Вы тут

Хумус для гультаёў


Два гады таму з'явілася першая беларуская кулінарная youtube-праграма «Тарка», у якой даўнія сябры Каця РОЎБА і Максім МЯСТОЎСКІ вучаць гатаваць простыя і смачныя стравы. Пры гэтым у «кухараў» няма адпаведнай адукацыі: Максім — дызайнер, а для Каці праект ператварыўся ў працу, дзяўчына займаецца кейтэрынгам (аказанне паслуг па гатаванні, дастаўцы страў: сервіроўка стала, абслугоўванне гасцей на мерапрыемстве). У вольны час сябры здымаюць простыя відэа — як зрабіць тапасы, хумус, бананавы хлеб альбо гарбузовы суп. За два гады выпушчана 13 серый шоу, у праекта з'явіўся свой блог. Часам стравы «Таркі» можна пакаштаваць у рэальным жыцці — на розных імпрэзах і мерапрыемствах. Што натхняе аматараў кулінарыі рабіць шоу, мы даведаліся падчас гутаркі з Кацяй Роўбай.


— Як з'явілася ідэя здымаць «Тарка-шоу»?

— Ініцыятарам быў Максім. Аднойчы ён прызнаўся, што яго мама гатуе неверагодна смачныя бульбяныя аладкі і будзе сумна, калі рэцэпт прападзе. Мы вырашылі зняць перадачу на наступны дзень. Я тады вярнулася з вучобы і прывезла рэцэпт, прыдуманы мной «з галадухі»: паста з маскарпонэ, таматамі, авакада і рукалай. Яна атрымалася выпадкова: я ўзяла ўсё, што ўбачыла ў халадзільніку. Максім схадзіў на майстар-клас па прыгатаванні розных страў, сярод якіх быў італьянскі соус песта. Пасту і песта мы прыгатавалі ў першым выпуску. Перадача атрымалася доўгай — каля 40 хвілін, наступныя мы сталі рабіць карацейшымі, па 5-6 хвілін. Пасля Максім манціраваў ролік. Выпускі робім, калі знаходзім вольны час. Дарэчы, гатавалі мы на кухні ў сяброў: там жа частавалі і слухалі водгукі — што выйшла добра, а што — не.

— Вы ставілі перад сабой нейкую мэту? Чаму мусіць навучыць «Тарка»?

— Для нас гэта хобі, справа, якая нам падабаецца. Я не ведаю, хто яшчэ ў Мінску робіць нешта накшталт нашага праекта не дзеля заробку. У відэа мы распавядаем пра тонкасці прыгатавання стравы, якія значна паляпшаюць і спрашчаюць працэс гатавання. Мяне і дагэтуль закідваюць пытаннямі па першым выпуску: няўжо, калі са старога часнаку прыняць сарцавіну, ён не будзе моцна пахнуць? Альбо — як хутка пачысціць авакада?

— «Тарку» запрашаюць гатаваць на розных мерапрыемствах?

— Летась мы актыўна гатавалі на выездах, цяпер такіх прапаноў практычна няма. Калі запросяць, мы, вядома ж, пагодзімся. Але ў Мінску прадукты дарагія, цяжка гатаваць бюджэтныя стравы.

— Я заўважыла, што вашы стравы зазвычай гатуюцца з простых і даступных прадуктаў, для тых жа французскіх тостаў патрэбны батон і яйкі.

— Так, мы выбіраем простыя і кароткія рэцэпты. Напэўна, самай складанай стравай стала піца: гэты выпуск мы пераздымалі пяць разоў і выпеклі дваццаць (!) піц для таго, каб знайсці рэцэпт цеста, які б нас задаволіў. Пошукі працягваюцца.

Аднойчы я знайшла рэцэпт бананавага хлеба, але Максім адразу ўспрыняў яго ў штыкі — маўляў, што гэта за лухта? У выніку яму самому спадабалася. Ёсць шмат вельмі простых, але малавядомых у Беларусі страў. З апошняга магу назваць таматны суп з пастай орза, пра які ведае любы аматар італьянскай кухні. Па сутнасці, гэта таматны суп з макаронай незвычайнай формы.

— Мяне калісьці вельмі натхніла кулінарнае шоу Джэймі Олівера. Хто натхняе вас?

— Джэймі Олівер сапраўды добра і якасна гатуе. Калі ты сам пачынаеш рабіць перадачу, то разумееш, што над ёй працуе шмат чалавек. Але я шукаю натхненне збольшага ў інстаграмах і блогах вядомых кухараў.

— Дзе знаходзіце рэцэпты — прывозіце з вандровак, падглядваеце ў фільмах (у блогу «Таркі» быў размешчаны рэцэпт пірага са стужкі «Твін Пікс»)?

— Мне падаецца, у эпоху інтэрнэту неабавязкова кудысьці ехаць, калі рэцэпт можна адшукаць у сеціве. Насамрэч, я аматарка фастфуду, у еўрапейскіх гарадах ён смачны і недарагі. Так, сёлета ў Берліне я харчавалася практычна адным фастфудам.

— Будзеце рабіць выпускі, прысвечаныя беларускай кухні?

— У Максіма была такая задумка, але спярша трэба знайсці сапраўды цікавую страву. Я не хачу рабіць выпуск пра дранікі: у кожнага свой рэцэпт. Па сутнасці, латкесы, яўрэйскія бульбяныя аладкі, якія мы гатавалі — тыя ж дранікі.

— Дранік можа стаць нацыянальным фастфудам?

— Так, але для гэтага яго яшчэ трэба чымсьці дапоўніць, напрыклад зрабіць цікавы соус. Можна ўзяць дранік, вяршковы сыр і накласці чагосьці зверху. Трэба ўключыць фантазію, але я не хачу рабіць культу з драніка.

— Джэймі Олівер у свой час змяніў сістэму школьнага харчавання ў Брытаніі. У вас ёсць ідэі нешта змяніць у беларускім грамадскім харчаванні?

— Мне здаецца, кожнае новае месца — кавярня альбо рэстаран, якія адчыняюцца ў Мінску, — ужо нешта мяняюць. Вельмі важна, каб людзі гатавалі самі для сябе. Пачынаць трэба ў першую чаргу з нас саміх: для гэтага дастаткова прыгатаваць свайму дзіцяці ў школу кантэйнер смачнай і здаровай ежы.

— Ты гатуеш дома?

— Так, але гэта не значыць, што я гатую ўвесь час. Толькі калі ёсць натхненне.

Як прыгатаваць смачную і недарагую пасту «Пэдра», глядзіце ў шоу «Тарка» і на сайце «Звязды».


Рэцэпты ад «Таркі»

Зялёны хумус для гультаёў

Для стравы спатрэбіцца: нут (турэцкі гарох) — паўшклянкі, аліўкавы алей — 125 мл, вада — 50 мл, базілік — 25 грамаў, пятрушка — 25 грамаў, мята (без сцябла) — 10 лісточкаў, часнок — 1 галоўка, соль і сумесь перцаў.

Замочваем нут на ноч, дадаўшы ў ваду лыжку соды (гарох павялічыцца ў памеры). Адварваем яго на працягу 30-40 хвілін. Перакладваем у чашу блэндара, дабаўляем алей, ваду, зяленіва і часнок. Перамешваем да аднароднай масы. Можам намазваць на хлеб, галету, печыва.

Бананавы хлеб

Інгрэдыенты: тры вялікія спелыя бананы, 10 сталовых лыжак — аліўкавага алею, 3/4 шклянкі (150 грамаў) карычневага цукру, 100 грамаў пшанічнай мукі вышэйшага гатунку, 1,5 чайнай лыжкі разрыхляльніка, палова чайнай лыжкі солі, 1 яйка.

Разаграваем духоўку да 180 градусаў. Здрабняем бананы відэльцам, дабаўляем цукар, аліўкавы алей, яйка. Перамешваем. Соль, муку, разрыхляльнік змешваем і дадаем у бананавую сумесь, перамешваем да аднароднай масы. Выкладваем цеста ў форму і выпякаем 40-50 хвілін да з'яўлення шчыльнай скарынкі. Гатовы хлеб пакідаем на 20 хвілін астываць — у гэты час хлеб працягвае гатавацца.

radziuk@zviazda.by

Фота з архіва Каці РОЎБЫ

Загаловак у газеце: Гатаваць смачна — проста

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».