Вы тут

Жураўлі на фермерскім полі


У фермера Уладзіміра Жабёнка зямельныя надзелы знаходзяцца паміж балотамі, у якіх кожны год селяцца шэрыя жоравы. З ранняй вясны і да восені птушкі агалошваюць наваколле сваімі “спевамі”. Праца фермера праходзіць пад сапраўдны жураўліны акампанемент. Асабліва падчас вяртання птушак з выраю, калі яны такуюць, выбіраюць тэрыторыю для гнездавання, падаюць знакі трывогі – і цішыня абуджаецца ад пранізлівых, як сірэна, гукаў.

Звычайна на прамёрзлым балоце птушкам не хапае корму. І тады яны, знясіленыя далёкай дарогай, галодныя, спяшаюцца на суседняе поле, бо там можна пажывіцца леташнімі зярняткамі і перапрэўшымі кукурузнымі пачаткамі. Гэтых статных птушак можна ўбачыць каля хутарскіх пабудоў. За магчымасць наталіць голад палахлівыя птушкі губляюць свой страх і, ўбачыўшы постаць чалавека, не імкнуцца адлятаць. Іх надта не турбуе і шум трактарнага рухавіка. Да восеньскіх халадоў птушкі і чалавек будуць існаваць побач, не перашкажаючы адно аднаму, а тое і дапамагаючы: фермер будзе частаваць птушак зернем і адначасова цешыць вока іх прыгажосцю, грацыёзнасцю і дасканаласцю.

У вясновы час Уладзімір Жабёнак заняты падрыхтоўкай цяпліц пад расаду, арэ глебу пад будучы ўраджай. Яго сялянска-фермерская гаспадарка так і называецца “Сядзіба аратага”. Больш за дзясятак гадоў ён займаецца вырошчваннем капусты, памідораў, морквы, буракоў, сее збожжавыя і кукурузу. “Вясновы дзень год корміць”, – так кажа народная мудрасць, ёй кіруецца і Уладзімір, спяшаючыся зрабіць за дзень як мага болей спраў. За сваімі паўсядзённымі клопатамі гаспадар не мае часу доўга назіраць за гасцямі з далёкага выраю. Але вырашыў даць такую магчымасць іншым.

– Гэтая ідэя даўно не давала мне спакою – марыў пабудаваць спецыяльныя ўкрыцці, з якіх можна назіраць птушак з даволі блізкай адлегласці, – дзеліцца фермер. – Маю ідэю падтрымалі арнітолагі, фотапаляўнічыя, яны давалі слушныя парады.

Асабліва загарэўся марай, калі пабываў у Фінляндыі, вывучаў там работу экасядзібаў. Убачанае яго натхніла. А галоўнае, фермер зразумеў, што і ў Беларусі можна стварыць выдатны экацэнтр, не горшы чым у замежных калег. “Сядзіба аратага” знаходзіцца на мяжы Браслаўскага і Мёрскага раёнаў побач з Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры”, па суседстве з гідралагічным заказнікам рэспубліканскага значэння “Балота Мох”. Акрамя жураўлёў, гэтыя мясціны насяляюць драпежныя птушкі: падворлікі, скопы, сокалы-каршачкі і арланы-белахвосты. Наведваюцца на хутар і лясныя жыхары: ласі, казулі, лісы і ваўкі. Побач з хатай у сажалцы жыве бабрыная сям’я.

Тры гады таму на краі поля Уладзімір сканструяваў некалькі невялікіх домікаў, выразаў у іх акенцы, накрыў чаротам. Стаў рэгулярна высыпаць збажыну. Прыкмячаў па птушыных слядах – на корм прыходзяць жоравы. Напачатку лета, калі вывеліся жураўляты і падняліся на ногі, сям’я прыходзіла ў поўным складзе. Фермер запрасіў знаёмых фатографаў на першую “фотасесію”. І вынік не прымусіў сябе-чакаць. Найлепшыя здымкі фермерскіх жораваў неўзабаве з’явіліся ў інтэрнэце, выклікалі цікавасць у аматараў прыроды.

Цяпер гаспадар хутара ўдасканальвае свае планы, хоча прымаць цэлыя групы экатурыстаў, знаёміць іх з біяразнастайнасцю гэтай мясцовасці і, асабліва, даць магчымасць інвалідам далучыцца да некранутай прыроды. Ідэя вартая ўвагі, ёй трэба даць магчымасць ажыццявіцца. Таму Уладзімір Жабёнак шукае спонсараў, якія яму могуць дапамагчы – без падтрымкі справа няхутка зрушыцца з месца.

Напачатку вясны, па запрашэнні гаспадара, я правёў некалькі дзён на ціхім хутары. Уладзімір павёў мяне на замёрзлае балота, паказаў невялікае ўкрыцце. Да мяне тут пабывалі некалькі чалавек з фотаапаратамі, выпрабоўвалі сваё фотапаляўнічае шчасце. Плён іхняга чакання – прыгожыя здымкі. Я нырнуў у цёмнае нутро схованкі, ціха прымасціўся каля акенца, настроіўся на доўгае чаканне. Перад маімі вачыма раскрываліся маляўнічыя карціны – вось-вось пачнецца абуджэнне прыроды.

А жоравы не прымусілі сябе доўга чакаць, селі насупраць маёй схованкі, як след пазіравалі, наводзілі марафет на сваіх адзежках, раз-пораз гучна крычалі ў свае жорававы трубы. Ім тут жа адгукаліся неба і далёкі лес.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».