у стылі мадэрн

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.